Вы тут

У дзяцей з аўтызмам ёсць будучыня


Яшчэ некалькі гадоў таму большасць беларускіх бацькоў ставіла крыж на паспяховай будучыні сваіх «маленькіх прынцаў» (так называюць малых з аўтызмам. — Аўт.) Але ў апошні час шмат што, дзякуй богу, змянілася. З'явіліся школы з інклюзіўным асяроддзем, цьютары, тэатр, дзе ў ролі акцёраў выступаюць і дзеці з аўтызмам, стартаваў праект «Спорт-інклюзія». Вялікай радасцю для мам і татаў стала адкрыццё ў Мінску інклюзіўнага цэнтра падтрымкі і суправаджэння сем'яў пры міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі».

Мы сустрэліся са спецыялістам па сэнсарнай інтэграцыі Інклюзіўнага цэнтра Аляксандрам ГАЛАМОНАВЫМ перад заняткам з яго першым падапечным Ільёй. І пагаварылі пра маленькія і вялікія перамогі.


— Што такое сэнсарная інтэграцыя, і як яна можа дапамагчы дзецям з аўтызмам?

— Сэнсарная інтэграцыя — гэта рэабілітацыйны метад, які праз адчуванні дапамагае значна палепшыць жыццё дзіцяці: павысіць яго здольнасць да навучання, наладзіць узаемадзеянне з навакольным светам. Заняткі праходзяць у форме своеасаблівай гульні.

Першапачаткова гэты метад быў распрацаваны не для «маленькіх прынцаў», а для хлопчыкаў і дзяўчатак, у якіх ёсць праблемы з сэнсорыкай. Джын Айрэс, якая вынайшла яго, заўважыла, што часта праблемы з навучаннем узнікаюць не таму, што дзеці няздольныя, гэта можа быць звязана з асаблівасцю апрацоўкі зрокавай, слыхавой, тактыльнай, вестыбулярнай інфармацыі. Напрыклад, вучню з сэнсарнымі парушэннямі складана ўлоўліваць тое, пра што кажа настаўнік, ён пачынае нервавацца, круціцца, не можа засяродзіць увагу, праяўляе нейкія незвычайныя паводзіны. Пазней, калі вучоныя ўзяліся за больш дэталёвае даследаванне сімптаматыкі аўтызму, высветлілася, што 80—90% дзяцей з такім дыягназам маюць праблемы з сэнсорыкай. Яны адчуваюць па-іншаму. Мы вось з вамі сядзім, размаўляем, нам камфортна. А дзіця, можа быць, сядзела бы на гэтым пуфе, як на іголках. Таму што яго цела давала б адчуванне не мяккасці, а дыскамфорту.

— З Ільёй вы займаецеся ўжо другі год. Падзяліцеся вынікамі сваёй работы.

— Калі б вы прыйшлі да мяне на заняткі год таму і зараз, думаю, убачылі б вялікую розніцу. Вось толькі адзін прыклад. Акрамя заняткаў у зале, якія пачаліся гэтым летам, мы з Ільёй ходзім у басейн. Там я таксама выкарыстоўваю прынцыпы сэнсарнай інтэграцыі. Спачатку Ілья садзіўся ў ваду ў нарукаўніках і мог хаатычна махаць рукамі. А цяпер 50-метровы басейн ён праплывае туды і назад сам, яшчэ і ныраючы пры гэтым на глыбіню два метры па прадмет, які я кідаю.

Ва ўсіх дзяцей, з якімі я працую, ёсць прагрэс. Хтосьці стаў трымаць лыжку правільней, хтосьці пачаў раўней хадзіць... Бацькі кажуць, што дзеці сталі больш спакойныя, спагадлівыя, сканцэнтраваныя.

— Наколькі важна бацькам, акрамя заняткаў у цэнтры, самастойна займацца з дзіцем дома сэнсарнай інтэграцыяй?

— У ідэале ўсё акружэнне дзіцяці павінна рухацца ў адным узгодненым кірунку. А сэнсарная інтэграцыя — ісці поруч з працай псіхолага прыкладнога паводзінскага аналізу (яшчэ адзін эфектыўны метад рэабілітацыі дзетак з аўтызмам, які таксама актыўна выкарыстоўваецца ва ўсім свеце. — Аўт.). Усё акружэнне дзіцяці павінна быць знаёмае з такой работай, з рэкамендацыямі спецыялістаў, з тым, што трэба прымяняць дома, у школе, на прагулцы. І вось у такім выпадку гэта залог паспяховай рэабілітацыі, у тым ліку сацыяльнай адаптацыі малечы. У адваротным выпадку гэта будуць проста выкінутыя час, грошы і сілы бацькоў, без відавочнага выніку цяпер і ў будучыні.

