Вы тут

Людзей слухай, але і свой розум май


Нумар з ботам не прайшоў... Пакуль...

Некалі і нейкае вучылішча Стасік, казалі, скончыў, прафесію меў, але ж толкам нідзе не працаваў, бо яго не цанілі. І хутчэй за ўсё, мелі рацыю, бо — мамчын сынок, а калі папросту, дык гультай звычайны: справу, з якой нармальны мужчына справіцца за дваццаць хвілін, Стасік расцягвае на паўдня! А цэлы дзень — нават з ноччу — ён хіба тэлевізар мог глядзець... Прывык: мама яму дазваляла. Рана аўдавеўшы, яна працавала цялятніцай, добра зарабляла, разам з любімым сынком яны трымалі коз, парасят, курэй і нядрэнна жылі. (Стасік, трэба сказаць, таксама зарабляў, хоць і зрэдку — чысціў некаму коміны, рамантаваў платы, абкошваў межы ды падворкі…

Пасля смерці матулі на іх падворку жыўнасць неяк хутка звялася. Стасік перасварыўся з сёстрамі, якія ўсё ж прыязджалі, каб пасадзіць агарод, папалоць ды прыбрацца ў хаце... А заадно — «папілаваць»: шукай работу, гультай! Жаніся!

З першым яму і праўда пашчасціла — узялі начным дырэктарам (вартаўніком — з дзяжурствам суткі праз суткі). А вось з жаніцьбай... Гэта ўжо асобная гісторыя.

...У мястэчку, вёрст за восем ад Стасіка, жыла Галіна — жанчына энергічная, працавітая, рашучая. Гадоў колькі таму яна развялася з мужам і цяпер усім даводзіла, што калі яшчэ раз адважыцца на шлюб, то выключна з непітушчым! І — само сабой — нежанатым... У акрузе з такіх толькі Стасік і быў, бо сапраўды не выпіваў. Спачатку мама не дазваляла, а потым і сам…

У Галі ён, здаралася, працаваў: некалі навешваў новыя дверы ў склепе (два дні шчыраваў), рамантаваў цяпліцу (управіўся за чатыры)... Тады ж і на гаспадыню вока паклаў. «Не губляйся, дзяцюк, дзействуй, — падахвоціў Стаса Галін сусед дзед Міхал. — Выгарыць — як нагу ў цёплы бот уставіш!»

Ну хто б не хацеў — з гумовіка?!

І Стасік стараўся, «дзействаваў»: клікала не клікала — раз на тыдзень імчаў да Галі, каб нешта зрабіць, а ўрэшце — разам адзначыць жаночае свята.

...Тут неабходна заўважыць, што трэцяй адметнасцю (пасля цвярозасці і ляноты) у Стасіка была сквапнасць. «Гэта ж трэба падарунак!» — уголас падумаў ён. «Так-так, без падмазкі і блін не адстае, — згадзіўся з ім дзед Міхал. — Кветкі, сувенір, шампанскае — гэта як мінімум».

Кавалер мусіў пайсці па крамах.

Ад цэн у першай, у кветкавай, яго ледзь не разбіў інсульт!.. На шчасце, у куточку заўважыў тры чырвоныя гваздзікі, што схілілі галоўкі перад хуткім скананнем. Стасіка гэта не збянтэжыла: ён купіў.

У шапіку з сувенірамі да яго адразу ж «падкацілася» вопытная прадавачка і з першай спробы «ўпарыла» шчодра пакрытую пылам дэкаратыўную свечку з прылепленым збоку амурчыкам.

Шампанскае наш «залётнік» вырашыў не купляць — дома была бутэлька «Бульбаша». (Аб тым, што дарыць жанчынам гарэлку, — гэта маветон, па тэлевізары чамусьці не сказалі).

