«Добрыя мужчыны на дарозе не валяюцца», — сказала мне неяк бабуля. — «Яны па ёй ездзяць!» — дадумала я, села ў аўтамабіль і ў чарговы раз выправілася на «паляванне».
Месца: дарога, затор, аўтасэрвіс, запраўка.
Уваход: для тых, у каго ёсць вадзіцельскія правы.
Дрэс-код: штосьці спакуслівае, але камфортнае.
Абавязкова для выканання: жаноцкія паводзіны ў любой сітуацыі.
Гэтым разам удзельнічаць у журналісцка-авантурысцкім падарожжы будзе мая стрыечная сястра. Каця — кіроўца вопытны, а таму і эксперымент па пошуку патэнцыйнага жаніха за рулём аўто ёй можна даверыць з упэўненасцю.
— З дзяўчатамі на выключна жаночых транспартных сродках знаёмяцца часцей, чым з іх сяброўкамі на «мужчынскіх» аўтамабілях, — пачала Каця, пачуўшы «баявое заданне». — Таму сёння мы паедзем на матчынай Tоуоtа Yаrіs.
Сеўшы за руль маленькай чырвоненькай машынкі, Кацька адразу падрыхтавалася да шавіністычных насмешак і нават вадзіць пачала горш, чым звычайна. Але ніхто з нас не смяяўся! Наадварот, не толькі кіроўцы, але і пешаходы з задавальненнем прапускалі і ўсміхаліся ўслед.
Хутчэй за ўсё такі «гарачы прыём» на дарозе выклікала не аўто, а наш спосаб пазнаёміцца. На бакавое шкло мы прыляпілі таблічку з надпісам «Калі ў цябе дрэнны настрой — скажы іншаму што-небудзь прыемнае» з нумарам майго мабільнага. Дарэчы, тэкст можа быць любым, але галоўнае — не спудзіць патэнцыйнага жаніха чымсьці накшталт «Шукаю мужа! Вяселле аплачу сама». Пазітыўны і падахвочвальны да дыялогу прыём спрацаваў, і праз хвілін пятнаццаць пасля старту мы размаўлялі па тэлефоне з Міхаілам.
— Што робіш сёння ўвечары? — пачаў новы знаёмы. — Я замоўлю нам столік у кафэ?
Пасля Мішы патэлефанавалі яшчэ Стас, Коля, Ваван і... Маша(!)
— Думаеце, самыя разумныя? — спытала дзяўчына. — Вось так проста ўзялі і ўсіх сваім дурным надпісам прыцягнулі? Але калі ў вас што-небудзь атрымаецца — патэлефануйце, мяне Маша завуць.
Знаёміцца з дзяўчатамі ў нашы планы не ўваходзіла, таму далей мы рушылі без плаката.
***
На аўтазапраўцы «ўключаць бландзінак», каб прыцягнуць увагу хлопцаў, нам не прыйшлося: усё выйшла само сабой. Накрыўка паліўнага бака прымерзла, і, каб выратаваць дзвюх небарак, сабраўся цэлы кансіліум. Нарада складалася выключна з мужчын. «Мне падабаецца вунь той, у жоўтай куртцы, — пачала Кацька, — але і гэты, з тэлефонам у руках, нічога».
Пакуль мы разглядалі кандыдатуры, нашу «ластаўку» выратавалі і заправілі, а «патэнцыйны жаніх» Сяргей пачаставаў кавай.
— І часта вы ў такія сітуацыі трапляеце? — пацікавіўся ён. — Не супраць, калі вашу жаночую кампанію разбавяць два сімпатычныя мужчыны? Коля, давай сюды! — паклікаў хлопца ў спартыўным касцюме.
Акрамя гэтых «ратавальнікаў», у наш бок глядзеў яшчэ адзін прэтэндэнт. Але ён, відаць, быў сціплым, бо падысці так і не адважыўся.
***
— Ты лепш закручвай, бо не даляціць, — інструктавала мяне Каця. — І цаляй больш упэўнена.
