Вы тут

Жлобін прыняў чарговы міжнародны турнір


Жлобін ужо даўно стаў па-сапраўднаму спартыўным горадам, сваю рэпутацыю ён пацвердзіў напярэдадні, прыняўшы гандбольны адборачны турнір да чэмпіянату Еўропы — 2017 сярод дзяўчат. Месцам правядзення стаў Цэнтр алімпійскага рэзерву, які разгарнуўся на самым беразе Дняпра.


Госці з Партугаліі, Швейцарыі і Грузіі па заслугах ацанілі спартыўны комплекс і засталіся задаволеныя прыёмам беларусаў.

— Мы заўсёды гатовыя прымаць гасцей, таму што рэспубліканскія і міжнародныя турніры праводзім даволі часта, — адзначае дырэктар ЦАР Аляксей Скуркоўскі. — І атрымліваем толькі станоўчыя водгукі, таму што гатовы аказваць і беларускім, і замежным спартсменам поўны пералік паслуг, пачынаючы ад пражывання, харчавання і заканчваючы аднаўленчымі медыцынскімі працэдурамі.

У мінулым годзе Цэнтр алімпійскага рэзерву ў Жлобіне адзначыў сваё дзесяцігоддзе. Сёння ён складаецца з сямі аб'ектаў і ўяўляе сабой своеасаблівую піраміду. Першымі (у 2006 годзе) адкрыліся лядовая арэна, разлічаная на 2000 гледачоў, і плавальны 50-метровы басейн. Пазней з'явіўся аквапарк, які адразу стаў адным з любімых месцаў гараджан. Ён, дарэчы, быў прызнаны «Найлепшым турыстычным аб'ектам» Рэспубліканскага конкурсу «Пазнай Беларусь».

У дадатак у крокавай даступнасці ад ужо наяўных аб'ектаў былі пабудаваныя палац гульнявых відаў спорту на 1500 глядацкіх месцаў, вяслярная база і лыжаролерная траса. Каб Цэнтр быў паўнавартасным універсальным аб'ектам, неўзабаве з'явіўся і гасцінічны комплекс «Дняпроўская жамчужына», які можа прыняць 114 чалавек.

— Сёння ў нас займаецца каля тысячы дзяцей па 7 аддзяленнях. Усе віды спорту — алімпійскія, таму карыстаюцца папулярнасцю, і мы, трэба сказаць, ускладаем надзеі на нашых навучэнцаў. Самымі паспяховымі відамі пакуль з'яўляюцца хакей і плаванне, добрыя вынікі ў нашых выхаванцаў і ў акадэмічным веславанні, у веславанні на байдарках і каноэ і ў валейболе. Біятлон і гандбол пакуль для Жлобіна з'яўляюцца маладымі відамі, таму пра вынікі казаць рана, — адзначае Аляксей Скуркоўскі.

Падчас спаборніцтваў трыбуны не пустуюць.

Тое, што комплекс жыве актыўным жыццём, бачыш, ледзь наблізіўшыся да спартыўных аб'ектаў: практычна каля кожнага з іх клубіцца дзятва.

— Мы тут амаль кожны дзень. Старэйшы сын займаецца хакеем, малодшы — пакуль плаваннем, — расказвае жыхарка Жлобіна Святлана Мікуліч. — Для такіх гарадоў, як наш, падобныя спартыўныя цэнтры проста аддушына, прыходзім сюды і адчуваем сябе жыхарамі сучаснага, развітога горада. Пакуль чакаю дзяцей з трэніроўкі, магу ў кавярню зайсці, перакусіць пасля работы, а некаторыя бацькі ў нас за гэтыя паўтары-дзве гадзіны паспяваюць пазаймацца ў трэнажорнай зале або схадзіць на фітнес. У выхадныя мы тут наогул усёй сям'ёй: муж — у лазню, мы з дзецьмі — на горкі ў аквапарк. Пару разоў на месяц можам дазволіць гэта сабе без шкоды для сямейнага бюджэту. Шчыра вам скажу, кошты ў нас значна адрозніваюцца ад мінскіх, таму спачатку вельмі часта прыязджалі са сталіцы і Гомеля ў наш аквапарк. Калі такія комплексы будуюцца прадумана, з розумам, не ўзнікае пытання — «навошта?» Іншая справа, калі б яны не былі запатрабаваныя, — адзначае Святлана.

Насельніцтва Жлобіна — 75 тысяч чалавек, і спорт тут любяць, гэта відаць па наведвальнасці матчаў хакейнага клуба «Металург» (кіраўніцтва арэны падкрэслівае, што па статыстыцы гульні каманды наведвае кожны другі жыхар горада), ды і гандбольная кваліфікацыя, якая прайшла напярэдадні, пацвярджае актыўнасць грамадзян. Кіраўніцтва комплексу адзначае, што асноўная доля фінансавання на ўтрыманне аб'екта вылучаецца з бюджэту, але вось-вось лічбы наблізяцца да адзнакі 50 на 50.

— Мы блізкія да таго, каб пакрываць палову выдаткаў на ўтрыманне ЦАР за кошт гаспадарчай дзейнасці. У асноўным гэта даходы ад аквапарку, спа-салона, салярыя, більярда, кавярні. Значную частку сродкаў мы атрымліваем ад здачы плошчаў у арэнду, правядзення карпаратыўных мерапрыемстваў і, вядома ж, вучэбна-трэніровачных збораў беларускіх і замежных спартыўных клубаў. Больш за ўсё, вядома, да нас едуць расіяне, таму што кошт у нас ніжэйшы, а якасць паслуг вышэйшая. Але былі і больш далёкія госці, у 2015 годзе прыязджалі плыўцы з Бахрэйна і таксама засталіся задаволеныя, — расказвае Аляксей Леанідавіч.

Поўным прызнаннем паспяховага функцыянавання Цэнтра стала ўключэнне яго ў экскурсійны тур «Залатое кальцо Гомельшчыны».

Да тэмы:

Зборная Беларусі (U-19) у адборачным турніры да чэмпіянату Еўропы заняла трэцяе месца ў групе і не прайшла на Еўра-2017.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: На беразе Дняпра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.