Вы тут

Пытанне праз эпохі ад Максіма Гарэцкага


Роздум пра Беларусь-радзіму, яе мінулае і будучыню пранізвае ўсю літаратурную спадчыну Максіма Гарэцкага. Надзвычай паслядоўна і таленавіта гісторыка-патрыятычная праблематыка ў яго творчасці выявілася ў драматычны час рэвалюцый 1917-га і наступных гадоў, калі ў беларускага народа ўзнікла перспектыва дзяржаўнага самасцвярджэння. Аб гэтым сведчаць два знакавыя творы пісьменніка — аповесці «Ціхая плынь» і «Дзве душы».


Уладзімір Стальмашонак «Максім Гарэцкі», 1983 г.

Аповесць «Ціхая плынь» пісалася М. Гарэцкім на працягу 1917—1918 гадоў. Якраз тады перад беларускім народам паўсталі праблемы нацыянальнага і дзяржаўнага самавызначэння. Мастацкімі сродкамі ў гэтым творы пісьменнік сцвярджае: ніхто, ніякая знешняя сіла не зацікаўлены бараніць Беларусь і беларусаў; настаў час насельнікам «забытага краю» прачнуцца ад «сумных сненняў». «Ціхая плынь», як і ўся спадчына М. Гарэцкага, вызначаецца глыбокім мастацка-філасофскім роздумам аб мінулым і будучыні беларускага народа. Ідэал новай, маладой Беларусі, абуджанай і адроджанай дзеля таго, каб «народ наш жыў па-беларуску, радзіў сваіх інтэлігентаў, бліжэй кажучы — шчырых маладабеларусаў, а не палякаў з «Забранай Літвы» і не русакоў «с Западного краю», выразна прасочваецца ў гэтым дасканалым творы.

Драматызм лёсу Беларусі і беларускага народа прыносіў боль і пакуты М. Гарэцкаму, але спадзяванне, што народ здабудзе годную будучыню, ніколі не пакідала яго. Гэта было важнай ідэяй-марай пісьменніка. Сваю мастакоўскую мэту ён бачыў у тым, каб «…паказаць беларусу, у якой пушчы ён блудзіць і дзе ляжыць яму дарога на поле, шырока-далёкае, роднае поле вольнага жыцця»…

Распавядаючы пра выдатны розум і вайсковы спрыт князёў Лугвеневых, М. Гарэцкі даводзіць, што раней слынныя і вартыя людзі былі сынамі і гаспадарамі гэтай зямлі, пра іх добрыя справы пісалі свае і чужыя хронікі. Неаднойчы ў творы М. Гарэцкі падкрэслівае: там, дзе некалі шумела вольная рада магутных і ганарлівых продкаў «нашай белай косці», там, дзе звінеў звон рады і бразгала «гострае шабелле», зараз запусценне. Дэталёва, з выразным сумам аўтара-апавядальніка, прысутнасць якога ў аповесці «Ціхая плынь» прасочваецца выразна як свядомая творчая стратэгія, апісваецца, як паступова ўсё разбураецца, трухлее, гіне. Знакамітае ў мінулым мястэчка забыта шумным светам і «ціха спіць». Мастацкімі сродкамі М. Гарэцкі даводзіць прычыны вымірання краю. Адна з галоўных, — і гэта выразна прачытваецца ў падтэксце, — заключаецца ў тым, што не засталося тут сапраўдных гаспадароў, якія б з гонарам апекаваліся родным краем і сваім народам. Ужываючы былінна-сказавую стылістыку аповеду, аўтар уздымае вострую для таго часу праблему выхавання, фарміравання нацыянальна свядомай грамадскай эліты, блізкай да жыцця народа інтэлігенцыі, сыноў-будзіцеляў і збавіцеляў. Гэта было надзвычай актуальным у той час, калі пісаўся твор.

Выразна гуманістычная, адраджэнцка-асветніцкая канцэптуальнасць аповесці рэалізуецца на ўзроўні аўтарскага светаадчування і ўвасабляецца ў многіх лірыка-іранічных ці філасофска-роздумных пазасюжэтных развагах аўтара-апавядальніка. Вось, напрыклад: «Жыццё, жыццё! Мы ўсе прыходзім на свет хто песняром, хто разьбяром, а хто і тым і сім патроху. Мы ўсе гады прачнавання нашага розуму — рэфарматары нягоднага старога, будаўнікі лепшай сацыяльнасці, славутыя настаўнікі ці добрыя разбойнікі… Але частачаста жыццё нічагусенькі не пакідае нам і робіць жаласнымі старцамі без пары. …Надышлі гады жыццёвага амбарасу і бясконцага дурнога клопату — і знішчылі творчую радасць, растапталі дыямент у пабітым шкле, з паэта зрабілі быдліну».

