Вы тут

Студэнт і здымнае жыллё: чаго чакаць, на што разлічваць?


Кажуць, што калі падчас вучобы ва ўніверсітэце ты не жыў у інтэрнаце, то і сапраўдны смак студэнцтва не адчуў. Але для многіх хлопцаў і дзяўчат яно звязана са здымным жыллём. Мы папрасілі студэнтаў (былых і цяперашніх) расказаць пра ўласны «кватэрны побыт».


Вя­лі­кі плюс здым­на­га жыл­ля: га­та­ваць мож­на, ка­лі ду­ша і страў­нік па­жа­да­юць.

Выпускнік БДУ Аляксандр Шэлегаў на першых курсах вучобы «выбіваў» сабе інтэрнат удзелам у грамадскім жыцці ўніверсітэта, але ў пэўны момант прамяняў яго на здымную кватэру.

— Проста зразумеў: для мяне гэта больш не варыянт. І насамрэч з'явіліся прычыны, каб адмовіцца ад ложкамесца на чацвёртым курсе, як бы дзіўна гэта ні прагучала. У інтэрнаце нельга захоўваць веласіпед, а я люблю паганяць на ім па горадзе, тым больш што ў Мінску для гэтага створаны ўсе ўмовы. Вядома, яго можна пакінуць на дварэ, але гэта небяспечна: і крадзяжы здараюцца, і дождж са снегам моцна псуюць асобныя дэталі. Таксама час ад часу ўзнікалі непаразуменні з суседзямі па пакоі з-за таго, што для мяне галоўнае — праца, а для іх — адпачынак. І менавіта тады я пачаў зарабляць столькі, што ўжо мог дазволіць сабе здымнае жыллё.

Сёння Саша жыве ў двухпакаёвай кватэры разам з двума такімі ж выпускнікамі, як ён сам.

Суседзяў хлопец шукаў праз сацыяльныя сеткі: даў аб'яву і чакаў, пакуль адгукнуцца знаёмыя альбо знаёмыя знаёмых. На яго думку, спачатку лепш вызначыцца з суседзямі і толькі потым ужо разам пачынаць пошукі кватэры.

— Прыкладна паўтара месяца мы патрацілі на тое, каб разгледзець усе варыянты, якія знайшлі ў інтэрнэце. Адабралі каля дзесяці і ездзілі іх паглядзець. Самым галоўным для нас, напэўна, былі месцазнаходжанне жылля і яго плошча. У выніку спыніліся на гэтай кватэры, бо яна ў цэнтры горада і тут можна паставіць нашы веласіпеды, — кажа хлопец і паказвае калідор, прастору якога амаль поўнасцю займаюць два ровары.

Саша жыве ў асобным пакоі, за сцяной — суседзі. Кожны плаціць па 115 долараў у месяц, для маладых спецыялістаў — дарагавата, затое кватэра ўтульная, «з рамонтам» і побач з метро.

— Ніхто не сочыць, у колькі я вяртаюся дадому ці каго прыводжу ў госці. Аднойчы мы запрасілі да сябе шмат сяброў, але, зразумела, стараліся паводзіць сябе ціха, бо гэта ж не наша жыллё, — кажа Саша. — Падабаецца яшчэ і тое, што ніякіх строгіх правілаў наконт прыбірання ў нас няма. Можам і разам парадак навесці, можам і па чарзе «падзяжурыць», а можам за пяць хвілін да прыходу гасцей, як сёння. Гатуем звычайна асобна і ў розны час. Вайны за пліту ці ванны пакой у нас не бывае. Магчыма, таму што мы хлопцы...

Для Андрэя Ждановіча, студэнта пятага курса БНТУ, той факт, што месца ў інтэрнаце яму не дадуць, стаў непрыемным сюрпрызам непасрэдна ў дзень засялення.

— Дагэтуль я там жыў некалькі курсаў, хаця і не меў ніякіх ільгот, але спадзяваўся на лепшае, — успамінае Андрэй. — Напрасіўся пераначаваць у далёкага сваяка і праз сяброў-знаёмых пачаў пошукі кватэры. Як па мне, гэта самы хуткі і надзейны спосаб: табе дакладна не параяць дрэнны варыянт, не падмануць і не кінуць, адабраўшы грошы.

