Вы тут

Працягваецца конкурс на распрацоўку талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў


Прыняць удзел у ім можа любы ахвотны, і трэба сказаць, многія зацікаўленыя ўжо паспелі скарыстацца гэтай магчымасцю. Міністэрства інфармацыі, якое займаецца прыёмам конкурсных работ, ужо назапашвае ідэі беларусаў. Сярод іх прапановы зрабіць талісманам будучых Еўрагульняў бусла, васілёк і нават трактар. З'явіліся і дзіўныя персанажы, напрыклад Бульбазаўр ці Бэтмен.


Нагадаем, што талісман павінен адпавядаць агульнай канцэпцыі Еўрапейскіх гульняў, быць лёгкім і зразумелым балельшчыкам і гледачам, выклікаць станоўчыя асацыяцыі і адпавядаць слогану «Brіght Yеаr, Brіght уоu» («Час яскравых перамог»). Узор талісмана павінен быць прадстаўлены ў электроннай форме ў выглядзе каляровага малюнка, выкананага ў любой тэхніцы (уключаючы камп'ютарную графіку). Малюнак талісмана неабходна суправадзіць кароткай тлумачальнай запіскай, якая раскрые творчыя ідэі аўтара, а таксама змесціць прапановы ў дачыненні да імя (наймення) талісмана.

У Міністэрстве інфармацыі адзначылі, што некаторыя ўдзельнікі забываюць пра тое, што талісман павінен быць вытрыманы ў адным стылі з лагатыпам Еўрагульняў, на якім намалявана папараць-кветка, і быць звязаным з купальскай ноччу. Сярод паўсотні работ сустракаюцца цікавыя малюнкі без заявак, таму арганізатары заклікаюць больш уважліва ставіцца да ўмоў конкурсу. У працэс пачалі ўключацца і прафесіяналы, свой інтарэс да конкурсу праявілі ўжо некалькі дызайнераў, а наогул, пераважная большасць заявак прыходзіць ад дарослых і толькі некалькі ўдзельнікаў — гэта дзеці.

Конкурс завершыцца 15 лістапада, яго вынікі будуць абвешчаныя ў снежні. Уладальнікі першых трох прызавых месцаў атрымаюць запрашальныя білеты на мерапрыемствы ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама камплекты парадна-спартыўнай экіпіроўкі беларускай зборнай.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: З'явіўся Бульбазаўр і Бэтмен

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.