Вы тут

Тры паверхі Маладзёжкі


Першае знаёмства гледача з пэўным тэатрам часта адбываецца праз рэпертуарную афішу. Прабег вачыма – выхапіў назву спектакля, набыў білет. Або не зацікавіўся і пайшоў далей. Агляд бягучага рэпертуара дае сінхранічную карціну творчага напаўнення тэатра ў канкрэтны дадзены момант. Вывучэнне рэпертуара ад першай пастаноўкі да апошняй разгортвае перад даследчыкам найцікавейшую гісторыю творчага развіцця. Гэта як чытаць лёс чалавека па лініях яго далоні.


Мудрагелісты ўзор утвараюць лініі лёсу Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Створаны ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя, ён цягам дзесяці год не меў сваіх сцен. Пакуль не скончылася рэстаўрацыя будынка былога кінатэатра “Спартак”, які ўлады ў адказ на шматлікія лісты з просьбаміаддалітэатру, стваралі і паказвалі спектаклі ў сталічных дамах культуры, клубах. Калі ў сярэднявеччы акцёрам было дастаткова сабрацца, разгарнуць на вуліцы дыван – і ўжо ёсць сцэна, то зараз складана ўявіць традыцыйны тэатр без бетоннага “адзення”, гукасветлавога абсталявання, глядзельнай залы, білетнай касы… Сёння ўсё гэта ў Маладзёжнага ёсць. Амаль два гады, з лістапада 2014-га, ён “абжывае” светлы будынак з калонамі на Казлова, 17. Нарэшце з’явілася месца для рэалізацыі маштабных творчых планаў, магчымасць разгарнуцца напоўніцу рэжысёрскім і акцёрскім талентам.

І Маладзёжны, не марнуючы час, здзіўляе сваёй актыўнасцю, адну за адной выпускае прэм’еры. Хтосьці фыркне, маўляў, тэатральны канвеер, аднак у гэтым ён памыляецца. Хуткая нараджальнасць спектакляў – вынік выхаду назапашанай тэатрам за гады існавання ў барацьбе за месца пад сонцам творчай энергіі. Да таго ж, спектаклі ўсе па-свойму адметныя, жанрава і стылістычна розныя, бо і аўтары іх розныя – кожны са сваёй рэжысёрскай “школай”, вопытам, мастацкім бачаннем. Гэта і знойдзеныя ў самым блізкім атачэнні, унутры акцёрскай трупы тэатра, рэжысёры Таццяна Аксёнкіна, Яўген Іўковіч, Канстанцін Міхаленка, Дзмітрый Багаслаўскі, а таксама запрошаныя айчынныя таленты: “вольны мастак” Сяргей Анцэлевіч, галоўны рэжысёр Гродзенскага абластнога драматычнага тэатра Генадзь Мушперт і галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Міхаіл Кавальчык. Спіс рэжысёраў Маладзёжнага дапаўняецца імёнамі прадстаўнікоў сучаснага расійскага тэатра – МіхаілЯгораў, Максім Астаф’еў, Іскандэр Сакаеў, Вікторыя Лугавая.

Маладзёжны тэатр вылучае тое, што ў ім адсутнічаюць дзве знакавыя фігуры – галоўнага рэжысёра і мастацкага кіраўніка. Няма такіх вакансійпаводле сталага рашэння кіраўніцтва тэатра. Спярша былі спробы з боку рэжысёраў “пасватацца”, але не склалася. Калісьці два “слупа” Маладзёжнага, прадаўжальнікі справы, распачатай Рыгорам Баравіком і Барысам Луцэнка, – галоўны рэжысёр Віталь Катавіцкі і мастацкі кіраўнік Мадэст Абрамаў праклалі шлях – выгадавалі трупу і сфарміравалі моцны рэпертуар Маладзёжнага тэатра. Яны задалі высокую планку якасці, з якой паслядоўнікам, безумоўна, трэба суадносіцца, аднак рабіць ужо іншы тэатр, у адпаведнасці з патрэбамі цяперашняга часу. Сёння рэжысёры Маладзёжнага нічым не скаваныя ў сваёй творчасці. Свабода пошуку і самавыяўлення – асноўная ўмова развіцця, своеасаблівае крэда тэатра.

Ухвалілі новую тэатральную палітыку і акцёры. У сітуацыі адсутнага творчага кіраўніцтва яны (найбольш вопытныя і адданыя Маладзёжнаму тэатру людзі) бяруць на сябе частку яго функцый, такім чынам, акцёры адчуваюць сябе паўнавартаснымі сатворцамі не толькі ў пастановачным працэсе, але і ў вызначэнні напрамкаў агульнага руху. Іерархія захоўваецца, але дыстанцыя паміж яе ступенямі настолькі скарачаецца за кошт выключаных звёнаў, што яна ўжо не мае такога значэння. Прынамсі, у пытаннях творчага характару.

