Вы тут

Турыстычная галіна Гродзенскай вобласці скіравана на развіццё рэгіёнаў


Горад Гродна даўно набыў славу турыстычнай меккі Беларусі. Па сутнасці, гэта музей пад адкрытым небам, які выклікае інтарэс кожнага вандроўніка. Сапраўды, у сезон турыстычныя групы можна сустрэць літаральна на кожным кроку гістарычнага цэнтра. Цяпер варта ісці далей і прыцягваць падарожнікаў у іншыя куткі Гродзеншчыны, лічаць у абласным турыстычным ведамстве.

Патэнцыял раёнаў апошнім часам значна вырас. Тут удала папулярызуюць сваю адметнасць, брэндавыя падзеі і знакамітыя культурна-гістарычныя аб’екты. Расце інтарэс да экалагічных маршрутаў, сафары-тураў і водных сплаваў.


Адкрыццё для расіян

Увогуле турызм у Гродзенскай вобласці б’е рэкорды. Летась упершыню з турыстычнымі мэтамі тут пабывалі 1,2 мільёна чалавек, палова з іх — начлегамі. У параўнанні з папярэднім годам тэмп росту склаў 150%. Амаль на 40% павялічылася колькасць замежнікаў, іх пабывала каля 80 тысяч чалавек. Гэта ў большасці грамадзяне Расійскай Федэрацыі — каля 85%.

Згодна даным папулярнага расійскага сайта браніравання, на Новы год горад Гродна ўпершыню ўвайшоў у тройку самых запатрабаваных гарадоў у расійскіх турыстаў.

— Гэта новы крок у турыстычнай індустрыі нашага горада, бо да нядаўняга часу Гродна быў не вельмі вядомы ў расіян. Тут няма авіязлучэння, пакуль не развіты чыгуначны і аўтамабільны рух з рэгіёнамі Расіі. І ўсё ж сітуацыя мяняецца. Мы бачым, што расійскія турысты, якія прыязджаюць у Мінск, усё часцей наведваюць і Гродна, — паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.

Між тым, асноўны кантынгент турыстаў складаюць беларусы, якія пачалі актыўна знаёміцца са сваім краем. Назіраецца тэндэнцыя да бурнага развіцця ўнутранага турызму. Людзі сталі шмат падарожнічаць, пераважная большасць (90%) робіць гэта самастойна. Спрыяе вандроўцы і кампактнасць краіны — усюды можна дабрацца без праблем. Асноўную цікавасць выклікаюць аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, новыя маршруты і падзеі.

Асваенне глыбінкі

Ёсць нямала цікавага і па-за межамі Гродна, сцвярджае Таццяна Лідзяева. На сённяшні дзень усе раёны Гродзенскай вобласці маюць свае знакамітыя турыстычныя брэнды, цікавыя маршруты, прычым далёка не адзінкавыя.

Напрыклад, зараз шырокую папулярнасць набывае прамысловы турызм. Цяпер у вобласці 162 прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць экскурсіі. Іх наведалі за мінулы год 114 тысяч чалавек, што на 60 тысяч больш, чым годам раней. А выручка такіх паслуг вырасла ў пяць разоў і склала амаль мільён рублёў.

Экскурсіі ўключаюць знаёмства з вытворчасцю і дэгустацыю харчовай прадукцыі. Турыстам прапануюць паглядзець, як фарміруецца фруктова-ягаднае напаўненне малочных вырабаў, які шлях праходзіць мёд, каб трапіць да спажыўца, як з зерня можна атрымаць кашу, як варыцца піва. З’яўляюцца новыя віды вытворчасці. Набывае папулярнасць выраб рапсавага масла. З эксклюзіўных — ферма па вырошчванні слімакоў у Карэліцкім раёне. У ліку папулярных — працэс выдзьмухвання шкла на шклозаводзе «Нёман» у Лідскім раёне.

— Я думаю, што вытворчы турызм вельмі важны і з пункту гледжання фарміравання патрыятызму, даверу да нацыянальных брэндаў. Прычым ён развіваецца не толькі ў Гродне, а таксама і ў Лідзе, і ў Ваўкавыску, і ў іншых гарадах, — зазначыла субяседніца.

Статыстыка сведчыць, што многія аддаюць перавагу экалагічнаму турызму. Цікавыя прапановы з’явіліся ў заказніках. Напрыклад, у заказніку «Азёры» Гродзенскага раёна можна праехаць на мота-дрызіне па даўнішняй калейцы, якая пракладзена па былых тарфяніках. За мінулы сезон ёй скарысталіся больш пяці тысяч чалавек. А ў Ліпічанскай пушчы робяць цікавыя сплавы на байдарках, сафары-туры на аўтамабілях, прапануюць назіранне за птушкамі і жывёламі ў так званых засідках альбо з паляўнічых вышак.