Запіскі са сваім нумарам тэлефона ў адчыненыя акенцы машын я закідвала нядоўга. Эксперымент скончыўся на другой спробе, бо падаўся мне недастаткова прыстойным для жанчыны. Мужчыны самі любяць праяўляць ініцыятыву, а я ледзь не ў ложак цягну! Да таго ж — раптам на заднім сядзенні не заўважу яго сяброўку або, куды горш, жонку! Будзе потым спатканне ўтраіх...
***
Нядрэннае месца, куды можна з'явіцца на транспарце, — аўтамыйка. Кантынгент нас задаволіў. Мужчын на любы густ! І ўсе адкрытыя, гатовыя да дыялогу. Як вынік — добрая зніжка на мыццё аўто і новы нумар у тэлефоннай кніжцы. Калі шчыра, то кандыдату я наўрад ці патэлефаную, але не скарыстацца сваёй усмешкай і абаяннем, каб выгадна памыць машыну, проста не змагла!
На аўтасэрвіс нам не трэба, але Кацька — чалавек азартны і дзеля чысціні эксперымента мы проста павінны былі сюды заехаць. Гэтым разам выконвалі ролі моцных і незалежных дзяўчат.
— Я заўсёды паветраны фільтр мяняю сама, але сёння проста няма на гэта часу, — пачала Каця.
Мужчына ўзяўся за справу, а «самастойная жанчына» не супакойвалася.
— Гэта, вядома, мяне не датычыцца, але дзе вы гэтаму вучыліся? — працягвала Каця. — Мне падаецца, гэта можна зрабіць крыху хутчэй?!
Было відаць, што майстру такія неабгрунтаваныя заўвагі не спадабаліся, але ён змаўчаў і пасля таго, як скончыў працу, адразу знік. «Перастаралася, — падумала я пра сястру. — Тут галоўнае мяжу не пераходзіць. Істэрычка і самастойная жанчына — рэчы розныя».
— Прабачце, як вас завуць? — звярнуўся да Каці ўладальнік сіняга BMW, — Крута вы яго на месца паставілі.
***
Яшчэ адзін прыём знайшла ў інтэрнэце. Выбрала яго з-за бязмежнай колькасці хвалебных водгукаў. Сутнасць метаду заключаецца ў тым, каб прыцягнуць увагу мужчыны, стоячы ў заторы, уявіўшы сябе... папугайчыкам. Яркія птушкі заўсёды чысцяць пёркі, напяваюць, радуюцца жыццю, таму іх цяжка не заўважыць.
— Уключай нашую любімую песню, — дала каманду Кацька.
Дзесьці хвілін пятнаццаць сястра танцавала за рулём, а я крыўлялася, страляла вачыма, раз-пораз падфарбоўвала вусны, але не заўважыла ніводнага мужчыны, які б любаваўся намі! «Гэта проста мая блізарукасць» — суцяшала сябе я. Каця паддала газу, і мы паехалі далей.
Каля святлафора заўважыла, што кіроўца вялікага чорнага аўтамабіля не спускае з нас вачэй.
— Ты такая смешная, — звярнуўся да мяне кавалер у шэрым паліто, — я за табой даўно назіраў. Мабыць, смелая? Нумар тэлефона падкажаш?
Па дарозе дадому я думала аб тым, што сучасныя жанчыны ўсё больш падобныя да мужчын: носяць штаны, займаюць кіруючыя пасады, дабіваюцца кар'ернага поспеху... Але замуж па-ранейшаму бяруць вытанчаных лэдзі.
***
Пра тое, як нас хацелі, што называецца ў народзе, «развесці на грошы» на аўтарынку, расказваць не буду. Дадам, што не ўсюды метад «папугайчыка» і «бландзінкі» працуе. Дзесьці лепей быць «мужчынам у спадніцы». Бо замест маторнага масла за 70 рублёў атрымаеце масла такой жа якасці за 120.
ВЫВАДЫ
Чытайце таксама пра іншыя спосабы журналісткі-авантурысткі знайсці жаніха ў краме, транспарце і там, дзе не трэба :)
Сафія ГРОМАВА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?