Пра рэжысёрскія дэбюты акцёраў Маладзёжнага згадалі вышэй. А вось зусім “свежы” факт: Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, вядучы майстарсцэны і “ветэран” Маладзёжнага Аляксандр Шароў прапанаваў паставіць класіку, рускую п’есу пачатку дваццатага стагоддзя – “Дзяцей Ванюшына” Сяргея Найдзёнава… і – паставілі. У Санкт-Пецярбургу знайшлася малады рэжысёр Вікторыя Лугавая, яе метад – жорсткай праўды, яе надзейныя паручыцелі – Ібсэн і Бэрфус. Усё раптам супала. Час: наш, мабільных і няпільных людзей, шчырых вернікаў кансьюмерызму (ну чым не супернік абаянню старой буржуазіі?). Месца: беларускі дзяржаўны тэатр, дастаткова не кансерватыўны, не закансерваваны, каб спарадзіць нетыповае, нечаканае, бадзёрае – бо яшчэ і “маладзёжны”…

Нездарма тэатр неаднойчы станавіўся полем для фантазіі, тэатральнага шаманства і заклёнаў Іскандэра Сакаева, “лідара сучаснага расійскага інтэлектуальнага тэатра”, як пра яго піша беларускі тэатральны крытык Валянцін Пепяляеў. Лідар – дакладна. Рашучы, упэўнены ў сабе, Сакаеў тройчы “ўзяў” сцэну Маладзёжнага. Яго тры спектаклі –таямнічны і спакушальны, як пекла, пагібельна прыгожы “Казіны востраў” У. Бэці, па-постмадэрнісцку іранічная, інтэртэкстуальна насычаная ітэрпрэтацыя “Чэхаў. Камедыя. Чайка” паводле А. Чэхава, наркатычна сюррэалістычная, яркая і энергічная пастаноўка шэкспіраўскага “Сну ў Іванаву ноч”… Ён пакінуў іх ў рэпертуарнай гісторыі тэатра, як драпежнік у чадзе палявання пакідае на зямлі глыбокія сляды кіпцюрастых лап. Побач з лёгкай чатырохпалай пячаткай летуценнага і трапяткога “Паўкоўніка-Птушкі” ў пастаноўцы Сяргея Анцэлевіча…

Гэта толькі тыя спектаклі, якія паказваюцца ў вялікай залі на другім паверсе Маладзёжнага тэатра. Ён найбольш папулярны, мае буфет пад цёплым бокам і прымае ў сваю прасторную залю асноўную масу гледачоў. Сустракае аднолькава добразычліва як спажыўцоў лёгкіх французскіх камедый, так і шукальнікаў больш арыгінальнага, няпростага для засваення прадукту. Але ёсць яшчэ два паверхі, быццам бы адкрытыя не для ўсіх, толькі для абраных… Насамрэч, тут няма ніякай таямніцы, масонства ці чагосьці падобнага. Пра тое, што некаторыя харэаграфічныя пастаноўкі балетнай трупы Маладзёжнага тэатра– у прыватнасці, пластычныя мініяцюры– дэманструюцца ў Малой залі на трэцім паверсе, даўно ведаюць аматары перформанса і contemporarydance, асабліва прыхільнікі творчасці тэатра танца «Skvo’sDanceCompany», чые выхаванцы рэалізоўваюць ідэі яго заснавальніцы Вольгі Скварцовай у пастаноўках для Маладзёжнага. А часам і самі выступаюць у ролі аўтараў эксперыментальных праектаў. Так, сёлета ў пачатку вясны адбылася прэм’ера так званага вечара сучаснай харэаграфіі, які ўключыў тры невялікія “лабараторныя” пластычныя работы вучняў Скварцовай –“Дуры”, “Паводле сябе” і “Мы знаёмыя?”.

У лютым гэтага года да двух сцэн Маладзёжнага тэатра дадалася трэцяя, самая камерная – на мінус першым паверсе, пад зямлёй, усяго на сорак месцаў. Дала свой плён ініцыятыва Дзмітрыя Багаслаўскага, акцёра Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, вядомага драматурга і актывіста ў справе прасоўвання сучаснага беларускага тэатра. Яго вострасацыяльная пастаноўка на тэму наступстваў украінскай вайны, вайны ўвогуле ў яе прамым дачыненні да чалавека і сям’і “Саша, вынясі смецце” па п’есе сучаснага ўкраінскага аўтара Наталлі Варажбіт стала першым і пакуль што адзіным спектаклем на Малой сцэне Маладзёжнага тэатра. Так, пакуль што. Ведаючы Багаслаўскага і яго любоў да дакументальнага тэатра…

Пра будучыню эксперыментальнай сцэны Маладзёжнага, як і пра будучыню самога тэатра можна сказаць, выкарыстоўваючы ўласны выраз Дзмітрыя Багаслаўскага. Ім ёнскарыстаўся ў адным з інтэрв’ю, калі яго папрасілі назваць тую з сваіх п’ес, якую ён лічыць лепшай.

Лепшае заўсёды наперадзе.

Дар’я Вакар

Надрукавана ў "Маладосці"

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.