Тры кашулі, пяць пар шкарпэтак і ўбор для дыскатэкі. Вось далёка не поўны спіс таго, што дзіцяці абавязкова трэба ўзяць з сабой у лагер. Больш за 350 тысяч школьнікаў адпачнуць гэтым летам у аздараўленчых лагерах. Як там рыхтуюцца да заезду? Мы наведаліся ў лагер «Гарызонт», дзе ўжо ў панядзелак чакаюць першую змену.
Лагер, добра знаёмы яшчэ савецкім школьнікам, знаходзіцца непадалёк ад пасёлка Радашковічы, за 40 кіламетраў ад сталіцы. Тут улетку адпачываюць дзеці супрацоўнікаў не толькі прадпрыемства «Гарызонт», але і яшчэ больш чым 700 арганізацый Мінска і Мінскай вобласці.
Праз дарогу — лагер «Маяк», які цудам пазбегнуў закрыцця.
— Ён быў на балансе іншага прадпрыемства холдынга. Не акупляўся. І летам 2015 года проста не адкрыўся. З мінулага года мы далучылі яго да сябе. Цяпер за змену можам прыняць 1080 дзяцей, — расказвае дырэктар Сацыяльнага комплексу «Кіруючай кампаніі холдынга «Гарызонт» і начальнік аздараўленчага лагера Вольга ІЛЬІНА.
Суседні «Маяк» прынялі ў дастаткова сціплым стане. Лагер больш за год не працаваў, і яго тэрыторыя стала зарастаць. Летась там пачалі рамонт. Абнавілі актавую залу, сталовую, адзін з жылых карпусоў. Цяпер у памяшканнях значна камфортней. Тут паставілі новую мэблю, «перашылі» столь, аздобілі сцены ў холе дэкаратыўнай тынкоўкай.
— Інтэр'ер у пакоях будзем узмацняць тэкстылем, — дадае начальнік лагера. — Нам у Гродне цяпер шыюць шторы і пакрывалы.
Работы на далучанай тэрыторыі яшчэ шмат. Затое вырашылася праблема дэфіцыту памяшканняў для гурткоў. Педагогі будуць задаволены.
Ідзём у галоўнае месца лагера — сталовую. Пакуль без стуку лыжак і паху баршчу. Для дзяцей будзе арганізавана пяціразовае харчаванне, дагаворы на пастаўку прадуктаў даўно падпісаны.
— За аснову мы бралі двухтыднёвае меню, рэкамендаванае Рэспубліканскім цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Школьнікі штодзень будуць атрымліваць фрукты, малочныя прадукты. У рацыён абавязкова ўваходзяць кашы, супы, мяса, — расказвае Вольга Ільіна.
За змену ў лагеры выпіваецца амаль дзве тысячы літраў кефіру, з'ядаецца 6,5 тысячы апельсінаў і 12,5 тысячы катлет. На тэрыторыі будзе працаваць буфет. Таму ў спякоту дзеці змогуць купіць сабе ваду і марожанае.
Пытанне бяспекі таксама пад кантролем. На варотах заўсёды стаіць вартаўнік, плюс на летні час у лагер камандзіруюцца два супрацоўнікі міліцыі.
Па словах Вольгі Ільіной, попыт на аздараўленчыя пуцёўкі расце другі год запар. У свеце сітуацыя неспакойная, вось бацькі і аддаюць перавагу адпачынку дома. На другую і трэцюю змены ўжо ў красавіку не было месцаў. Яшчэ па сто чалавек запісалі ў чаргу на той выпадак, калі хтосьці ад броні адмовіцца.
Да заезду дзяцей лагер рыхтуе не толькі матэрыяльную базу, але і выхаваўча-забаўляльную праграму. Для школьнікаў прыдумваюць розныя праекты. Напрыклад, дзецям старэйшага ўзросту ў мінулыя гады прапаноўвалі паспрабаваць сябе ў якасці аніматараў, прайсці прафесійна-арыентацыйнае тэсціраванне. Сёлета ахвотных будуць вучыць бізнес-мысленню.
Утрымліваць дзіцячы лагер прадпрыемству сёння няпроста, прызнаецца суразмоўніца.
— Але наш генеральны дырэктар Юрый Прадко падтрымлівае развіццё сацыяльнай сферы. Вельмі дапамагаюць гарадскія ўлады.
Лагер таксама стараецца зарабляць. Прапануе платныя праекты — заняткі па робататэхніцы, кітайскай мове, курс для дзяўчат па этыкеце, макіяжы і стылі, англамоўную змену (сумесна з брытанскімі дзецьмі). А ў міжсезонне, калі тэрыторыя пераўтвараецца ў аздараўленчы комплекс для дарослых і дзяцей, прымае ў сябе спартакіяды і турзлёты. Каб да новага сезона мець магчымасць абнавіць яшчэ корпус.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Мінск — Радашковічы — Мінск
У тэму
- З 2003 года Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выдаткоўвае грошы на летняе аздараўленне дзяцей у загарадных кругласутачных лагерах. Сродкі ідуць на зніжэнне кошту пуцёвак для школьнікаў са шматдзетных, няпоўных, малазабяспечаных сем'яў, дзяцей-інвалідаў. Сёлета на гэтыя мэты ФПБ накіравала 110 тысяч рублёў. Летась — 100 тысяч, што дазволіла на льготных умовах аздаравіць 2178 дзяцей.
- У цэлым матэрыяльная дапамога з прафсаюзнага бюджэту на куплю пуцёвак у мінулым годзе склала больш за 1,5 мільёна рублёў. Накіроўваецца таксама фінансаванне на набыццё мэблі ў лагерах, гульнявога і спартыўнага інвентару.
- Каб гарантаваць бяспечныя ўмовы знаходжання дзяцей у летніках, прафілактыку траўматызму, тэхнічныя інспектары працы правяраюць лагеры да пачатку сезона. Асаблівая ўвага ўдзяляецца гульнявым і спартыўным пляцоўкам.
- Спартыўны клуб ФПБ актыўна аздараўляе падчас летніх канікул школьнікаў са спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. Летась у адмысловых лагерах (кругласутачных і дзённых) адпачылі і павысілі сваё майстэрства 21 тысяча дзяцей.
Лічыльнік
За пуцёўку для дзіцяці ў спартыўна-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем бацькам давядзецца аддаць у сярэднім 269 рублёў (сумы прыводзяцца з улікам датацый), з дзённым знаходжаннем — 23 рублі. Змена ў кругласутачным аздараўленчым лагеры будзе каштаваць 235 рублёў (у дзённым — 18 рублёў), у профільным аздараўленчым з кругласутачным знаходжаннем не менш за дзевяць дзён — 25, у дзённым лагеры працы і адпачынку — 15. Памеры датацый на пуцёўкі павялічаны ў сярэднім на 9 працэнтаў.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.