Вы тут

У Магілёве прайшоў тыдзень «Залатога шлягера — 2017»


Калі падлічыць, колькі прагучала за гэты час прызнанняў Магілёву ў любові ад артыстаў розных краін, можна смела казаць, што фестываль папулярны ў любым куточку свету. Госці прыехалі на яго з Расіі, Латвіі, Аўстрыі, Іспаніі, Германіі, Італіі, ЗША... Аляксандр Малінін, Ігар Карнялюк, Аляксандр Сяроў, Валерый Дайнека, Юрый Лаза, Марына Хлебнікава, Ірына Шведава, культавы гурт 80-х «Jоу», легендарны іспанскі дуэт «Bассаrа», ансамблі «Камерата», «Сіняя птушка» і шмат іншых удзельнікаў зноў вярталі сваіх прыхільнікаў на некалькі дзесяцігоддзяў назад, прымушаючы іх ускокваць з крэслаў, танцаваць і падпяваць.


Афрыку Сімону не трэба было шукаць слоў, каб прызнацца ў любові беларусам (справа вядучы Дзяніс Дудзінскі).

— Гэты яркі музычны форум даўно стаў візітоўкай Магілёва як цэнтра аднаго з буйных фестывальных рухаў, найбагацейшага па культурных традыцыях рэгіёна. Сюды імкнуцца прыехаць выдатныя творчыя калектывы, знакамітыя артысты. На працягу свайго існавання гэты маштабны форум неаднаразова пацвярджаў свой высокі ўзровень, не саступаючы еўрапейскім стандартам падобных мерапрыемстваў, — сказаў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар на адкрыцці фестывалю.

— Правядзенне фестывалю стала магчыма дзякуючы ў свой час падтрымцы Прэзідэнта краіны. За 22 гады «Залаты шлягер» стаў унікальным фестывальным праектам, які яднае пакаленні, вяртае маладосць і дазваляе кожнаму дакрануцца да найлепшых узораў эстраднай музыкі, якія праз любоў і прызнанне слухачоў сталі сапраўднымі шлягерамі, — падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, старшыня аргкамітэта міжнароднага музычнага фестывалю «Залаты шлягер — 2017» Андрэй Кунцэвіч.

Ірына Шведава зноў трывожыла душу «Афганскім вальсам».

Першыя пазыўныя фестывалю прагучалі ў 1995 годзе. За гэты час у Магілёве выступілі сотні любімых артыстаў і калектываў. Для кагосьці фестываль стаў стартавай пляцоўкай, якая дала пуцёўку ў жыццё, а нехта зноў адчуў, што яго песня па-ранейшаму любімая і запатрабаваная. Пра неперадавальную атмасферу музычнага свята казалі і сёлетнія яго ўдзельнікі. Шмат хто з іх прыязджае на фестываль не першы раз. Вольга Пірагс, цудоўная джазартыстка, выканаўца знакамітага хіта Райманда Паўлса «Белы раяль» і іншых, прызнавалася: «Я прыехала сюды адпачываць душой». З настальгіяй аб тых часах казалі рускія «песняры» — вакальна-інструментальны ансамбль «Добры малайцы», асабліва шкадуючы, што з афішы знік вельмі важны конкурс ВІА — жанр, на жаль, выміраючы. «Мяне запрасіў сюды адзін з удзельнікаў, і я не расчараваны», — казаў выканаўца з ЗША Квенцін Мур, які трапіў на форум упершыню. «Залаты шлягер» адрознівае ад іншых камернасць і душэўнасць. Не забываюць тут і тых, каго ўжо няма побач. Для спявачкі Тамары Міянсаравай «Залаты шлягер» быў родны, яна прысутнічала на ім з першых канцэртаў, з'яўлялася старшынёй конкурсу маладых выканаўцаў. А песня «Сонечны круг» у яе выкананні стала не проста хітом — гімнам міру. У памяць аб ёй і як сімвал пераемнасці гэту песню на сёлетнім фестывалі спявалі маладыя артысты.

Шчыры беларус Ігар Карнялюк.

Папулярны кампазітар і наш зямляк Алег Жукаў напісаў за сваё жыццё больш за 300 песень для расійскіх і беларускіх выканаўцаў, многія з іх сталі шлягерамі. Сёлета яму споўнілася 80 гадоў, але, як ён прызнаўся, песні не даюць яму старэць, а на «Залатым шлягеры» ён наогул адчувае сябе маладым. Зал апладзіраваў яго хітам пра добрых малайцоў у выкананні ансамбля з аднайменнай назвай і «Сэрцу беларуса», якую праспяваў беларускі поп-фольк-гурт «Лялькі карпарэйшан». Наогул шлягерны рэпертуар складаўся не толькі з найлепшых твораў эстраднага мастацтва. Поўную залу сабраў канцэрт саліста Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя К. С. Станіслаўскага і У. І. Неміровіча-Данчанкі Чынгіса Аюшэева і салісткі Каралеўскага опернага тэатра Італіі Алены Аюшэевай. У суправаджэнні магілёўскага аркестра народных інструментаў імя Л. Іванова яны праспявалі любімыя народам рускія песні і арыі з вядомых опер.

Аўтограф Ігара Карнелюка чытачам «Звязды»

Нічога не заменіць жывых стасункаў з артыстамі. Іх на «Залатым шлягеры» заўсёды шмат. Прычым шчырых, без прыкмет зорнай хваробы. Бо гэта зусім іншы ўзровень выканаўцаў. «Падыходзьце да мяне, буду рада паразмаўляць з кожным», — казала пасля агульнай прэс-канферэнцыі Ірына Шведава, вядомая па пранізлівых хітах 90-х «Амерыка-разлучніца» і «Афганскі вальс». А Ігар Карнялюк, калі даведаўся, што з ім жадае паразмаўляць карэспандэнт найстарэйшай беларускамоўнай газеты Беларусі, адразу ж перайшоў на родную мову. Ён ужо даўно пецярбуржанец, але родныя карані не губляе. Ён і па пашпарце застаецца беларусам.

«Шлягер» сказаў: бывай. Але водгукі яго канцэртаў яшчэ доўга будуць лунаць над Магілёвам. Як сказаў яшчэ адзін сёлетні госць — эксцэнтрычны Афрык Сімон: калі ёсць музыка, не важна, на якой мове ты размаўляеш, бо гэта мова — універсальная. І з ім нельга не пагадзіцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Bассаrа», Карнялюк і «Сіняя птушка»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.