Разуменне Бацькаўшчыны, радзімы ў творах М. Гарэцкага звычайна звязана з беларускай вёскай, якая, на думку аўтара, асноўная матэрыяльная і духоўная сфера беларуса. «Будучыня адраджэння беларусаў залежыць ад селяніна», — сцвярджаў яшчэ ў 1914 годзе аўтар «Ціхай плыні». За мастацкімі вобразамі і лірыка-філасофскімі абагульненнямі выразна прачытваецца думка Максіма Гарэцкага аб абавязку народнай інтэлігенцыі сплаціць доўг беларускай вёсцы, Бацькаўшчыне. Неабходнасць гэтага глыбока ўсведамлялася пісьменнікаміадраджэнцамі пачатку ХХ стагоддзя — Цёткай, Янкам Купалам, М. Багдановічам, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем і іншымі.

Далейшы пакутлівы і драматычны лёс Бацькаўшчыны і яе сыноў М. Гарэцкі прасачыў у наступным, 1919 годзе, прароча паказаўшы антынародную сутнасць бальшавізму ў аповесці «Дзве душы».

Час напісання аповесці «Дзве душы» — 1918—1919 гады. Гэта драматычна складаны і супярэчлівы час, калі вырашаўся лёс Беларусі. Асноўны сюжэт твора — гісторыя Ігната Абдзіраловіча. Гэта яго аўтар надзяліў «дзвюма душамі». Герой М. Гарэцкага жыве ў першыя гады савецкай улады, у імклівую эпоху, якая не дае часу для роздуму: варта ці не прымкнуць да бальшавікоў, што яны зробяць добрага для краіны і для беларусаў, ці дапамогуць беларускаму народу рэалізаваць сваё адвечнае права «людзьмі звацца»… Тая эпоха патрабавала ад чалавека прымаць не толькі хуткае, але і правільнае рашэнне…

Герой, як можа здавацца, занадта доўга не можа вызначыцца ў сваіх грамадскіх ідэалах, і ў гэтай акалічнасці, несумненна, заключаецца важная аўтарская пазіцыя — асабістая стрыманасць М. Гарэцкага ў адносінах да новай улады. І менавіта таму, што герой на раздарожжы, бачыцца ўдумлівае, аб’ектыўнае і праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці пісьменнікам.

Вельмі выразна характарызуецца бальшавіцкі парадак праз душэўныя пакуты малодшага брата Абдзіраловіча — Васіля. Ён далучыўся да бальшавікоў, паверыў іх абяцанням зрабіць лепшым жыццё працоўнага народа. Пануры і змрочны, у глыбокім роздуме ён вяртаецца з вёскі, дзе павінен быў рэквізаваць у сялян збожжа. На пытанне Абдзіраловіча, як сяляне ўспрымаюць гэта, са змрочным гумарам Васіль адказвае: «Як прымаюць? Вот так сабе, як і гдзе: дзе каламі, дзе чым» [1, с. 81]. Выконваючы заданне партыі па харчразвёрстцы, Васіль убачыў канаючую ад нястачы і голаду сялянскую вёску.

Вобразы змагароў за беларушчыну — Ірыны Сакавічанкі, Міколы Канцавога і Міколы Сухавея — пазначаны ледзь прыкметнай аўтарскай сімпатыяй. Аднак, думаецца, пісьменнік у гэтым дыскусійным творы даў права голасу найперш тыповым прадстаўнікам розных ідэалагічных і грамадска-сацыяльных груп. Не дэманструючы свае сімпатыі і меркаванні, ён прадстаўляе магчымасць кожнаму з чытачоў скласці сваё ўражанне пра драматычную эпоху і яе герояў. Тым не менш праз вобразы інтэлігентаў, якія марылі аб сапраўдным адраджэнні Беларусі і не ішлі на кампраміс з новай уладай, М. Гарэцкі выказаў і свае погляды на супярэчлівую сучаснасць і вельмі няпэўную для адраджэння будучыню. Героі-адраджэнцы ўсё ж надзелены аўтарскай спагадай, хоць галоўны герой, Абдзіраловіч, неадназначна ставіцца нават да Ірыны Сакавічанкі, якую раней кахаў, і да яе паплечнікаў па адраджэнцкай дзейнасці Сухавея і Канцавога. Гэтыя людзі Абдзіраловіча і прыцягваюць, i адштурхоўваюць. Абдзіраловіч упэўнены, што неабходна адраджаць Беларусь, ён страшэнна абураны заявай князя Гальшанскага аб адсутнасці на Беларусі класавай барацьбы. Але, разам з тым, яго бянтэжыць і адштурхоўвае «заядласць знаёмых яму адраджэнцаў у выяўленні нацыянальнага пачуцця».

