Вы тут

Што рабіць з лішкамі ўраджаю


Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці можа пахваліцца велізарнымі, некалі шчодра пладаноснымі яблыневымі садамі. Ды і цяпер здаецца, што на дрэве няма ніводнай галінкі, не занятай маленечкім яблыкам. У гэтым і ўся праблема: багаты ўраджай складаецца з агромністай колькасці не надта апетытнай дробязі, прыдатнай хіба што для закатак. Але ж не кожнай сям'і пад сілу справіцца з такім аб'ёмам варэнняў і кампотаў. Выйсце з'яўляецца само сабой: кожны дзень па вёсках раз'язджаюць прадстаўнікі мясцовага завода, што спецыялізуецца на перапрацоўцы садавіны, якія з радасцю гатовы прыняць не патрэбныя гаспадарам яблыкі. Мы высветлілі, што ўдасца набыць на атрыманыя грошы, куды яшчэ можна ўладкаваць лішкі ўраджаю і якім павінен быць сучасны сад.


Прыедуць гарантавана

На гадзінніку няма яшчэ і 8 гадзін раніцы, а ў вёсцы Малдавічы назіраецца нязвыклае ажыўленне. То з аднаго, то з другога дома на дарогу выходзіць «разведчык» і напружана ўглядаецца ўдалеч. У гэты час іншыя члены сям'і спешна рухаюцца па садзе: у апошні момант, які (па сакрэце) і з'яўляецца найбольш прадуктыўным, яны стараюцца назбіраць яшчэ хоць трохі. «Вось гэты мяшок запоўнім і ўсё. Ну добра, гэтае дрэва паабтрэсваем — і тады ўжо сапраўды ўсё». У выніку завяршаецца працэс зборкі, толькі калі запоўненая машына ўжо збіраецца з'язджаць.

Нягледзячы на тое, што забіраюць яблыкі кожны дзень, сярод тых, хто ўдарна папрацаваў, можна заўважыць хваляванне: а раптам усё-такі падвядуць? Такое стаўленне выпрацавалася за доўгія гады, пакуль працэс прыёму не быў падпарадкаваны аніякай сістэме. Яшчэ пяць гадоў назад час і нават дзень прыходу машыны па яблыкі для жыхароў вёскі заставаўся загадкай.

Інфармацыя пра гэта перадавалася ў выглядзе меркаванняў і чутак, а самай надзейнай крыніцай яе атрымання быў «ганец», адпраўлены ў суседнюю вёску даведацца, ці прыйшла доўгачаканая машына. Толькі гучны сігнал, які абвяшчаў аб тым, што яна на месцы, мог прымусіць усхваляваных людзей крыху супакоіцца.

Цяпер усё кардынальна змянілася: кожны дзень (без выхадных) завод накіроўвае 5 машын у аб'езд па навакольных вёсках. Можна загадзя патэлефанаваць і дамовіцца аб канкрэтным часе прыезду, а можна па звычцы проста чакаць. Але перажываць ужо дакладна не трэба: калі вы сабралі яблыкі, у вас іх абавязкова прымуць.

Цана ім — тры капейкі

Яўген працуе вадзіцелем на заводзе ўжо шосты год, таму ў вёсках яго добра ведаюць і прымаюць за «свайго». «Максімальна за дзень можна зрабіць тры рэйсы па 5 тон. Гэта крыху больш, чым павінна лезці ў машыну, але вы самі разумееце... Наш заробак напрамую залежыць ад колькасці сабраных яблыкаў: 2 рублі за тону, тарыф не павышаўся ўжо гады чатыры, — з усмешкай распавядае мужчына. — А вось на яблыкі цана істотна змянілася і не на карысць тых, хто яшчэ хоча іх здаваць. Калі летась мы прымалі іх па 600—700 рублёў (6—7 капеек), то цяпер гэта — 3 капейкі за кілаграм».

