Вы тут

Як карэспандэнт «Звязды» шукала кватэру на суткі


Не так даўно на сувязь праз скайп выйшла сваячка з Санкт-Пецярбурга:

— Выручайце, патрэбна кватэра на пяць сутак у Мінску.

— Валянціна Анатолеўна, навошта вам, грошы лішнія? Спыніцеся ў нас, — прапанавалі ёй з мужам.

— Ды, не, — адмовілася Валянціна. — Са мной едуць дзве супрацоўніцы. Не хачу злоўжываць вашай гасціннасцю. Я ўжо заказала двухпакаёўку ў цэнтры Мінска па інтэрнэце, нават папярэднюю аплату ўнесла. Але гаспадыня патэлефанавала, што жыллё залілі суседзі зверху. Паабяцала вярнуць грошы. Так і не дачакалася, «развялі» мяне, як дурніцу. Там будзе праходзіць патрэбны мне семінар. Пажадана, каб жыллё было непадалёку ад месца правядзення мерапрыемства або каля метро. І не даражэй як 35 еўра за суткі.

— Абавязкова дапаможам, не хвалюйцеся, Анатолеўна, — паабяцалі ёй.


На наступны дзень заходжу ў інтэрнэт, уводжу ў пашукавік фразу «Зняць кватэру на суткі ў Мінску без пасрэднікаў». Высвеціліся тысячы аб'яў. Пасля карпатлівага двухгадзіннага адбору спынілася на дзясятку адна- і двухпакаёвак, даступных па цане, — ад 30 да 40 долараў. Тэлефаную Веры, якая прапаноўвае кватэру каля станцыі метро «Няміга». Але яна скідвае званок.

Набіраю іншы нумар і трапляю... на тую самую Веру.

— Гэта зноў вы? Прабачце, не магу гаварыць, людзей засяляю, патэлефануйце вечарам.

Вечарам сітуацыя паўтараецца: давайце звяжамся раніцай.

Толькі апоўдні наступнага дня ўдалося «дастукацца» да гаспадыні: «А навошта вы браніруеце кватэру так рана. Набярыце мяне за 10 дзён да патрэбнай даты».

— Колькі хоць будзе каштаваць двухпакаёўка? — дапытваюся ў яе.

— 80 долараў за суткі, — адказвае.

— Навошта ўводзіць людзей у зман: у аб'яве пазначана 35 долараў? — абураюся я.

— На гэта ёсць важкія прычыны, — парыруе жанчына.

Усё стала зразумелым, калі звязалася з Іванам, які прапаноўваў кватэру на праспекце Пераможцаў. Ён пагаджаўся забраніраваць жыллё без папярэдняй аплаты, але загнуў яшчэ большую цану, чым папярэдніца. «Згаджайцеся. Праз два тыдні кошт падымецца. У патрэбным вам раёне ладзіцца семінар. Кватэры паблізу разыдуцца, як гарачыя піражкі», — дадаў ён.

У Арсена кватэра каля станцыі метро «Пушкінская». На патрэбныя мне даты пакуль ніхто яе не заказваў. Але ж надта дорага — 95 долараў. Акрамя таго, ён запатрабаваў аванс. На маё пытанне, дзе гарантыя, што грошы не прападуць, засмяяўся: «А вы можаце паабяцаць, што мяне не падманеце?».

Аказалася, што летась хлопец здаў кватэру, на першы погляд, прыстойнаму мужчыну, на адны суткі. Калі на наступны дзень прыехаў па ключ, то ўбачыў дзяўчат. Прадпрымальны чалавек вырашыў падзарабіць — здаў чужую жылплошчу тром студэнткам на працяглы тэрмін.

І іншагароднія знаёмыя, якія часта прыязджаюць у Мінск па справах, пераконвалі, што ўносіць залог за жыллё варта. Аднойчы яны забраніравалі кватэру без папярэдняй частковай аплаты. Прыехалі засяляцца, а там ужо іншыя людзі. Такое здараецца, калі ў Мінску ладзяцца вялікія мерапрыемствы, футбольныя матчы, фестывалі...

