Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем пра папаўненне ў сям'і самай тытулаванай біятланісткі краіны, вынік другога паядынку БГК імя Мяшкова ў Лізе чэмпіёнаў і пераможнай серыі мінскіх хакеістаў у Кантынентальнай хакейнай лізе.


1. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава стала мамай. Біятланістка нарадзіла дачку, вага дзяўчынкі — 3650 г.

— Мы сталі бацькамі маленькай дзяўчынкі. Яна нарадзілася ў 10.20 раніцы па мясцовым часе (у суботу). Усё прайшло добра. Мы абодва гордыя бацькі, — заявіў бацька дзіцяці, біятланіст Уле-Эйнар Б'ёрндален нарвежскаму выданню VG sporten.

Нараджала Дар'я Домрачава ў радзільным доме 6-й клінічнай бальніцы Мінска. Са з'яўленнем на свет дачкі яе павіншаваў Аляксандр Лукашэнка.

Нагадаем пра тое, што Дар'я Домрачава і Уле-Эйнар Б'ёрндален чакаюць дзіця, стала вядома ў красавіку. Да апошняга часу было сакрэтам, якога полу будзе дзіця. Ці вызначыліся бацькі з імем для дачкі, пакуль таксама не паведамляецца.


2. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ўступіў македонскаму «Вардару» ў выязным паядынку другога тура Лігі чэмпіёнаў.

Як і ў першым матчы з польскім «Віве», у стартавай палове сустрэчы брастаўчане мелі перавагу, але на перапынак каманды пайшлі ўжо з роўным лікам на табло — 13:13, а другі тайм наогул склаўся цалкам па процілеглым сцэнарыі. «Вардар» літаральна за пяць хвілін забяспечыў сабе ўпэўненую перавагу ў некалькі ачкоў і ўтрымаў яе да фінальнага свістка — 31:27.

Пасля двух тураў лідарства ў групе В у Лізе чэмпіёнаў захапілі «Вардар» і польскі «Віве». Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова пакуль ачкоў не набраў. Наступны матч у турніры БГК правядзе на дамашняй арэне з чэмпіёнам Германіі «Райн Левен».


3. Хакеісты мінскага «Дынама» атрымалі пятую перамогу запар у чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. «Зубры» адолелі сапернікаў з ніжнякамскага «Нафтахіміка» з лікам 4:2 і ўстанавілі клубны рэкорд па колькасці матчаў без паражэнняў на выездзе.

Нагадаем, раней падапечныя Крэйга Вудкрафта атрымалі перамогі дома над «Сібір'ю» (5:4), у гасцях над маскоўскім «Дынама» (3:0), казанскім «Ак Барсам» (5:3), тальяцінскай «Ладай» (3:2).

Сёння мінскія хакеісты згуляюць на сваёй пляцоўцы з «Лакаматывам».


4. Завяршыліся ўсе матчы 24-га тура элітнага дывізіёна чэмпіянату краіны па футболе. «Крумкачы» з буйным лікам уступілі «Слуцку» — 0:3, гродзенскі «Нёман» атрымаў перамогу над «Славіяй» з Мазыра — 3:1. «Белшына» саступіла «Тарпеда-БелАЗ» — 1:3, такі ж лік быў зафіксаваны і ў матчы «Граніта» і «Нафтана», футбалісты з Наваполацка былі мацнейшыя. «Мінск» на сваім полі атрымаў перамогу над «Гарадзеяй» — 3:1, «Віцебск» саступіў мінскаму «Дынама» — 0:2. БАТЭ дома з буйным лікам перайграў «Іслач» — 4:1. «Дынама-Брэст» мінімальна саступіў салігорскаму «Шахцёру» — 1:2.

Такім чынам, БАТЭ працягвае ўпэўнена лідзіраваць у чэмпіянаце, салігорскі «Шахцёр» утрымлівае другі радок, трэцім ідзе мінскае «Дынама». У зоне вылету застаюцца «Нафтан» і «Белшына».

Да­р'я Ла­ба­жэ­віч

Загаловак у газеце: Чэмпіёнка стала мамай

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.