Даведаўшыся 1 жніўня, калі пачаўся сезон нарыхтоўкі яблыкаў, пра тое, што іх будуць прымаць практычна за бясцэнак, уладальнікі садоў былі шакаваныя. Многія нават вырашылі адкласці здачу, у надзеі дачакацца павышэння цаны. Але, як толькі суседзі прыняліся за работу, усе жыхары вёскі пачалі паступова здавацца. Тут уступіў у сілу прынцып, пакладзены ў аснову філасофіі вясковага жыцця: не быць горшым за іншых. Ды і як можна ігнараваць адно з самых маштабных «мерапрыемстваў»? Гэта далёка не толькі спосаб заробку, а сапраўдная традыцыя, амаль рытуал, якую старажылы памятаюць яшчэ з часоў свайго юнацтва.

«Мы мяняем раёны збору праз год. Вось так тут гаспадарыць прырода: адзін год — галінкі ломяцца ад ураджаю, другі — на іх не знойдзеш ніводнага яблычка. Калі сёлета мы працуем у Дзятлаўскім раёне, то ў наступным годзе перамесцімся ў Шчучынскі і Гродзенскі. А яшчэ праз год — зноў вернемся сюды. Дзіўна, але гэта прыродная сістэма амаль ніколі не дае збою, — расказвае Яўген. — За сезон мы павінны нарыхтаваць 5—6 тысяч тон сыравіны, яна ўся ідзе на вытворчасць пладовага віна».

«За якую мінімальную суму будзем здаваць? Ды за любую!»

Як успамінаюць жыхары вёскі, яшчэ не так даўно ў мясцовага завода быў сур'ёзны канкурэнт: аж з Брэсцкай вобласці да іх прыязджалі па яблыкі для дзіцячага харчавання. Паступова размова цалкам звяртаецца да тэмы мінулага: «У 71-м годзе за грошы, атрыманыя з ураджаю яблык, мы сыгралі невялікае вяселле... А я ў 96-м за такі заробак купіў наварочаны халадзільнік». Цяпер вынікі здачы ўраджаю зусім іншыя.

Напрыклад, вялікая сям'я з 7 чалавек, якая прыехала з Мінска на некалькі тыдняў, за два падыходы здала тону яблыкаў і атрымала 30 рублёў. «Пасля гэтага мы схадзілі ў краму і цалкам праелі наш заробак, — смеючыся расказвае Галіна. — На жаль, бацькоў мы ўжо страцілі, але сваім абавязкам лічым кожны год прыязджаць у родную хату. Яблыкі мы, вядома, здаём не дзеля грошай, проста не можам ужо інакш: усё свядомае жыццё, калі быў ураджай, гэтым займаліся. Як бы дзіўна гэта ні гучала, але так мы нібы вяртаемся ў гады дзяцінства, маладосці. Ды і зарадка гэтая нядрэнная», — жартуючы дадае жанчына.

А вось іншая Галіна прыехала з мужам і дзецьмі са Слоніма менавіта па заробак. Падняўшыся а пятай гадзіне раніцы, яны ўпотай пачалі абтрасаць некалі велізарны калгасны сад. Ад мінулага размаху засталося ўсяго некалькі дрэў, якія ў бліжэйшы час павінны выкарчаваць. «Усе грошы пойдуць на будаўніцтва дома, нам зараз важна ў прамым сэнсе кожная капейка, — стомлена адказвае на пытанні жанчына. — За якую мінімальную суму будзем здаваць? Ды за любую! Гэта ж грошы практычна з паветра».

Тэму пачынаюць абмяркоўваць у натоўпе: «І мы пакуль будзем здаваць, не так актыўна, як раней, але ж будзем. Проста шкада, што яблыкі валяюцца пад нагамі і псуюцца». На заўвагу аб тым, што яшчэ толькі пачатак жніўня, пладам трэба даць час падрасці, наліцца сокам, махаюць рукамі: «Пасля бульбу трэба капаць, там не да яблыкаў. А да кастрычніка яшчэ дажыць трэба».

«Хопіць балбатаць», — весела камандуе адна з пажылых жанчын, пасля чаго пад здзіўленымі поглядамі гараджан самастойна падымае поўны мех.

Пачынаецца рух: самыя дужыя залазяць на машыну — прымаць мяшкі, самыя ўважлівыя назіраюць за падлікамі. І кожны нібы незнарок спрабуе падгледзець, колькі ўдалося назбіраць суседу. На развітанне жыхары вёскі чарговы раз просяць вадзіцеля, каб ён абавязкова даведаўся, калі плануецца такое доўгачаканае павышэнне закупной цаны.

