Вы тут

Адбіраць ці не пускаць?


У першай палове мая пасажыры, якія рэгулярна падарожнічаюць паміж ЗША і Еўропай, замерлі ў прадчуванні непрыемнасцяў — у СМІ была анансавана забарона правозу ноўтбукаў у ручной паклажы на рэйсах у гэтым кірунку.


Папярэдне было дакладна вядома, што абмежаванні закрануць Заходнюю і Усходнюю Еўропу, але ўсё магло аказацца значна шырэй, бо трактоўка амерыканскімі авіякампаніямі еўрапейскай геаграфіі магла аказацца недакладнай. Першая праблема заключаецца ў тым, што па розных класіфікацыях ва Усходнюю Еўропу ўключаюць не толькі Расію, Беларусь, Украіну, Румынію, Малдову, Балгарыю, Сербію, Грузію, Арменію і Азербайджан, але часта і Польшчу, Венгрыю, Чэхію, Славакію (якія называюць сябе Цэнтральнай Еўропай), а таксама і Літву, Латвію і Эстонію (калі разглядаць класіфікацыю ЮНЕСКА), якія самі сябе пазіцыянуюць як Паўночную Еўропу. Другая праблема ў тым, што рашэнне абмежавацца толькі Заходняй і Усходняй Еўропай у класічным разуменні было незразумелым з пункту гледжання патрэб бяспекі. З усіх названых краін Усходняй Еўропы, якая разглядалася ў максімальна шырокім разуменні, тэрарыстычныя рызыкі павышаны перш за ўсё ў Расіі і Украіне, а ў тых жа краінах Балтыі, напрыклад, тэрарызм практычна нулявы.

Так што цалкам магло аказацца, напрыклад, што пад Заходняй Еўропай у ЗША разумеюць аўтаматычна і Паўднёвую, якая ў найбольшай ступені прылягае да рэгіёнаў з высокай рызыкай тэрарызму. Гэта вынікае са зробленых раней дзеянняў. У сакавіку гэтага года ЗША ўжо забаранілі праносіць у ручной паклажы тэхніку пасажырам, якія перамяшчаюцца з 10 аэрапортаў, у тым ліку з ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Катара, Турцыі і іншых усходніх краін і краін Паўночнай Афрыкі. А гэтыя дзяржавы знаходзяцца на парозе Паўднёвай Еўропы, а зусім не Заходняй. Калі браць зноў жа прыклад нядаўна ўведзеных абмежаванняў у Вялікабрытаніі, то там пасажырам з гэтага рэгіёна ўжо нельга правесці нічога, акрамя мабільнага тэлефона, абмежаванні распаўсюджваюцца, акрамя ноўт-
букаў, і на планшэты і фотаапараты. А ўсё пачыналася некалькі гадоў таму ўсяго толькі з забароны браць з сабой у салон ваду.

З пункту гледжання бяспекі такое новаўвядзенне ўяўлялася сумнеўным. Калі так ужо асцерагаюцца выбухоўкі ў гаджэце, то заўсёды ёсць просты спосаб праверыць — папрасіць пасажыра яго ўключыць. Сам неаднаразова бачыў, як гэта адбываецца ў аэрапортах падчас праходжання кантролю бяспекі, і пытанне вырашаецца на месцы вельмі хутка. Вытворцы складанай тэхнікі настолькі спаборнічаюць у мініяцюрызацыі сваіх вырабаў, што ўставіць у сучасны ноўтбук або планшэт выбухоўку без страты працаздольнасці прылады практычна немагчыма. Ну а калі папаўся ўжо зусім стары цяжкі ноўтбук — адзін раз на дзвесце пасажыраў — то яго можна праверыць і больш дэталёва.

Але гэта мы можам разважаць такім чынам, а сілавыя структуры, ахопленыя службовым запалам, звычайна робяць так, як ім прасцей. Няма ноўтбука ў ручной паклажы — няма і пытання аб тым, ці можа ў ім быць выбухоўка.

17 мая адбыўся скандал, з якога стаў зразумелы такі намер па забароне ноўтбукаў. Па выніках сустрэчы Прэзідэнта ЗША Трампа з міністрам замежных спраў Расіі Лаўровым у прэсу прасачылася інфармацыя, што сакрэтны агент адной з дружалюбных да ЗША краін паведаміў аб намеры «Ісламскай дзяржавы» падарваць пры дапамозе замініраванага ноўтбука амерыканскі самалёт.

У выніку 18 мая пасля перагавораў паміж прадстаўнікамі ЕС і чыноўнікамі Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША стала вядома, што забарона на правоз ноўтбукаў усё ж уводзіцца не будзе. Якім чынам удалося ўгаварыць сілавікоў адмовіцца ад яе?

Зразумела, што многія пасажыры пацярпелі б, калі б з сабой нельга было пранесці ноўтбук. У найбольшай ступені цяжка прыйшлося б архітэктарам, у якіх на вельмі дарагія ноўтбукі ўстаноўлены магутныя праграмы, што каштуюць тысячы долараў. Іх у звычайны багаж дакладна здаць не рызыкнеш. Няпроста прыйшлося б і вучоным, якія любяць збіраць мноства даных на свае ноўтбукі, ім давялося б усё гэта капіяваць на флэшкі перад кожным палётам і арандаваць пасля прыезду ноўтбукі за мяжой. Але думаецца, галоўная прычына — пазіцыя вельмі ўплывовых у ЗША і ЕС бізнесменаў. Яны ад увядзення забароны апынуліся б у вельмі складанай сітуацыі, асабліва тыя, хто імкнецца штогадзіны прысутнічаць на біржы, складаныя праграмы па ўзаемадзеянні з якой загружаны на іх ноўтбукі. За імі стаяць трыльёны долараў узаемных інвестыцый на тэрыторыі заходняга свету, і цярпець нязручнасці яны не збіраюцца.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.