Двойчы Герой Савецкага Саюза, першы беларускі касманаўт Пётр Клімук прыехаў на малую радзіму, у Брэсцкі раён, каб адзначыць сваё 75-годдзе. Пётр Ільіч пабываў у сваёй роднай вёсцы Камароўцы, потым у Тамашоўцы, дзе працуе музей касманаўтыкі. Там лётчык-касманаўт сустракаўся са сваякамі, сябрамі, знаёмымі. Пазней ён сказаў, што большага шчасця і не трэба, чым сустракаць 75 гадоў на радзіме, на Брэстчыне.
Годнага сына Беларусі павіншаваў з юбілеем кіраўнік дзяржавы. «Ваш жыццёвы шлях — яркі прыклад самаахвярнага служэння Айчыне. Мужнасць, прафесіяналізм, шырокая эрудыцыя, адказнасць і адданасць сваёй справе дазволілі Вам стаць выдатным лётчыкам-касманаўтам, двойчы Героем Савецкага Саюза, — гаворыцца ў віншаванні. — Мы ганарымся Вамі, сваім знакамітым земляком, першым беларусам, які падняўся ў космас». У круглай зале гарвыканкама сабралася шмат людзей, каб павіншаваць з юбілеем вядомага чалавека. Гонарам нашай Брэстчыны назваў касманаўта ў вітальным слове старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс. Горача павіншаваў таварыша аднакласнік — Герой Беларусі Пётр Пракаповіч. Добрыя словы таксама сказалі дэпутаты, грамадскія дзеячы, моладзь. Ад ахвотных атрымаць аўтограф касманаўта адбою не было.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота БЕЛТА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?