Ці ёсць яшчэ варыянты?

Паназіраўшы за здачай яблыкаў напрамую небуйному прадпрыемству, звяртаемся па каментарый у найбольш уплывовую ў спажывецкай сферы арганізацыю — «Белкаапсаюз». Аказваецца, і ў іх работа ідзе поўным ходам. Па ўсёй краіне дзейнічае 700 прыёманарыхтоўчых пунктаў, опцыя здачы яблыкаў даступна ў 7 тысячах сельскіх магазінаў. Кожнае райпо арганізуе работу ў сярэднім ад 3 да 10 сезонных прыёманарыхтоўчых пунктаў як стацыянарных, так і па дамах. Спецыяльна да сезона масавых нарыхтовак наймаюць 1,5 тысячы пазаштатных работнікаў. Яблыкі на перапрацоўку прымаюць ад 3 капеек за кілаграм, максімальна за кілаграм можна атрымаць 5 капеек. А вось плады, якія ідуць на продаж, у 10 разоў даражэйшыя: 30-70 капеек за кілаграм.

Усю інфармацыю аб закупцы яблыкаў можна знайсці на інфармацыйных дошках сельскіх Саветаў, а таксама атрымаць у работнікаў аўталавак. Ніякіх абмежаванняў па аб'ёме пладоў, якія гатовы прыняць з аднаго двара, няма, зрэшты, не патрэбныя і даведкі. Галоўнае — якасць сыравіны.

Догляд за яблынямі: інструкцыя ў 40 старонак

Даведаўшыся, куды здаваць ужо выгадаваныя яблыкі, спрабуем высветліць, як правільна іх вырошчваць, дзеля гэтага звяртаемся ў Інстытут пладаводства НАН Беларусі. Як адзначыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Анатоль КРЫВАРОТ, на гэты момант ключавой тэндэнцыяй у галіне з'яўляецца памяншэнне тэрміну жыцця дрэў. Здавалася б, тут нейкая памылка друку, бо, наадварот, трэба рабіць усё магчымае, каб яго павялічыць. Аднак — не: значна больш эфектыўна за кароткі тэрмін максімальна выкарыстаць рэсурсы адной яблыні, замяніўшы яе пасля іншай. Таму цяпер яблыневыя дрэвы амаль ніколі не дасягаюць паўналецця: аптымальны перыяд іх жыцця (у залежнасці ад прышчэпкі) — 12-17 гадоў. Збіраць ураджай можна на 4-5-ты год пасля пасадкі, далей ідзе дзесяцігоддзе найбольшай аддачы, пасля чаго прадуктыўнасць паступова зніжаецца. Але так развіваюцца падзеі, калі пра свае гаспадарскія правы не заявіць прырода: нясвоечасовыя замаразкі і ўраганы, якія часта атакуюць тэрыторыю Беларусі, здольныя яшчэ паменшыць працягласць жыцця дрэў. Аднак не ўсё так дрэнна: гэта культура можа пладаносіць 100 і нават больш гадоў.

Па прызнанні Анатоля Крыварота, працэс догляду за яблыневымі дрэвамі даволі працаёмкі, інструкцыя да яго займае 40 старонак. «Усё залежыць ад мэтаў. Можна вырасціць высокае разгалістае дрэва і, седзячы ў яго цені, атрымліваць асалоду ад яго прыгожага выгляду. А можна правільным чынам падразаць галінкі, каб лёгка было здымаць плады. У Беларусі былі выведзеныя сарты, прызначаныя менавіта для нашых умоў надвор'я: Імант, Сябрына, Алеся, Весяліна, Дарунак, Поспех. Гэтыя яблыні, у адрозненне ад дрэў састарэлых сартоў, якія яшчэ часта сустракаюцца на прыватных падворках, багата пладаносяць кожны год. У сярэднім за сезон можна сабраць 20—30 тон з гектара, у спрыяльных абставінах гэтая лічба можа даходзіць і да 70 тон. У цэлым, тэрыторыя Беларусі выдатна падыходзіць для вырошчвання яблыкаў», — расказвае спецыяліст.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дзе яблыку ўпасці?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.