Вы тут

Пачатак тыдня будзе дажджлівым і ветраным


Першая палова бягучага тыдня будзе дажджлівай і ветранай, надвор'е палепшыцца бліжэй да выхадных, паведамляюць у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. Прычына таму — актыўныя атмасферныя франты, што рухаюцца на тэрыторыю краіны з боку Балтыйскага мора.


Сёння днём, у аўторак, на большай частцы краіны прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 метраў за секунду. Гэта будзе суправаджацца навальніцамі, а ноччу ў асобных раёнах па ўсходзе Беларусі пройдуць моцныя дажджы. Тэмпература ўначы складзе 9—15 градусаў, удзень — 15—21. У сталіцы будзе воблачна з праясненнямі, магчымая навальніца. У Мінску будзе панаваць заходні вецер з парывамі да 20 м/с., тэмпература ноччу складзе 11—13 градусаў, днём — 16—18.

У сераду дажджлівае і ветранае надвор'е захаваецца, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы навальніцы з узмацненнем ветру парывамі да 15—20 м/с. Ноччу слупок тэрмометра будзе знаходзіцца на ўзроўні 9—14 градусаў, днём паветра прагрэецца да 12—19 цяпла, а па паўднёвым захадзе да 20—22. Далей з ростам атмасфернага ціску надвор'е палепшыцца, вецер сціхне, а дажджы на большай частцы тэрыторыі Беларусі скончацца.

У чацвер чакаецца надвор'е без ападкаў, толькі па ўсходзе краіны ў асобных раёнах могуць прайсці кароткачасовыя дажджы. Тэмпература ўначы складзе 5—10 градусаў, удзень — 14—20, па паўднёвым захадзе да 23.

Паводле папярэдніх прагнозаў, канец тыдня таксама будзе характарызавацца больш спакойным надвор'ем. У пятніцу пераважна без ападкаў, па захадзе краіны магчыма кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература ўначы 5—12, удзень 18—25. У выхадныя Беларусь застанецца ў зоне высокага ціску, да нас прыйдуць малаактыўныя франты з Заходняй Еўропы. Так, у суботу дажджы прагназуюцца толькі на паўднёвым захадзе, начная тэмпература складзе 8—15 градусаў, дзённая — 17—24, а па паўднёвым усходзе — да 27.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пачатак тыдня — з парасонам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.