З новых тэндэнцый — маршрут у Ваўкавыскім раёне для інклюзіўных турыстаў. Сапраўды няма абмежаванняў на рознага роду святах і фестывалях. Падзейны турызм у Гродзенскай вобласці таксама набірае абароты. Шмат гасцей збіраюць брэндавыя святы — «Іўеўскі памідор», «Гальшанскі замак», «Бацькава булка» і іншыя. Значную раскрутку атрымаў Аўгустоўскі канал. Дарэчы, сёлета тут рыхтуецца вялікая праграма да 200-годдзя пачатку яго будаўніцтва. А вось традыцыйныя заплывы на чым заўгодна, якія праходзілі тут падчас фестывалю, будуць перанесены на Зэльвенскае вадасховішча. Трэба сказаць, што водны турызм набывае усё больш прыхільнікаў, і магчымасцяў для яго развіцця на Гродзеншчыне дастаткова.

Не хапае гасцініц і экскурсаводаў

Аб росце турыстычнага буму сведчыць і загрузка гасцініц. Напрыклад, у Гродне нумарнога фонду не хапае, каб прыняць усіх ахвотных. У горадзе над гэтай праблемай працуюць. Як паведаміла прадстаўнік турыстычнага ведамства, у горадзе з’явіцца каля дзясятка невялікіх гасцініц на 40–50 месцаў. Да вырашэння гэтай задачы падключыўся бізнес. Усе гасцініцы размесцяцца ў цэнтры горада, у асноўным, у былых гістарычных аб’ектах. Гэта комплекс былога піўзавода, будынкі на вуліцы Траецкай і Ажэшкі. Чакаецца, што сёлета прыме гасцей гасцініца «Беларусь», рэканструкцыя якой вядзецца амаль дзесяць гадоў.

— Задача для турызму ў тым, каб сюды прыязджалі не на адзін дзень, заставаліся як мінімум на начлег. Ад гэтага выйграюць і іншыя сферы — грамадскае харчаванне, установы культуры і гэтак далей. Што датычыцца аграсядзіб, адбыліся пэўныя змены ў заканадаўстве, у выніку іх стала менш, але якасць паслуг вырасла, — расказала субяседніца.

З наплывам турыстаў цесна звязана дзейнасць экскурсаводаў. Зараз іх па вобласці 146 чалавек і 16 гідаў-перакладчыкаў. Гэтага недастаткова. Асабліва іх недахоп адчуваецца ў Гродне, Лідзе, Навагрудку. Пакуль няма экскурсаводаў у Зэльве.

Часткова сітуацыя звязана з новымі патрабаваннямі, у прыватнасці, з атэстацыяй экскурсаводаў. Летась атэставана 28 чалавек, з іх 16 пачалі працаваць упершыню. З’явілася 12 новых тэматычных экскурсій. Не ўсім удаецца прайсці атэстацыю. Па словах Таццяны Лідзяевай, некаторыя прэтэндэнты падчас здачы тэста не ў поўнай ступені валодаюць ведамі па гісторыі, культуры, геаграфіі і гэтак далей.

— Да работы мы стараемся прыцягнуць выпускнікоў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Я. Купалы, — расказала суразмоўніца. — На сайтах райвыканкамаў, у сацыяльных сетках, спецыялізаваных сайтах па турызме можна знайсці кантакты экскурсаводаў, указаны і тэмы, па якіх яны атэставаны. Гэта таксама важна. Таму што экскурсавод павінен працаваць толькі ў той мясцовасці і па той тэме, па якой ён атрымаў дазвол.

Экскурсаводы пастаянна ўдасканальваюць сваю работу, рыхтуюць праграмы на розныя ўзроставыя катэгорыі, у тым ліку для дзяцей. Летась атэставаны аўдыёгіды па Гродне і Дзятлаве.

Напярэдадні новага сезона

Новая стратэгія турыстычнай галіны Прынёмання робіць акцэнт на стасункі з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, краінамі СНД, Кітаем, якія праяўляюць інтарэс да Беларусі. Асаблівая ўвага надаецца спрыяльнаму транспартнаму злучэнню.

— Будзем сябе пазіцыяніраваць на расійскім тэлебачанні праз трэвел-шоу на розных тэлеканалах. Ужо ў гэтым годзе знялі два выпускі перадачы «Паехалі!», плануем зняць выпуск, прысвечаны гастранамічнаму турызму. Здымкі будзем весці падчас рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які адбудзецца ў чэрвені, — удакладніла субяседніца.

Таксама ў планах ахапіць усю вобласць турыстычнымі інфармацыйнымі цэнтрамі, зараз іх 11, і гэта самы высокі паказчык у краіне. Пэўныя надзеі з папулярызацыяй рэгіёна тут звязваюць з міжнароднай турыстычнай выстаўкай «Адпачынак-2024», якая адбудзецца ў канцы красавіка ў Мінску. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.