Вы тут

Вясёлыя байкі з народнага жыцця


Б'е — значыць, любіць! Толькі так?

Як той казаў — не з нас пачалося, не намі скончыцца. Гэта я пра рэўнасць і яе наступствы — калі мужчына б'е твар свайму саперніку, калі жанчына — хвошча вокны саперніцы. Але ж гэта, што называецца, класічны сцэнарый. А бываюць іншыя.

У нас гадоў 50 таму аднаго мужчынку прызначылі вартаўніком лугу. Па тым часе пасада гэта была вельмі адказнай: таму, хто яе займаў, нават стрэльбу выдавалі. І, мусіць жа, добра плацілі, бо тога самага Сашку, апроч работы, нічога не цікавіла: і днём і ноччу на лузе прападаў, сцежкі адмысловыя вытаптаў — імя сябе... Жонка ягоная, Ніна, бывала, просіцца: «Саша, ты б дома нешта зрабіў... Саша, можа, мы разам некуды схадзілі б, можа, пасядзелі б з людзьмі?» (любіла яна розныя кампаніі і потым песні папець)... Мужык яе — ні за што! Атрымліваецца, быццам ёсць ён у Ніны, і адначасова няма яго (хіба што дзеці на свет з'яўляюцца).

Стамілася жонка ваяваць, плюнула, вырашыла: ідзе ён у луг — і няхай сабе ідзе: з лёгкім ветрам яму. А яна, як нейкае свята, запрашае дамоў кампанію — і вып'юць яны, і паспяваюць, і пасмяюцца, і, сучаснай мовай кажучы, патусяць, бо блізкія ж людзі: сама гаспадыня, матуля яе (Сашава, значыць, цешча), сусед з суседкай, баяніст прышлы (казалі, дарэчы, што прыходзіў ён не толькі пайграць...). Усё пуцём, карацей.

Дык вось. На календары — нейкае чарговае свята, але ж Сашка па сцежцы, як звычайна, паплёўся ў луг. Нінка, адпаведна, нечага насмажыла-напарыла і клікнула гасцей. Ідзе ў хаце гульба! Дым каромыслам!

І трэба ж было здарыцца: забыўся Сашка свой падвячорак: луг абышоў, есці захацеў, а «тармазка» няма. Ён хуткім крокам дадому... Баян і песні яшчэ здалёку пачуў. У двор зайшоў. А далей, як у вядомай песні: «За столом с рыбаком уж гуляет купец / А в окошко глядит удалой молодец...»

Вось і не стрываў ён, той маладзец, — зноў жа, як у песні, «загорелась душа»: разнасцежыў дзверы...

Кампанія знямела — такі ў яго выраз твару быў. А тут жа яшчэ і «дубальтоўка», тут жа — грознае (у бок музы́кі):

— Налівай! Усім! Па апошняй!

Прыйшлося наліць хоць рука і дрыжэла)... І выпіць... Нідзе ж не дзенешся.

— А зараз ты і ты (Сашка дулам паказаў на жонку і цешчу) — на выхад і пад дуб (непадалёк ад хаты дрэва ўзвышалася).

Бабы хацелі былі запярэчыць — ён тут жа клацнуў затворам:

— Шнэль! — загадаў па-нямецку.

Спрацавала: жанчыны пайшлі, сталі пад дуб і ўголас. А Сашка — стрэльбу падняў і ба-бах — з абодвух ствалоў!

Пачуўшы гэта, «кампанія», што называецца, з хаты — праз закрытыя дзверы. А Сашка, наадварот, дамоў. Усеўся там за святочным сталом, наліў сабе ў шклянку «белай» (прынесенай, дарэчы, тым самым баяністам), закусіў як належыць: «кракаўскай» каўбаскай, селядцом, Нінчынымі наліснікамі з тварагом у масле (факт, што кайстрачка з салам і варанымі яйкамі стала непатрэбнай), і падаўся ў луг на службу...

А ўжо адтуль яго сустракалі як самага найлепшага госця: цешча новы ручнік падала рукі выцерці, жонка чарачку паднесла і пакарміла — не толькі бульбай... Бо пераканалася, што раўнуе ён яе, дык, значыцца ж, любіць!..

Праўда, і Сашка пасля таго выпадку шмат што зразумеў. Разам з жонкай калі-нікалі стаў выходзіць у людзі (не так гэта і дрэнна, як аказалася...): шмат песень яго Ніна ведае і спявае вельмі прыгожа. Ну дык тады няхай і людзі слухаюць.

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён


Цудадзейны сродак!

— І хто гэта выдумаў, што ў прыроды дрэннага надвор'я няма? — выходзячы з хаты, бурчэў Лаўрэн. — Паглядзі, Настуля — студзень на дварэ, а ні табе снягоў, ні маразоў! Хіба ж гэта здорава?

— Не, але ж ты з Богам не паспрачаешся... На вось лепей шалік на шыю закруці, — суцішвала старога жонка, — а то змерзнеш ды захварэеш яшчэ.

— Хто? Я? Ды ніколі, — пагладзіўшы грудзі па старой цяльняшцы, адмахнуўся Лаўрэн, — марская душа хвароб не баіцца!

І — галоўнае — каб хто яго за язык цягнуў, а то ж не: сам ляпнуў, сам жа, трэба разумець, і наклікаў на сябе хваробу: ужо пад вечар галава была, што бязмен, горла балела, а да ўсяго яшчэ і кашаль пачаўся.

— Во неслух! Такі ж прастудзіўся? — вохкала ля Лаўрэна жонка. — Зараз буду лячыць.