...Раніцай 8 Сакавіка ён, паголены і прыбраны, ужо садзіўся на ровар. Бутэлька была за пазухай, свечка — у пакеце на рулі, кветкі — у руцэ. І ўсё б нічога, але дарога — у лужынах, а яны — пакрыты лядком... Бразнуўся Стасік! Сам амаль не пабіўся. Бутэлька ацалела. Гваздзічок зламаўся. І ад свечкі адваліўся амурчык.

Як гэты, можна сказаць, пахавальны прэзент (у выглядзе дзвюх кветак, свечкі і пляшкі на памін) падзейнічаў на імпульсіўную жанчыну, здагадацца, мусіць, няцяжка?.. Ды і сведка быў: мясцовы п’янтос па мянушцы Паўтарачка. Ён міма якраз праходзіў і ажно прысеў, калі над галавой прасвістала злашчасная свечка, праляцелі гваздзікі і пад нагамі ў яго разбілася бутэлька саракаградуснай... Следам — з ботамі пад пахай — выскачыў Стасік.

...Патрэбна мараль? Ды калі ласка: дарагія мужчыны, не шкадуйце грошай на жанчын. Ну хоць бы раз у год — на 8 Сакавіка.

А. НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы


З прыбытку галава не баліць?

Пра людзей з нашага мястэчка некалі праўду казалі: «Шаўцы, краўцы — петрыкаўцы». Вельмі шмат было майстравых: адны болей кліентаў мелі, другія меней, у некага вадзілася капейка, у некага…

Грыша Карабейка (ён жа мясцовы Несцерка) быў з апошніх. І не таму, што няўмека ці Карабейчыха (жонка яго) няўдаліца — сям’я дужа вялікая: дзяцей — можа, з дзясятак? Каб пракарміцца, яны карову трымалі (што ўжо казаць пра свіней ды курэй), мелі каня, абраблялі зямлю... І моду завялі на кожнае вялікае свята дзяцей у госці адпраўляць: усіх — разам з бацькам.

Малюнак Анатоля ГАРМАЗЫ

Грыша на гэта з ахвотай згаджаўся, бо гасцяваць — яно ж не пні карчаваць, нават не боты шыць... Можна чарку выпіць, смачна пад’есці (палешукі да свят годна рыхтаваліся!), пагаманіць, парадавацца, што дзеці сытыя ды вясёлыя.

Але ж праўду кажуць, што чужая яечня не вечна: дзень-другі-трэці (ну пяты!) і нават родны цесць, пасадзіўшы гасцей за стол, прапануе выпіць «аглаблёвую» — чарку на дарожку, пасля якой дзеці — на вуліцу і ў сані ці на калёсы.

Вось і ў той раз нехта з малых туды сам залез, некага падсадзілі... Грыша ўзяў лейцы, конь, які добра ведаў дарогу, крануўся з месца — паехалі.

...Дома іх сустрэла гаспадыня: прывеціла малых, абняла-прытуліла, стала распытваць, як жа ім было ў гасцях, і тым часам прыкмячае нядобрае:

— Грыша, а ты колькі дзяцей прывёз? — пытае ў мужа.

— Як гэта колькі?! — пужаецца бацька (няўжо кагосьці згубіў ці забыўся?!). — Усіх, што на возе былі.

— Але ж тут — двое чужых.

— Дык з прыбытку галава не баліць! — весялее бацька. — Чужых дзяцей не бывае!

Гаворыць так сваёй Карабейчысе ды заўважае, што на двор да іх шыбуе заклапочаны вясковец (Грыша ці не кожную зіму жыў у яго сям’і — абутак правіў ды шыў... І цяпер во, па дарозе дамоў, таксама спыняўся).

— Браток, ці не звёз ты маіх хлапчукоў? — пытаецца госць. — Як скрозь зямлю праваліліся — нідзе няма!

— Ды ў нас яны, у хаце! — супакоіла чалавека Грышкава жонка.

А малыя ўжо і самі выскачылі насустрач, залапаталі, што хацелі толькі трохі на кані пад’ехаць — да канца вёскі, а ўзялі ды прыехалі ў Петрыкаў.