Знаёмы ўзяў Андрэя да сябе на падсяленне, але ў тым жа годзе ён скончыў універсітэт і з'ехаў з Мінска працаваць па размеркаванні. Цяпер пяцікурснік адзін займае другі паверх невялікага дома ў прыватным сектары. Унізе жыве гаспадыня — бабуля 83 гадоў.

— За жыллё плачу 150 рублёў, частку з якіх зарабляю сам, а частку даюць бацькі. Паколькі я дапамагаю гаспадыні па гаспадарцы, то аплату за камунальныя паслугі з мяне не бяруць. У цэлым яна вельмі добра да мяне ставіцца, без залішняй увагі. Ведаю ад сяброў пра такіх гаспадароў, што любяць усунуць свой нос у чужое жыццё. Мне ў гэтым плане пашанцавала. З другога боку, час ад часу бывае сумна аднаму, у інтэрнаце, зразумела, жыццё больш насычанае. Можна было сабрацца вялікай кампаніяй. Зараз да мяне прыходзяць сябры, але гэта ўжо не тое... Асабліва не «пагалдзіш». Гаспадыня хоць і сталага ўзросту, але чуе добра. Бывае, рыхтуюся да кантрольных ці экзаменаў ноччу, хаджу па пакоі туды-сюды, а яна мне ранкам: «Ты чаго не спаў?»

Асноўная праблема, з якой сутыкнуўся Андрэй, жывучы на кватэры, — адсутнасць інтэрнэту.

Гаспадыня ў ім ніякай патрэбы не мела, таму і не праводзіла, а маладому чалавеку, ён, вядома, неабходны: «Падключаць нешта ў сваім доме бабуля адмаўлялася, бо баялася, што за ўсё ёй прыйдзецца плаціць самой. Тады я зрабіў гэта без яе дазволу, але хутка праўда адкрылася: з-за новага кабелю, які я правёў за свой кошт, тэлефонная сувязь стала лепшай. Атрымалася, што і я, і яна засталіся ў выйгрышы».

Студэнт чацвёртага курса БДУІРа Пётр Заяц і рады быў бы засяліцца ў інтэрнат, але месца для яго не хапіла. Затое ўніверсітэт дапамог з пошукамі кватэры.

— Перад пачаткам навучальнага года мне прапанавалі адрасы жылля, дзе чакаюць менавіта студэнтаў. Цяпер я здымаю пакой у кватэры, дзе жывуць і гаспадары — муж і жонка. Прыемныя людзі. Калі засяляўся, яны адразу сказалі: можаш прыводзіць у госці сяброў ці дзяўчыну, ты малады, і мы ўсё разумеем. Гаспадыня нават гатуе мне ежу, я толькі загадзя прадукты набываю. За гэта ёй, вядома, асобны вялікі дзякуй! — кажа Пеця. — А на першым курсе мы з аднакласнікам жылі на кватэры ў жанчыны даволі сталага ўзросту. Дык гэта было няпроста. Яна пастаянна забывалася выключыць ваду ці святло, а пасля абвінавачвала нас. Таму ўсім, хто цяпер знаходзіцца ў пошуках жылля, раю: глядзіце не толькі на ўмовы, але і на гаспадароў. Лепш, калі вы адразу знойдзеце з імі агульную мову.

Пры ўсім камфорце, што сёння ёсць у хлопца, ён бы ўсё роўна не адмовіўся жыць у кватэры без гаспадароў.

У наступным семестры Пеця збіраецца шукаць новае месца, каб здымаць яго разам з сябрамі, тады і грошай прыйдзецца аддаваць больш. За цяперашні пакой яго бацькі плацяць 80 долараў.

— Да таго часу трэба будзе ўладкавацца на працу, каб самому вырашаць пытанне з аплатай. Хочацца цалкам ні ад каго не залежаць, а пакуль гаспадыня чымсьці нагадвае мне маці. Бывае, выходжу куды-небудзь увечары, а яна мне: «Ты куды?» Гэта не дрэнна, проста я адчуваю: надыйшоў час станавіцца дарослым і самастойным.

Ганна КУРАК, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.