Арсену я не дала канкрэтнага адказу. Спадзявалася, што знайду больш выгадны і танны варыянт, аб чым пазней пашкадавала. На календары ўсё менш дзён да семінара, а я яшчэ ў пошуках. На вуліцы Гарадзецкай, як сведчыла аб'ява, здаецца аднапакаёўка за 30 долараў. Пасля званка па ўказаным нумары, мне адказалі, што літаральна сёння туды засяліліся людзі. На наступны дзень мяне патурбавалі з агенцтва, маўляў, вам патрэбна кватэра ва Уруччы? — у нас ёсць тое, што вы шукаеце. Магчыма, я трапіла на пасрэдніка, які здаў мой нумар тэлефона агенцтву. Па наступным адрасе ў мяне папрасілі невялікі аванс за агляд кватэры. А яшчэ, не смейцеся, я ледзьве не зняла жыллё... за мяжой. На здымку рэкламаваліся апартаменты за памяркоўную плату ў Мінску. Але ў інтэрнэце выпадкова наткнулася на знаёмы да болю інтэр'ер. Як сведчыла аб'ява, гэтая кватэра для арэнды прапануецца ў Балгарыі.

І тут я зноў успомніла Веру. Ды тая ўжо павысіла цану да 90 долараў: «Кватэра светлая, толькі што пасля рамонту, ёсць два ложкі, канапа».

— А можна сёння паглядзець ды забраць ключы? — пацікавілася ў яе.

— Там пакуль жывуць людзі. Давайце звяжамся праз тыдзень.

— Але ж мае госці прыязджаюць як раз праз тыдзень, — запанікавала я.

Напярэдадні іх прыезду да ночы прасядзела на тэлефоне. Нейкім цудам удалося выйсці на Юлю, якая прапаноўвала кватэру на вуліцы Мяснікова за 35 долараў. «Заўтра апоўдні жыльцы з'едуць, давайце сустрэнемся каля пад'езда», — абрадавала яна.

Але ўсё ж такі закрадваліся сумненні: раптам зноў нічога не атрымаецца?

У 7.15 раніцы наступнага дня сустрэла піцерскіх гасцей. Рэчы здалі ў камеру захоўвання на чыгуначным вакзале. Затым гулялі па горадзе, па плошчы Леніна, зазірнулі ў Чырвоны касцёл. А роўна а 9-й гадзіне пазваніла Юля: кватаранты выслабанілі жылплошчу раней, чым планавалі.

Мы дамовіліся з гаспадыняй аб канкрэтным часе высялення, разлічыліся за пяць дзён пражывання. Дзяўчына папрасіла пакінуць ёй пашпарты, як гарантыю захавання маёмасці. Але кватаранткі не пагадзіліся, дазволілі толькі сфатаграфаваць дакументы на мабільнік. Як раз у гэты момант у мяне зазваніў тэлефон: Вера...

— Дзякуй, але мы знайшлі значна таннейшы варыянт.

— Ды я магу вам здаць кватэру на праспекце Пушкіна за такія ж самыя грошы. А ў Малінаўцы — нават за меншыя. Прыязджайце, я чакаю...

— Дзякуй, але нас задавальняе і гэтая. Нібы ў гасцініцы: свежае мыла, чыстая пасцельная бялізна, беласнежныя ручнікі, тэлевізар, мікрахвалевая печка, інтэрнэт.

Перад Новым годам піцерскія сяброўкі зноў збіраюцца ў Мінск. Для мяне гэта сапраўдны галаўны боль. Перад Калядамі попыт на кватэры павышаецца, адпаведна павялічваюцца і цэны, асабліва на сутачную арэнду. Каб зняць кватэру, трэба браніраваць яе за некалькі тыдняў. Гэтым разам звярнуся ў агенцтва: лепш пераплаціць. Але, як мне параілі разумныя людзі, не варта кідацца ў першую кантору, што трапіць пад руку. Неабходна ўважліва вывучыць водгукі на сайтах. І вядома, аформіць юрыдычныя адносіны, дзе будуць прапісаны абавязкі і правы абодвух бакоў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Правільна зняць, каб грашыма не рызыкаваць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.