Абмежавальныя дыеты засталіся ў мінулым. Іх шкода даказана. Як і непамерныя перагрузкі ў трэнажорнай зале. Што да рацыёну, то яго нельга зводзіць да нейкіх там рысу ці яблыкаў — пра гэта ўжо крычаць дыетолагі кожнай краіны. Неабходна поўнасцю мяняць свой лад жыцця, а з ім і харчаванне. Не ведаеце як — спытайце лепш у таго ж тэрапеўта. І майце на ўвазе яшчэ некалькі важных момантаў.
Генетыку ніхто не адмяняў. На сёння вядома вялікая колькасць фактараў, якія кантралююць у нашым арганізме вагу. Таму на першы план выходзіць выключна індывідуальны падыход, а не кефірныя парады ад зорак эстрады.
Вядома, што прыбаўцы вагі спрыяюць такія гармоны, як інсулін, картызол, пралакцін, а вось распаду тлушчу дапамагаюць палавыя гармоны, гармоны шчытападобнай залозы і гармон росту. З гэтага вынікае, што любыя нашы хранічныя захворванні, парушэнні нармальнага функцыянавання арганізма могуць прывесці як да зніжэння масы цела, так і да павелічэння. Хоць два самыя важныя аргументы — колькасць спажытых калорый і дастатковая фізічная нагрузка не адмяняюцца ў любым выпадку.
Дзесьці пасля 30 гадоў мышачная тканка змяншаецца, а таму зніжаецца і хуткасць абмену рэчываў. Таму дабраць ва ўзросце 50+ каля 2—3 кг лічыцца нармальным, але многія набіраюць значна больш менавіта з той прычыны, што не маюць дастатковай фізічнай нагрузкі, хоць есці працягваюць гэтак жа, як і 20 гадоў назад. Што яшчэ іграе адмоўную ролю, дык гэта стрэсы, пераадольваць якія, зноў жа, маглі б дапамагчы плаванне, хада і веласіпед.
Абмяркоўвайце з урачом-гінеколагам пытанне замяшчальнай гармонатэрапіі ў сувязі з надыходам менапаўзы. У Швецыі, напрыклад, яе прымяняюць да 80 працэнтаў жанчын. Такая тэрапія пазбаўляе пакутных прыліваў, зніжае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў, абараняе косці.
Звярніце ўвагу на тырэатропны гармон (магчыма, трэба прайсці адпаведную тэрапію).
Сачыце за ўзроўнем вітаміну D, дэфіцыт якога назіраецца ў 90 працэнтаў насельніцтва, і можна сказаць, ва ўсіх гэтых людзей аўтаматычна можа парушыцца ўзровень палавых гармонаў, павялічваецца рызыка развіцця анкалогіі, алергічных захворванняў, цукровага дыябету. Важным момантам будзе і атрыманне тлустых кіслот амега-3. Так што ешце збожжавыя, алеі, яйкі, авакада, рыбу.
Важна, каб добра працавалі наднырачнікі, ды і наогул страўнікава-кішачны тракт — як засвойваецца ўсё, што мы ядзім?
Памерайце талію. У жанчын яна не павінна быць больш за 92 см, а ў мужчын — больш за 102. Калі гэтыя межы парушаны, значыць, фарміруецца метабалічны сіндром, узрастае рызыка сардэчна-сасудзістых і эндакрыналагічных захворванняў.
Святлана БАРЫСЕНКА
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.