Вы тут

Удар! І мяч у дзявочых далонях!


Юнкары, увага!

Сёння мы друкуем чарговыя найлепшыя «пробы пяра» юных і маладых няштатных аўтараў, што паступілі на наш творчы конкурс. Ён, між іншым, павольна выходзіць на фінішную прамую: не паспеем азірнуцца, як хутка падводзіць вынікі. Зробім мы гэта да пачатку ўступнай кампаніі. Таму тым, хто мае намер таксама паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве, але яшчэ не наважыўся гэта зрабіць, раім крыху паспяшацца. Пераможцы, тыя, хто сёлета збіраецца паступаць на журфак, апроч грамат атрымаюць ад рэдакцыі рэкамендацыі. Нагадваем, што з умовамі правядзення конкурсу больш падрабязна можна пазнаёміцца ў нумары «Чырвонкі. Чырвонай змены» ад 21.10.2016 года. Усім плёну і творчых поспехаў!


Лічыцца, што некаторыя віды спорту — выключна жаночыя, а іншыя — толькі мужчынскія. Шаснаццацігадовая Марыя Свідуновіч, гулец жаночай зборнай Беларусі па футболе, служыць выдатным прыкладам таго, што сучасныя дзяўчаты могуць усё!

Маша займаецца футболам з дванаццаці гадоў. Цікавасць да гэтага віду спорту з'явілася дзякуючы сястры, якая даўно гуляла ў нападзенні.

— Каця часта трэніравалася ў двары, а я стаяла на варотах, і ў мяне гэта добра атрымлівалася, — успамінае дзяўчына.

Таму, калі Марыя прыйшла ў прафесійную каманду, адразу выбрала пазіцыю галкіпера:

— Вам не перадаць, што я адчуваю, калі мяч аказваецца ў маіх руках! Але ёсць і мінусы: шматлікія траўмы і памылкі, якія ўсе абавязкова заўважыць. Нават калі ты будзеш увесь матч гуляць выдатна, але прапусціш недарэчны гол, запомняць менавіта гэты момант.

Юная спартсменка пачынала ў зборнай Кобрынскага раёна. Да гэтага часу з удзячнасцю ўспамінае першага трэнера Рыгора Антонавіча Ачыпоўскага, які ладзіў турніры ў гонар 8 Сакавіка і вазіў каманду на абласныя спаборніцтвы. Гэта дзякуючы яму Маша паступіла ў Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву і трапіла ў зборную краіны. У яе складзе ўдзельнічала ў фінале чэмпіянату Еўропы ў адборачным раўндзе, у міжнародных таварыскіх матчах. Магчыма, у будучыні імя Марыі Свідуновіч стане гэткім жа вядомым, як імя варатара амерыканскай жаночай зборнай Хоўп Сола, якая з'яўляецца яе кумірам.

Маша плануе прысвяціць жыццё спорту і трэніраваць падлеткаў, як Ірына Іосіфаўна Булыгіна. Пра свайго цяперашняга трэнера гаворыць з захапленнем: «Яна ўсю душу ўкладвае ў трэніроўкі і патрабуе гуляць на максімуме. Заўсёды разумее і выконвае свае абяцанні. Яна для нас як другая мама».

Сумяшчаць вучобу і трэніроўкі, па словах Машы, нескладана, галоўнае — жаданне і любоў да ўсяго, што робіш. На пытанне, ці цяжка было б ёй без футбола, яна адказала: «Маё жыццё не будзе такім разнастайным без пастаянных трэніровак, без эмоцый, якія адчуваеш на полі. Калі б забаранілі гуляць, мне было б вельмі сумна».

У вольны час Марыя любіць чытаць, асабліва творы Стывена Кінга. Яго заблытаныя гісторыі прымушаюць браць кнігу ў рукі зноў і зноў.

Пра аўтара

Ангеліне — 17 гадоў. Яна кажа, што ў школе яе любімы прадмет — гісторыя.

— І ў гэтым заслуга найперш майго любімага настаўніка Віктара Эдуардавіча Жука, пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года — 2015», — кажа наша аўтарка.

Яшчэ дзяўчыне падабаецца творчасць Ясеніна і Маякоўскага, часта чытае іх вершы на розных мерапрыемствах. У вольны час Ангеліна любіць маляваць. А таксама з задавальненнем дапамагае маме даглядаць браціка, які нарадзіўся зусім нядаўна.

Сёлета наша аўтарка хоча паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ, вучаніца 11 класа СШ №11 г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.