Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе, узнагароды, што заваявалі беларускія весляры на чэмпіянаце Еўропы, і пра сапернікаў нашых спартсменаў на чэмпіянатах свету па гандболе.


1. Дзесяць узнагарод заваявалі беларусы на чэмпіянаце Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ, які завяршыўся ў Маскве. Залатыя медалі на рахунку Надзеі Макарчанкі і Алены Ноздрывай (500 м у каноэ-двойцы), а таксама Глеба Саладухі і Аляксандра Валчэцкага (200 м у каноэ-двойцы). Званне чэмпіёнкі Еўропы ў байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 5000 м пацвердзіла Марына Літвінчук, якая абараніла тытул найлепшай у гэтым відзе — 22 хв. 23,450 сек.

Сярэбраныя ўзнагароды заваявала жаночая байдарка-чацвёрка на дыстанцыі 500 м у складзе Маргарыты Махневай, Вольгі Худзенкі, Надзеі Ляпешкі і Марыны Літвінчук. Таксама на другую прыступку п'едэстала ў Маскве падняліся канаісты Андрэй і Аляксандр Багдановічы на дыстанцыі 1000 м.

У актыве беларускіх весляроў таксама пяць бронзавых медалёў. У мужчынскай байдарцы-двойцы на 500 м Віталь Бялько і Раман Петрушэнка, у жаночай байдарцы-двойцы на 500 м Надзея Ляпешка і Марына Літвінчук занялі трэцяе месца. Марына Літвінчук у пары з Маргарытай Махневай сталі бронзавымі прызёркамі на дыстанцыі 200 м. У спаборніцтвах канаістаў у вырашальных заездах лодак-адзіночак на 200 м Арцём Козыр прынёс яшчэ адну бронзу зборнай Беларусі. У заключным відзе праграмы турніру Алег Юрэня паказаў трэці вынік у самай працяглай гонцы на 5000 м.

У агульнакамандным заліку зборная Беларусі заняла чацвёртае месца. Першынствавалі весляры з Венгрыі, на рахунку якіх 14 узнагарод, у тым ліку пяць залатых.

2. Завяршыліся ўсе матчы 14-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Барысаўскі БАТЭ ўзяў дзясятую перамогу ў сёлетнім першынстве і адарваўся ад найбліжэйшых пераследнікаў на 7 ачкоў. На сваім полі барысаўчане перайгралі «Віцебск» — 1:0. Мінскае «Дынама» прайграла ў Маладзечне футбалістам «Іслачы» (1:3) і страціла месца ў тройцы лідараў. Сталічныя «Крумкачы» абыгралі ў Брэсце мясцовае «Дынама» — 2:1, салігорскі «Шахцёр» згуляў унічыю ў гасцях з мазырскай «Славіяй» — 1:1. Не змаглі выявіць пераможцу футбольныя клубы «Мінск» і «Граніт» — 0:0, а таксама «Нёман» і «Слуцк» — 0:0. «Белшына» была мацнейшай за «Нафтан» — 1:0, а «Тарпеда-БелАЗ» прайграў «Гарадзеі» — 1:3.

3. На мінулым тыдні з'явілася несуцяшальная навіна для беларускіх заўзятараў. З-за траўмы калена Вікторыя Азаранка не выступіць на прэстыжным Уімблдонскім турніры, а ўжо на старце гэтага тыдня ў замежных СМІ з'явілася інфармацыя, што гэтая траўма можа перашкодзіць Вікторыі выступіць на Алімпійскіх гульнях у Бразіліі.

4. У Парыжы прайшло лёсаванне папярэдняга этапу фінальнай стадыі мужчынскага чэмпіянату свету па гандболе. Зборная Беларусі трапіла ў папярэднюю групу С, дзе яе сапернікамі будуць гандбалісты Саудаўскай Аравіі, Германіі, Харватыі, Венгрыі і Чылі. Нагадаем, пасля матчаў групавога раўнда ў 1/8 фіналу выйдуць па 4 лепшыя каманды. 25-ы па ліку мужчынскі планетарны гандбольны форум пройдзе ў студзені 2017 года ў Францыі.

Тым часам у Вене адбылося лёсаванне адборачных груп жаночага чэмпіянату свету па гандболе. Наша зборная трапіла ў 2-ю кваліфікацыйную групу, дзе будуць сапернічаць таксама каманды Швейцарыі, Турцыі і Косава. Дакладныя даты адборачных сустрэч будуць вызначаны пазней. Каб выйсці ў плэй-оф еўрапейскага адбору на сусветнае першынство, беларускам трэба заняць адно з двух першых месцаў.

Загаловак у газеце: БАТЭ ідзе ў адрыў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.