— Ну добра, яны малыя, дурныя, — стаў даводзіць Грышу іх бацька. — А ты ж — чалавек дарослы. Няўжо не адрозніў сваіх дзяцей ад маіх?

— Не, — паціснуў плячыма п’янаваты Грышка. — Ды ты сам паглядзі — усе на адзін капыл!

Госць з недаверам паглядзеў на ватагу дзяцей, на шаўца:

— Сволач ты, Грышка! — сказаў з дакорам, забраў хлапчукоў і рушыў з двара. Грышка хацеў запыніць яго, апраўдацца, але не паспеў, бо жонка яго (баба досыць раўнівая) ужо схапіла пугаўё:

— Дык што, —— малоцячы ім па спіне, перапытвала Грышу, — усе дзеці твае? Чужых не бывае?! Бабнік! Валацуга! Я ж табе па-
кажу!
Грыша, не першы год жанаты, ведаў, што трэба «глядзець», бо пад гарачую руку жонка нічога не пачуе... А таму, ратуючы галаву, пусціўся наўцёкі.

Пра тое, што ні ў чым не вінаваты — і ёй, і таму вяскоўцу — шматдзетны бацька збіраўся даводзіць заўтра.

Н. А. КАНДРАШОНАК

г. Петрыкаў


Людзей слухай, але і свой розум май

Апошнім часам у многія вясковыя дамы, у хаты падводзіцца газ, у многія — электрычнае ацяпленне, што, вядома, зручна: пахаладала на дварэ — кацёл уключыў і ніякіх турбот. А раней жа трэба было дроў: нарыхтаваць, прывезці…

Якраз у тыя гады некалькі мужчын-суседзяў надумалі зрабіць гэта разам: талакою пайсці ў лес, спілаваць дрэвы, якія пазначыў ляснік, парэзаць, сцягаць ды злажыць у штабелі, прыбраць ламачча. Работы шмат, але ж і рук нямала, прычым дужых, мужчынскіх, — у кампаніі толькі адзін падлетак. Ён, Антон, у горадзе гадаваўся — у вёску, да бабулі з дзедам, хіба на канікулы калі прыязджаў — стараўся дапамагчы. Вось і цяпер з ахвотай збіраўся на талаку, дзе на яго няшчасце — быў дзядзька Янка, якога, што называецца, хлебам не кармі — дай некага зачапіць, падмануць, разыграць…

На гэты раз ён таксама не вытрываў — сказаў Антону, што ў лес, апроч падмацунка ды сякеры, трэба лямпу паяльную ўзяць. На марозе, маўляў, дрэвы настываюць, іх, такія, пакуль спілуеш, сем патоў пральеш! А вось калі месцы спілаў папярэдне прагрэць, дрэва ледзь не само ўпадзе.

Лямпу ў дзядулі Антон выпрасіў (дзед, праўда, не сцяміў, навошта?), у лес у торбе прынёс. І ўжо там, на месцы, выбраў самую тоўстую сушку-сасну — падступіў да яе з паяльнай лямпай.

Мужчыны, заглушыўшы бензапілы, сталі на яго пазіраць ды пытацца, што ён робіць. «Ну як жа — усё па тэхналогіі, — з веданнем справы стаў тлумачыць Антон. — Дрэва спачатку трэба прагрэць і толькі потым...»

Ад рогату скалануўся лес! Здагадаўшыся, што смяюцца з яго, Антон разгублена глянуў на дзядзьку Янку, потым кінуў лямпу і подбегам рушыў прэч.

Дзеду потым пажаліўся: «Ну як жа так? Дзядзька ж сам сказаў мне пра лямпу!» — «Дык ён яшчэ і не тое табе раскажа, — папярэджваў унука дзед. — А ты, перш чым гэта зрабіць, і сваёй галавою падумай».

Патрэбны ўрок. Ці не так?

Нэлі ТУМАШ

Смаргонскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.