Вы тут

«Палітра вясны»: нацюрморты і партрэты, кветкавыя кампазіцыі, вясновыя абстракцыі


«Як чорны хлеб, // Свой чорны дзень цані, // Бо чорным днём // Святло відаць выяўней», — пісаў Рыгор Барадулін, і менавіта падобныя думкі можна адшукаць у безлічы сціплых і небагатых на фарбы беларускіх пейзажаў і нацюрмортаў. Жыццесцвярджальныя і суцяшальныя, напоўненыя дзіўнай энергіяй, прыхаванай прамяністасцю, яны нават у самыя змрочныя часіны здольны падарыць надзею.


Вікторыя Валюк «Кветкавая рапсодыя», 2023 г

Актуальнае мастацтва імкнецца выцесніць усё падобнае — мастакоў папракаюць у адстутнасці ў іх творах катэгарычнасці і відавочнай праблематыкі, пазбяганні ўсялякіх канцэпцый, прыпадабненні жыццю, нежаданні змяняць свет у рэшце рэшт... Аднак карціны ў традыцыйных жанрах дакладна нельга і немагчыма скінуць з умоўнага месца на п’едэстале. Уражвае іх здольнасць уздзейнічаць на гледача, весці з ім гутарку на адной мове, дарэчы, не на такой ужо зразумелай, як можа здацца на першы погляд. І за шчырую размову глядач заўсёды будзе ўдзячны. 

Традыцыйная выстаўка-віншаванне «Палітра вясны», прымеркаваная да 8 Сакавіка, працуе ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Немудрагелістыя нацюрморты і партрэты, знаёмыя кветкавыя кампазіцыі і вясновыя абстракцыі прадставілі больш за 45 сучасных аўтараў. Гэта члены Беларускага саюза мастакоў, Еўразійскай мастацкай садружнасці, арт-студыі «Аквавір». Убачыць работы сталых і юных жывапісцаў, графікаў, акварэлістаў можна да 7 красавіка. 

Наталля Гедрановіч «Белая ружа», 2021 г

Тэма вясны вельмі папулярная ў беларускім мастацтве. Безумоўна, многае ў ім было створана, каб суцяшаць і натхняць, а калі гэта рабіць, як не вясной? Што найлепшым чынам дапаможа паказаць ціхамірнасць жыцця, радасць і спакой чалавечага дня, як не пейзаж з ціхай рачулкай ці нацюрморт з пышным букетам бэзу на акне? Штогадовая выстаўка «Палітра вясны» прызначана для таго, каб нагадаць пра светлае, цёплае, шчырае. 

Сярод аўтараў, якія паўдзельнічалі ў праекце, — Лізавета Пастушэнка, Ганна Алёшына, Наталля Шапавалава, Таццяна Матусевіч, Наталля Наўроцкая, Вольга Кароль-Закрэўская, Валянціна Іванькова, Ірына Данскова, Таццяна Царова, Ніка Віткоўская, Вікторыя Валюк, Наталля Паплаўская... Погляд мужчын праілюстраваны работамі Уладзіміра Даўгялы, Віктара Данілава, Зміцера Мшара, Андрэя Савіча, Юрыя Лешыка, Георгія Міхейчыка і Сяргея Цігарава. 

Кацярына Вішнеўская «Хутка вясна», 2011 г

Большасць работ «Палітры вясны» — нацюрморты і кветкавыя кампазіцыі, збольшага простыя і лаканічныя. Напрыклад, Таццяна Матусевіч намалявала «Фіялкавую паляну» (2023), Таццяна Царова адлюстравала «Ружы на акне» (2002), а Валянціна Ранцэвіч прапанавала кампазіцыю «Квітнеюць півоні» (2023). Сярод твораў, якія вызначаюцца цікавым бачаннем вясны, — «Бэзавы настрой» (2003) Уладзіміра Даўгялы, «Дыханне вясны» (2024) Наталлі Ліньковай, «Белая ружа» (2021) Наталлі Гедрановіч, «Хутка вясна» (2011) Кацярыны Вішнеўскай, «Кветкі палявыя» (2002) Кацярыны Паплаўскай. Гэтыя і многія іншыя — узорныя не толькі для тэматычнай выстаўкі, але і для жанру. 

Віктар Данілаў «Ах, гэты белы бэз!», 2020 г

Некаторыя творы, асабліва ў параўнанні, выглядаюць даволі слабымі. Справа не ў кампазіцыі ці сюжэце (або яго адсутнасці). Як правіла, з дапамогай таго ж нацюрморта мастакі прагнуць прадэманстраваць каларыстычныя магчымасці, тонавую сугучнасць колераў, пераходы адценняў, гульню святла і гэтак далей. Некаторыя ж аўтары, чые творы прадстаўлены на выстаўцы, не шукаюць цікавыя рашэнні, не імкнуцца да нетыповых спалучэнняў ці арыгінальных вобразаў. Так, губляюцца на фоне іншых работы Аляксандры Пармон («Каля возера», 2018), Сафіі Піскун («Букет», 2022), Юліі Навейкі («Ператварэнне, 2017), Ганны Алёшынай («Абуджэнне», 2023). 

Выстаўцы па-сапраўднаму не хапіла абстракцый і пейзажаў, а яшчэ сюжэтных работ. Пацешыў «Ідэальны горад» (2022) Лізаветы Пастушэнкі, зачаравала «Саната ў зялёным» (2023) Марыны Эрэнбург, парадаваў зваротам да беларускай культуры «Наш сад» (2000) Наталлі Паплаўскай, яркімі фарбамі прыцягнула палатно «Птушкі вяртаюцца» (2021) Наталлі Лебедзевай... Гэта амаль усе адыходжанні ад тэмы кветак, што пануе ў «Палітры вясны». Усё ж хочацца большай разнастайнасці. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.