Вы тут

Мост цяпер пад надзейнай аховай


Нарэшце спраўдзілася тое, чаго ў Магілёве чакалі ўжо даўно — завяршальным акордам рэканструкцыі Дняпроўскага моста па Пушкінскім праспекце стала ўстаноўка з чатырох яго бакоў бронзавых ільвоў. Яшчэ ў суботу ў ваколіцах самай маштабнай сёлета будоўлі шчыравалі гараджане, якія адгукнуліся на прызыў прыняць удзел у агульнагарадскім суботніку, а ў нядзелю раніцай да месца сваёй прапіскі прыбылі велічныя прыгажуны. Два аднолькавыя драпежнікі, якія стаяць у поўны рост, абапіраючыся на шар, занялі свае месцы на ўездзе з боку Дняпроўскага спуску і вуліцы Чалюскінцаў, яшчэ два — грацыёзна "ўлягліся" на пастаментах з боку Пушкінскага праспекта. Сведкамі падзеі сталі ў асноўным запрошаныя асобы, а для большасці гараджан сустрэча з ільвамі адбылася ў панядзелак, калі яны ехалі на работу. Менавіта ў гэты дзень быў адноўлены рух тралейбусаў праз мост.


Скульптуры сапраўды ўражваюць, іх вышыня складае 2,4 і 1,8 метра, даўжыня — 3,15 метра. Іх аўтар магілёўскі скульптар Андрэй Вараб'ёў спецыяльна ездзіў у Маскву да братоў Запашных, каб паназіраць, як паводзіць сябе цар звяроў у жыцці. Прататыпам магілёўскіх ільвоў стаў драпежнік-альбінос па мянушцы Джон.

— Цяпер мост і ў цэлым Магілёў ахоўваецца львамі. Нездарма адна з версій заснавання горада звязана з гэтым велічным зверам, — задаволены зробленай работай мэр горада Уладзімір Цумараў. Ён, дарэчы, аўтар ідэі, пра што сведчыць спецыяльны надпіс на пастаменце на беларускай мове.

Акрамя бронзавых скульптур, мост упрыгожваюць 118 медальёнаў з маскай льва і гербам Магілёва. Яны чаргуюцца на металічных пралётах яго агараджальных збудаванняў. Да рэканструкцыі на медальёнах была сімволіка ў выглядзе сцяга і сярпа з молатам.

Нагадаем, што мост быў на капітальным рамонце з леташняга чэрвеня. За гэты час ён стаў шырэйшы на 13 метраў і даўжэйшы на 12. Колькасць палос для руху транспарту павялічыцца з 4 да 6. Праведзена замена пралётных канструкцый на сталебетонныя, зроблена ўзмацненне існуючых апор. Усё гэта дало магчымасць павялічыць прапускную здольнасць моста на 30%. Рэканструкцыяй было прадугледжана будаўніцтва падземнага пешаходнага перахода, перабудова кантактнай тралейбуснай сеткі, сеткі вулічнага асвятлення і падземных інжынерных камунікацый.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Галіны Гаўрыловіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.