Вы тут

Імёны з «шорт‐ліста»


Упершыню ў Беларусі назвалі лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва

У жніўні 2016 года Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абвясціла: у краіне будзе заснаваная Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. І літаральна тыдзень таму ў Палацы мастацтваў адбылася першая ў краіне ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў доўгачаканай прэміі.


Навіна пра магчымасць стаць лепшым у сваёй справе ўскалыхнула айчынную мастацкую прастору: творцы праявілі вялікую цікавасць да конкурсу. Усяго на ўдзел паступіла 310 заявак, а на суд журы было прадстаўлена 63 прэтэндэнты. Стаць удзельнікамі конкурсу маглі аўтары твораў выяўленчага мастацтва ў любых відах, жанрах і мастацкіх тэхніках і аўтары твораў літаратуры пра выяўленчае мастацтва, створаных за апошнія тры гады.

Прафесійнае журы павінна было вызначыць пераможцаў конкурсу ў дзесяці намінацыях: «Навацыя», «Творчы дэбют», «Мастацкая фатаграфія», «Дызайн», «Жывапіс», «Графіка», «Скульптура», «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», «Дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва», «Мастацтвазнаўства і крытыка». Творы ўсіх лаўрэатаў можна ацаніць на выстаўцы «Шорт-ліст», якая арганізаваная ў сталічным Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.

З’яўленне Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва — падзея важная і знакавая: мастацтва нашай краіны развіваецца, і гледачу патрэбныя арыенціры і разуменне таго, што ёсць добра і чаму.

Самі ж аўтары ўпэўнены, што такая сур’ёзная ўзнагарода дае ім магчымасць быць канкурэнтаздольнымі. Бо калі няма канкурэнцыі, няма і стымулу знаходзіць арыгінальныя рашэнні ў творчасці. А калі ўлічваць, што ў кожнай намінацыі спаборнічаюць мастакі высокага прафесійнага ўзроўню, гэта толькі павялічвае матывацыю.

З якой перыядычнасцю будзе ўручацца Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва, яшчэ вырашаецца. Аднак Міністэрства культуры ўжо займаецца распрацоўкай палажэння аб тэрмінах правядзення.

— Пакуль мы не вырашылі канчаткова, як далей будзе арганізоўвацца прэмія, — адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. — Магчыма, варта ладзіць цырымонію раз на два гады ці раз на тры. Гэта звязана з тым, што мастацкі працэс залежыць ад натхнення, нельга спяшацца, заганяць мастакоў у межы. Творы павінны выспець, быць да канца гатовымі. Мы ж пакуль маем магчымасць атрымліваць асалоду ад тых твораў, якія дэманструюць мастакі сёння.

Паколькі прэмія нацыянальная, то да мастацкіх твораў у журы шэраг патрабаванняў. Работы павінны прадстаўляць нацыянальную школу мастацтваў, адпавядаць нацыянальнай тэматыцы, узнімаючы ў тым ліку і філасофскія пытанні. І яшчэ адна няпростая задача для ўдзельнікаў — арыгінальна сумясціць у творах наватарства, традыцыі і сімвалы краіны (не ў прамым, а ў аўтарскім разуменні).

— Калі мастак заслужыў званне лаўрэата Нацыянальнай прэміі — гэта вельмі высока і адказна, — адзначае старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Бо сутнасць не ў тым, каб прыгожа нешта намаляваць. Трэба зрабіць унёсак у нацыянальную культуру. Перад кожным аўтарам стаіць задача: расказаць пра нашу нацыянальную гісторыю сучаснай пластычнай мовай, выкарыстоўваючы індывідуальны аўтарскі стыль, раскрыць вобраз краіны, паказаць яе глыбіню і зачараванне. Прычым не трэба выдумляць таго, чаго не існуе: наша краіна дае магчымасць праз яе раскрыць талент, прафесіяналізм.

Калі Міністэрства культуры абвясціла, што ў Беларусі з’явіцца Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва, гэта стала штуршком не толькі для знакамітых у арт-прасторы творцаў. Не пакінулі без увагі творчасць маладых аўтараў, бо мастацтва паяднана з маладосцю і энергічнасцю, і менавіта моладзь — рухавік мастацтва. Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак упэўнены, што прэмія — своеасаблівы абмен думкамі паміж тымі, хто пачынае, і тымі, чыя творчасць ужо вядомая гледачу: прафесіяналы могуць быць прыкладам, ёсць магчымасць падзяліцца ўласнымі напрацоўкамі, падтрымаць на творчым шляху. Маладыя здольныя захапіць калег унутраным запалам і амбітнасцю.

 Спецыяльна для прэміі распрацаваныя ўзнагароды, зробленыя са шкла. На іх нанесены лагатып з нацыянальным каларытам. Акрамя статуэтак, кожны з пераможцаў атрымаў грашовыя прэміі ў памеры ста базавых велічынь у кожнай намінацыі. Але, як адзначалі пераможцы, для іх асабліва прыемнае і важнае прызнанне і адзнака прафесійнага журы (экспертаў у сферы мастацтва).

Вікторыя АСКЕРА

Лаўрэаты першай Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва:

 «Жывапіс»: Уладзімір Тоўсцік.

«Графіка»: Рыгор Сітніца.

«Скульптура»: Васіль Цімашаў і Паліна Пірагова.

«Дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва»: Мікалай Кузьміч.

«Творчы дэбют» (і прыз глядацкіх сімпатый): Алеся Скарабагатая.

«Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва»: Глеб Отчык.

«Навацыя»: Сяргей Белавокі.

«Дызайн»: Эліна Шындлер.

«Мастацкая фатаграфія»: Яўген Колчаў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.