Вы тут

Як стаць лепшым дыджэем?


Сяргей Сямашка, ён жа Dj Аіrо Аmіs, заняў першае месца ў Рэспубліканскім конкурсе «Бітва дыджэяў «Беларусь і я», які праходзіў падчас Дня моладзі ў рамках ХХVІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».


Пераможца рэспубліканскага конкурсу «Бітва дыджэяў «Беларусь і я» Сяргей Сямашка — Dj Аіrо Аmі

Тады на адкрытай пляцоўцы на плошчы Перамогі весялілася, «запальвала», перамагала ў розных конкурсах, словам, вяла рэй моладзь з усёй краіны. Арт-парад маладзёжных субкультур, дыска-фолк «Вышыванка.bу», традыцыйная патрыятычная акцыя «Мы памятаем і ганарымся», песні, танцы — шматлікія мерапрыемствы былі аб'яднаны агульнай тэматыкай «Беларусь — крыніца натхнення». Кульмінацыяй жа стала грандыёзная маладзёжная вечарына — творчы конкурс дыджэяў, якая сабрала пераможцаў рэгіянальных тураў. Акунуцца ў музычна-танцавальную атмасферу гасцям фестывалю дапамаглі лепшыя дыджэі краіны. А Мінскую вобласць прадстаўляў добра вядомы Dj Аіrо Аmіs — Сяргей Сямашка з Беразіна.

— Упершыню паўдзельнічаў у конкурсе дыджэяў у 2013 годзе. Тады і паставіў перад сабой мэту — абавязкова вярнуцца з запаветным першым месцам. Удасканальваў навыкі, прыдумваў новыя гукі, спалучаў з імі музычныя кампазіцыі — не здраджваў захапленню і ішоў да гэтай перамогі пяць гадоў. Калі пачуў, што менавіта мяне прызналі лепшым дыджэем, — эмоцыі перапоўнілі! Бязмерная радасць, шчасце, усмешкі. Ура! Я гэта зрабіў, — прыгадвае мой суразмоўнік.

Дарэчы, спецыяльнай музычнай адукацыі хлопец не мае, але, як ён прызнаецца, у яго душы заўсёды жыве музыка. Пасля заканчэння Бярэзінскай гімназіі атрымаў прафесію інжынера ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце і нават два гады шчыраваў па спецыяльнасці ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Першамайскі». Цяпер жа ён працуе інжынерам Бярэзінскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Ды, пагадзіцеся, спецыяльная падрыхтоўка для творчасці не заўсёды патрабуецца. Сяргей сам, эксперыментуючы, навучыўся тэхнічным прыёмам і тонкасцям, патрэбным сучаснаму дыджэю, разабраўся ў розных музычных кірунках і стылях.

— Пацвярджэннем таго, што Сяргей сапраўды творчы чалавек, стала рэакцыя публікі на «Славянскім базары». Калі музыку «круціў» Сяргей, панаваў ашаламляльны настрой і ўсіх перапаўнялі яркія эмоцыі. Адчувалася, што хлопец умее працаваць і з гукам, і з публікай. Але іншыя дыджэі таксама ўскалыхнулі, завялі, разварушылі прысутных. Безумоўна, складана было выбраць найлепшага з найлепшых.

— Цікава, на што ў першую чаргу члены журы звяртаюць увагу ў такіх конкурсах? — запытала я ў Сяргея.

— На якасць звядзення трэкаў і іх колькасць за невялікі прамежак часу, уменне працаваць з публікай, падбор матэрыялаў... Каб усё гэта выканаць, вядома ж, неабходна справіцца з хваляваннем. Але, шчыра прызнаюся, у мяне яно прысутнічала, пакуль не абвясцілі вынікі.

— А як зразумець, ці падабаецца твая музыка?

— Гэта адразу бачна па рухах людзей — актыўна танцуюць альбо «вяленька». Калі да гадзіны ночы з пляцоўкі ніхто не сыходзіць, а, наадварот, прысутных прыбывае з кожным трэкам, і калі пад раніцу ўва ўсіх баляць ногі, а, прыйшоўшы дадому, яны ўспамінаюць, як класна патанцавалі напярэдадні, — значыць, у мяне ўсё атрымалася.

Падтрымаць Сяргея, «пахварэць» за яго і паўдзельнічаць у Дні моладзі на «Славянскім базары» прыехалі юнакі і дзяўчаты Бярэзіншчыны. Такое невялікае падарожжа для іх арганізаваў Бярэзінскі райкам БРСМ.

— Дні моладзі — гэта добрая нагода пазнаёміцца маладым людзям з усёй краіны, паказаць свой талент, навучыцца чамусьці новаму і цікаваму, — зазначыла выконваючая абавязкі першага сакратара Алеся Гурынава. — Безумоўна, вельмі хвалявалася за Сяргея. Рада, што ён заняў заслужанае  першае месца. Жадаем яму новых значных перамог!

Юлія БУКЕЛЬ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.