Вы тут

Гарачае надвор'е чакаецца ў Беларусі ў выхадныя


Гарачае надвор'е з кароткачасовымі дажджамі і навальніцамі чакаецца ў Беларусі ў выхадныя, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Самы гарачы дзень гэтага летняга сезона быў 2 жніўня, сярэднясутачная тэмпература паветра перавысіла кліматычную норму на 4—8 градусаў, а днём паветра прагравалася да плюс 29—35. У наступныя дні захаваецца цёплае надвор'е, але без навальнічных дажджоў не абыдзецца.

Прагрэлася вада ў рэках і вадаёмах. Тэмпература вады ў Заходняй Дзвіне складае 20—22 градусы вышэй за нуль, у Нёмане — 22—24, у Дняпры — плюс 22—25, у Сожы і Прыпяці — каля 25 градусаў цяпла, у возеры Нарач — 22, у Заслаўскім і Вілейскім вадасховішчах — 21 градус вышэй за нуль.

У пятніцу, 4 жніўня, пад уплывам чарговай сістэмы атмасферных франтоў, якія змяшчаюцца з Заходняй Еўропы, ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, а днём пераважна па паўднёвым усходзе Беларусі пройдуць кароткачасовыя навальнічныя дажджы, месцамі чакаюцца моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе 16—22 градусы вышэй за нуль. Днём будзе 24—29 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе чакаецца плюс 30—32.

У суботу, 5 жніўня, надвор'е будзе знаходзіцца пад уплывам няўстойлівых цёплых паветраных мас, у некаторых раёнах не абыдзецца без кароткачасовых дажджоў. Тэмпература паветра ўначы складзе 12—18 градусаў вышэй за нуль, па паўднёвым усходзе — да плюс 20. Днём прагназуецца 22—29 градусаў.

У нядзелю, 6 жніўня, надвор'е будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі днём па захадзе адаб'ецца ўплыў малаактыўных франтальных падзелаў, якія перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы. Ноччу будзе без ападкаў, днём у некаторых раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Ноччу месцамі слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 11—17 градусаў вышэй за нуль. Днём чакаецца 21—28 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе — да плюс 30.

У пачатку наступнага тыдня захаваецца цёплае надвор'е. У панядзелак ноччу пераважна па ўсходзе, днём у некаторых раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 11—18 градусаў вышэй за нуль, днём будзе плюс 21—28. У аўторак і сераду, 8—9 жніўня, надвор'е будзе фарміраваць у асноўным вобласць павышанага атмасфернага ціску, на паўднёвым захадзе адаб'ецца ўплыў франтальнага падзелу. Будзе пераважна без ападкаў, толькі днём па паўднёвым захадзе Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 11—18 градусаў вышэй за нуль, днём чакаецца 20—27 цяпла. У сераду па поўдні краіны паветра прагрэецца да плюс 28—30.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Спёка і ападкі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.