Вы тут

ЕС гатовы аказаць садзейнічанне па прыцягненні інвестыцый


У Беларусі сфарміравана сучасная заканадаўчая база для прыцягнення замежных інвестыцый. Больш таго, цяпер наша краіна паслядоўна пераходзіць на новы ўзровень узаемадзеяння з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, заявіў учора прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй КАБЯКОЎ на адкрыцці форуму «Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё».


Прэм'ер-міністр адзначыў, што сумеснымі намаганнямі мы выпрацоўваем і рэалізуем меры структурнай палітыкі ў эканоміцы і фінансах. Потым яны выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы праграмных дакументаў краіны на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву.

Паводле яго слоў, у аналагічным ключы мяркуецца праводзіць дыялог і з бізнес-супольнасцю. «Сёння значная частка тэрыторыі краіны ўяўляе сабой дзеючыя прэферэнцыйныя рэжымы для размяшчэння бізнесу ў межах свабодных эканамічных зон, Парка высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парка «Вялікі камень», — нагадаў кіраўнік урада. Цяпер Беларусі неабходна забяспечыць якасны і аператыўны пераход ад прыцягнення замежных крэдытных рэсурсаў да паўнавартаснага прытоку прамых замежных інвестыцый у розныя сферы нацыянальнай эканомікі. «Для гэтага нам трэба ў большай ступені арыентаваць інвестыцыйную палітыку на канкрэтных інвестараў, добра ўяўляць сабе іх чаканні і магчымыя асцярогі», — адзначыў Андрэй Кабякоў. Ён лічыць, што адна з дзейсных формаў атрымання неабходнай для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў інфармацыі — гэта дыялог з дзелавой супольнасцю. «Наш форум з'яўляецца яркім прыкладам такога дыялогу», — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Даволі хутка ў нашай краіне будзе падрыхтавана дарожная карта па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату, паведаміла ў сваю чаргу дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Наталля НІКАНДРАВА. У яе будуць уключаны прапановы, прадстаўленыя ў тым ліку і на форуме, які праходзіць у Мінску.

«Гэты дакумент можа выкарыстоўвацца ўрадам для карэкціроўкі эканамічнай палітыкі па шэрагу кірункаў», — патлумачыла Наталля Нікандрава. Чакаецца, што ў дарожнай карце будуць прадстаўлены прапановы прыватнага бізнесу, замежных інвестараў па стварэнні дадатковых спрыяльных умоў для прыцягнення і асваення інвестыцый, а таксама па пераадоленні існуючых бар'ераў у інвестыцыйнай дзейнасці.

Кіраўнік аддзела Генеральнага дырэктарата па суседстве і перамовах аб пашырэнні Еўрапейскай камісіі Васіліс МАГАРАС у сваім выступленні на форуме сказаў, што Еўрасаюз вітае тыя меры, якія прымаюцца ўрадам Беларусі для паляпшэння інвестклімату.

«Еўрасаюз гатовы аказаць садзейнічанне Беларусі па прыцягненні інвестыцый», — падкрэсліў Васіліс Магарас. Але, паводле яго слоў, ЕС важна пры гэтым разумець, што Беларусь гатовая зрабіць у сферы далейшага правядзення рэформаў, фарміравання спрыяльных для прыцягнення інвестыцый умоў, умацавання сваёй рэпутацыі.

«Самыя галоўныя перавагі Беларусі — гэта высокая адукаванасць насельніцтва, кваліфікаваная рабочая сіла, канкурэнтаздольная прадукцыя, дынамічны ІТ-сектар, багатыя традыцыі ў машынабудаванні і перапрацоўчай прамысловасці. А рэформы, праведзеныя ўрадам Беларусі, дапамаглі палепшыць сітуацыю ў прыватным сектары», — падкрэсліў прадстаўнік Еўракамісіі. Сёння ўсё больш увагі Беларусь надае развіццю малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Гэта таксама станоўчы сігнал, дадаў ён.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Нацыянальная прывабнасць навейшага «гатунку»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.