У гаршчэчку яна запарыла нейкіх зёлак, зрабіла гарачы напой, дала старому выпіць — з ліпавым мёдам. Дзеду палягчэла крыху, але ж ненадоўга.

— Заўтра да доктара пойдзеш, — паабяцала гаспадыня. — А сёння давай яшчэ адзін сродак паспрабуем.

З-пад прыпечка яна выцягнула ладны чыгунок, насыпала туды неабабранай бульбы, засунула ў печ.

— Навошта столькі? — здзівіўся Лаўрэн.

— Трэба...

Калі бульба зварылася, Настуля паставіла яе перад мужам на крэсла, прымусіла яго нахіліцца, зверху накрыла шчыльнай посцілкай і загадала:

— Дыхай! Лячыся... А я пайду па гаспадарцы ўпраўлюся.

З паўгадзіны недзе тупала, у хаце не была, а вярнулася і ўбачыла, што муж — ні з месца: як сядзеў, так і сядзіць — пад посцілкай.

— Ды ўжо хопіць, — сказала гаспадыня, стала здымаць яе са старога і войкнула:

— А куды ж гэта бульба дзелася?!

— Дык з'еў, — разгублена прамовіў Лаўрэн.

— Навошта?!

— А што — не трэба было?!.. Тады якога ражна пад нос мне паставіла?!

— Я ж сказала — каб дыхаў!

— Во, няправільна зрабіў? — разгубіўся дзед. — І што зараз будзе?

— Паглядзім.

...Паглядзець, і сапраўды, было на што! Палягчэла галава ў Лаўрэна, паздаравела горла, дзе дзеўся той кашаль і насмарк?

Адно слова, бульба — чалавеку тутэйшаму яна пашкодзіць не можа!

Галіна Гузянкова,

г. Гомель


Далікатнае мыццё

У час палітычнай нестабільнасці ды розных там катаклізмаў багата размоў пра мігрантаў і бежанцаў. Дзе яны толькі не з'яўляюцца, нават, бывае, у... нас. Не так даўно, напрыклад, прыехала новая сям'я. Людзі як людзі — нічога асаблівага — гаваркія, прыязныя. Вось толькі не зусім прыстасаваныя, мякка кажучы, да мясцовага жыцця: давялося нешта падказваць ім, тлумачыць, дапамагаць. І, можа, усё ў нас да блізкай дружбы дайшло б, калі б...

Дажджоў у тое лета прайшло няшмат і грыбоў, адпаведна, было небагата, але ж у адзін з прыгожых восеньскіх дзён узяў я Міколу ў бліжэйшы хвойнік. Перш-наперш, правёў лікбез: расказаў і паказаў чалавеку, якія грыбы браць нельга, а якія трэба. Ён, як падалося, усё зразумеў. Мы ад душы пахадзілі па лесе і, на здзіўленне, абодва назбіралі па добрым кашы розных там радовак, зялёнак, падзялёнак, васілёў...

Факт, што назад вярталіся цалкам шчаслівыя, хоць дома нас чакаў яшчэ немаленькі клопат, каб давесці грыбы да ладу — перабраць, зварыць...

Мне, як чалавеку больш спрактыкаванаму, удалося гэта хутчэй, чым прыезджаму і, калі ні з чым не параўнальны пах тых грыбкоў (ды з бульбачкай!) «выплыў» за межы дома, калі патэльня з гэтай смакатой паўстала на сярэдзіне стала, а збоку ад яе забялела бутэлечка, я запрасіў Міколу ў госці — на дэгустацыю.

Як і варта было чакаць, той адмаўляцца не стаў.

Сядзім мы, значыць, за сталом, выпіваем памаленьку, гамонім, закусваем дарамі прыроды. Госць пры гэтым нахвальвае іх самымі рознымі словамі! Кажа:

— Дык так жа і язык можна праглынуць!.. Смаката.

— Я адзін бы такую патэльню з'еў... І як гэта ў цябе атрымалася?

— А ў цябе, — пытаюся, — хіба іначай?

— Ну, — прызнаецца Мікола, — хоць я і стараўся. Пачысціў грыбы, памыў, адварыў, а на зуб як паклаў, — скрыпяць, халера на іх! Пясок застаўся... Не тое што ў цябе.... Можа, ты сакрэт які ведаеш?

— Не, ніякіх сакрэтаў, — адказваю.

І тут быццам нейкі нячысцік з пустой бутэлькі выскаквае і цягне мяне за язык: пажартуй, маўляў, з бедалагі... Вось я ў яго і пытаюся:

— А як ты свае грыбы прамываў — канкрэтна?

— Ды ўсё як ты раіў: і ў выварцы, і пад струменьчыкам вады з-пад крана... Спачатку сырыя, а потым і гатаваныя. Не так неяк трэба было?

— Так-то яно так, — у задуменні пагадзіўся я, — але... Слухай, у цябе машына пральная ёсць?

— Ёсць.

— Дык ты б загрузіў свае грыбкі ў цэнтрыфугу, паставіў на рэжым далікатнага прання, і тады — гарантую — ні пясчынкі б нідзе не засталося!

...Ну хіба ж мог я падумаць, кажучы гэтак, што дарослы, хай і п'янаваты дзядзька прыме мае словы за чыстую манету, што ён і сапраўды, вярнуўшыся дамоў, загрузіць свае грыбы ў машыну і тым самым выведзе яе са строю?.. Потым — пасварыцца з жонкай, а нарэшце яшчэ і са мной...

Праўду людзі кажуць, што ў дурнога (а п'яны разумным ніколі не бывае) і жарты такія ж.

А. П.,

г. Беразіно

Руб­ры­ку вя­дзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.