Вы тут

Добры студэнт той, які правільна паеў; Атрымаць «вышку» ў тры заходы


Добры студэнт той, які правільна паеў

Усяго толькі 32 працэнты студэнцкай моладзі Алматы аддаюць перавагу правільнаму харчаванню, перадае кругласутачны канал навін «Хабар 24».

Гэта вынік гастранамічнага даследавання, якое правяла Нацыянальная асацыяцыя «Дэнсаўлык». Да яго прыцягнулі больш за 50 першакурснікаў. Студэнты на працягу месяца праводзілі сацыяльнае апытанне сярод аднагодкаў у 18 ВНУ Алматы. Апытаны 1300 чалавек ва ўзросце ад 18 да 21 года. Рэспандэнтам прапанавалі ўказаць, якую менавіта ежу яны набываюць часцей за ўсё. Высветлілася, што многім складана прытрымлівацца здаровага харчавання, і яны перакусваюць на хаду. 34 працэнты алмацінскіх студэнтаў аддаюць перавагу змешанаму харчаванню — у сталовых і фастфудах. І яшчэ 19 працэнтаў сілкуюцца выключна фастфудам.


Атрымаць «вышку» ў тры заходы

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў пілотны ўказ аб змяненні структуры вышэйшай адукацыі ў краіне. Праект будзе рэалізаваны ў 2023-2024 і 2025-2026 навучальных гадах у шасці расійскіх ВНУ.

Фота: pexels.com

Згодна з дакументам, вышэйшая адукацыя будзе ўключаць тры ступені: базавая вышэйшая адукацыя, спецыялізаваная вышэйшая адукацыя, а таксама аспірантура.

Першая ступень — гэта базавая або асноўная вышэйшая адукацыя з тэрмінам навучання ад чатырох да шасці гадоў. Другой ступенню стане спецыялізаваная вышэйшая адукацыя, куды ўвойдуць магістратура (адзін-два гады), ардынатура, асістэнтура-стажыроўка. І трэцяя ступень — гэта аспірантура (ад'юнктура).

Базавы, ці асноўны, узровень будзе адпавядаць бакалаўрыяту або спецыялісту. Яго галоўная задача — забяспечыць міждысцыплінарны, практыка-арыентаваны падыход да падрыхтоўкі кадраў. Дакладныя тэрміны навучання на гэтай ступені будуць устанаўлівацца зыходзячы з патрэб рынку працы. Задача спецыялізаванай вышэйшай адукацыі — паглыбленая падрыхтоўка для тых, хто прайшоў першую прыступку.

Аспірантура ж будзе выдзелена ў асобны ўзровень, на якім будуць фарміравацца навуковыя і навукова-практычныя кадры. Для паступлення ў аспірантуру спатрэбіцца скончыць базавую прыступку тэрмінам не менш за пяць гадоў. Таксама аспірантура будзе даступная для тых, хто атрымаў спецыялізаваную вышэйшую адукацыю.

Адзначаецца, што рэалізоўваць пілотны праект будуць на базе шасці расійскіх ВНУ: Маскоўскага авіяцыйнага інстытута, Нацыянальнага даследчага тэхналагічнага ўніверсітэта «МіСІС», Маскоўскага педагагічнага дзяржуніверсітэта, Санкт-Пецярбургскага горнага ўніверсітэта, Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта, Нацыянальнага даследчага Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ва ўказе гаворыцца, што пералічаныя ВНУ павінны да пачатку новага навучальнага года падрыхтаваць адукацыйныя стандарты і патрабаванні адукацыі па кожным з трох узроўняў.

Акрамя таго, выпускнікі ВНУ, якія праходзілі навучанне па праграмах спецыялітэта, змогуць паступіць у магістратуру.


Інтэлектам вышэй за Эйнштэйна

Школьніца з Манчэстэра Анвіта Паціл прайшла ІQ-тэст Менса і атрымала вынік у 162 балы, абагнаўшы па ўзроўні інтэлекту Альберта Эйнштэйна і Стывена Хокінга, піша Manchester Evenіng News.

У гэтых сусветна вядомых вучоных ІQ быў на ўзроўні 160 балаў. Пры гэтым сярэднім у свеце лічыцца ІQ 100 балаў. На момант здачы тэста Паціл было 11 гадоў. Яна вучыцца ў сёмым класе прыватнай школы для дзяўчынак на поўдні Манчэстэра. Верагодна, на ўзровень інтэлекту дзіцяці паўплывалі яе бацькі: тата Анвіты — кансультант у Нацыянальнай службе аховы здароўя, а маці — доктар матэматычных навук.

Дзяўчынку запрасілі ў таварыства Менса. У арганізацыі ўдзельнічаюць толькі тыя людзі, якія здалі тэст на ІQ лепей, чым 98 працэнтаў насельніцтва.

Акрамя мэты даць магчымасць разумным людзям размаўляць адзін з адным, таварыства мае таксама іншыя задачы. Напрыклад, арганізацыя ўдзельнічае ў праграмах для адораных дзяцей, развіцця пісьменнасці, дае стыпендыі.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.