— А калі ў бацькоў няма магчымасці вадзіць дзіця ў залу сэнсарнай інтэграцыі? Напрыклад, сям'я не вельмі забяспечаная або жыве ў вёсцы далёка ад Мінска?

— Такім бацькам тым больш трэба шмат чытаць, вучыцца метадам рэабілітацыі, спосабам сэнсарнай разгрузкі, паводзінскага аналізу. Займацца дома трэба кожны дзень. Гэта важна. Я рэкамендую максімальна шмат часу праводзіць з дзіцем на прыродзе, дазваляць яму лазіць па дрэвах, турніках, вельмі важна, каб малы качаўся па траве, хадзіў басанож, катаўся на веласіпедзе, каньках, лыжах. Тэмпература, рух, падзенне, трэнне — гэта ўсё сэнсарная стымуляцыя, неабходная любому дзіцяці, а асабліва з дыягназам аўтызм.

Многія ж мамы саромеюцца сваіх «маленькіх прынцаў», бо тыя могуць пры сэнсарнай перагрузцы ўчыніць істэрыку ў грамадскім месцы. Бацькі замыкаюцца ў чатырох сценах, каб лішні раз не ствараць стрэсавую сэнсарную і, як вынік, паводзінскую сітуацыю. Але гэта дэструктыўны шлях. Таму што рэальна дапамагчы дзіцяці з аўтызмам можна толькі праз інклюзію, праз паслядоўную адаптацыю яго да жыцця ў грамадстве.

У нас у цэнтры, дарэчы, ёсць спецыялісты, якія могуць падказаць бацькам, як знайсці грошы не толькі на рэабілітацыйныя заняткі для дзіцяці, але і на ўласнае навучанне. Напрыклад, дапамагчы прыцягнуць спонсарскую падтрымку пры дапамозе фандрайзінгу.

— Якое ваша стаўленне да медыкаментознага лячэння аўтызму?

— Цяпер у сусветнай практыцы медыкаментознае лячэнне прымяняюць у крайнім выпадку і ўсё часцей адмаўляюцца ад яго абсалютна. Бо, дзякуй богу, ужо ёсць разуменне і навуковае тлумачэнне таго, што праблема гэтым не вырашаецца. Таблеткі маскіруюць рэальны стан дзіцяці. У выніку, калі праводзіцца сэнсарная рэабілітацыя, спецыяліст працуе не з рэальнай праблемай, а з замаскіраванай. Стан дзіцяці не натуральны для яго, сфарміраваны медыкаментозным спосабам. У выніку мы можам пайсці па ілжывым следзе. Каб вынікі былі рэальнымі, важна працаваць з чыстым станам дзіцяці.

— Як адаптаваць дзіця з аўтызмам да прафесійнага жыцця, каб яно не сядзела на шыі ў бацькоў?

— У дзяцей з аўтызмам, як правіла, ёсць нейкая ярка выяўленая здольнасць. Часцей у матэматычных напрамках — яны любяць лічбы. Напрыклад, у Ізраілі, дзе грамадства падрыхтавана да прыняцця асаблівых людзей, гэта ўлічылі. Юнакоў і дзяўчат з сіндромам Аспергера — аднаго з відаў расстройстваў аўтычнага спектра — бяруць у войска. Яны там апрацоўваюць інфармацыю, вялікія масівы лічбаў і даных, з якімі звычайнаму чалавеку сумна працаваць. А людзям з аўтызмам, наадварот, такая праца прыносіць задавальненне.

Сярод людзей з аўтызмам вельмі шмат таленавітых ІT-спецыялістаў, мастакоў, спартсменаў. Таму я заўсёды раю бацькам выкарыстоўваць захапленне свайго асаблівага дзіцяці для ўсебаковага навучання. Напрыклад, любіць хлопчык дыназаўраў. Дарослым трэба падтрымліваць гэты інтарэс. Выкарыстоўваючы цікавасць да тых жа дыназаўраў, можна вучыць яго чытаць, лічыць, вывучаць замежную мову, гуляць у футбол...

Зараз ёсць эфектыўныя метады, якія вырашаюць і паводзінскія праблемы, і сэнсарныя. Ёсць прыклады, калі дзеці з аўтызмам вучацца ў школе разам са звычайнымі дзецьмі. Сталеючы і атрымліваючы адукацыю, яны выдатна сацыялізуюцца, працуюць, як і ўсе звычайныя людзі, жывуць асобна, але абавязкова пад наглядам і пры падтрымцы псіхолагаў. Хацелася б, каб у нашай краіне былі жаданне і сілы ў бацькоў працаваць з гэтым, а ў арганізацый — разуменне і магчымасць дапамагаць ім у якасці спонсараў.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Незвычайныя гульні для «маленькіх прынцаў»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.