Адраджэнне павінна было ахапіць не толькі беларускае сялянства, што заўсёды было і застаецца вельмі складанай задачай, але і іншыя сацыяльныя слаі. Несумненна, што М. Гарэцкі выказвае сваю пазіцыю і праз Міколу Канцавога, для якога самым балючым было тое, што на Беларусі, апрача бальшавікоў-прышэльцаў, у бальшавізме апынуліся і найгоршыя беларускія людзі, рэнегаты і праціўнікі ўсякага адраджэння. І гэтыя людзі, што пагарджалі роднай беларускай мовай і ўсім нацыянальна беларускім, пачалі кіраваць беларускім сялянствам, усім беларускім народам.

Праз наскрозь супярэчлівыя, драматычныя абліччы сваіх герояў-адраджэнцаў у гэтым творы аўтар ставіць пытанне: што замінае беларускаму адраджэнню, чаму яно не стала асноўнай ідэяй, якая б з’яднала нацыю? І дае адказ на гэтыя пытанні праз сваіх герояў: «селяніну бліжэй і знаямей пытанне аб міру і зямлі, чымся аб беларускім адраджэнню». І бальшавікі скарысталіся гэтым, атрымаўшы падтрымку і перавагу ў сялян, якія вякамі марылі быць гаспадарамі на сваім кавалку зямлі. А потым справа адраджэння паступова ператварылася ў рэальную небяспеку, а ўслед за гэтым ішло «справядлівае» бальшавіцкае пакаранне «ворагу народа», якое, на жаль, не абмінула і аўтара аповесці.

Тым не менш М. Гарэцкі паказаў, што былі ў Беларусі героі, якія ў віхурных рэвалюцыйных падзеях рабілі настойлівыя крокі да нацыянальнага самавызначэння. Праблема быць ці не быць беларусам паўстае і перад былым прапаршчыкам царскага войска Абдзіраловічам. Ён раней асабліва не задумваўся над тым, якой ён нацыянальнасці і што значыць быць беларусам. Але раптам у яго свядомасці адбываецца пераварот, з’явілася, як піша аўтар, нейкая няпэўнасць у самім сабе, незразумеласць, як быць далей, што рабіць, каб не ператварыцца ў звычайную трэску на хвалях бурлівай рэвалюцыйнай ракі. Чым больш разважае Абдзіраловіч сам-насам, тым больш да яго прыходзіць усведамленне, што неабходна нешта рабіць, каб выбрацца з тупіка няпэўнасці, безвыходнасці, нацыянальнай непрыкаянасці. Ён пакутуе ад думкі, што жыццё пражыта не так, многае страчана незваротна, і каб вярнуць хоць часцінку страчанага, трэба пераходзіць да дзеяння. Герой не ведае, што і як рабіць.

Чаго ж плача і дваіцца душа інтэлігента Абдзіраловіча? У большай ступені душэўныя пакуты героя абумоўлены яго ўласнай бяздзейнасцю і няпэўнасцю грамадскіх ідэалаў, бо ён доўга заставаўся пасіўным сузіральнікам у чаканні новага.

Абдзіраловіч — дзіця свайго часу, вельмі складанага і супярэчлівага. Эпоха перад кожным чалавекам ставіць праблему выбару. Няправільна зрабіўшы выбар, чалавек валіцца ў бездань. Відавочна, што Абдзіраловіч бачыць перад сабой праблему нацыянальнага выбару, у ім жыве пачуццё нацыянальнай годнасці. ...Аднак ад свядомай нацыянальнай беларускай палітыкі і ідэалогіі ён яшчэ далёкі, бо не вырашыў, куды і з кім яму ісці.

М. Гарэцкі, як мала хто з яго сучаснікаў, меў грамадзянскую і пісьменніцкую мужнасць сказаць небяспечную на той час праўду аб рэвалюцыі і сутнасці бальшавізму. Гэта датычыцца вобразаў Гарэшкі і Гаршчка — бальшавікоў-прыстасаванцаў, людзей, далёкіх ад грамадскіх інтарэсаў і тым больш інтарэсаў беларускага адраджэння. Несумненна, што менавіта каларытныя вобразы бальшавікоў у гэтым творы сталі сапраўднай прычынай замоўчвання аповесці «Дзве душы» на працягу многіх савецкіх дзесяцігоддзяў.

Аповесць «Дзве душы» і сёння прываблівае ўвагу многіх даследчыкаў, што і зразумела, бо нанава пераасэнсаваць твор, перачытаць яго — значыць яшчэ глыбей спасцігнуць сутнасць творчай задумы аўтара.

Таму твор — па-філасофску заглыблены, ідэалагічна дыскусійны, шматгранны — выклікае жывую цікавасць і сёння, хоць быў напісаны амаль стагоддзе таму.

Аповесць «Дзве душы» застаецца актуальнай і таму, што кожны з сучаснікаў, жывучы ўжо ў ХХI стагоддзі, павінен разам з героямі твора адказаць на пытанне: «Што вы робіце для бацькаўшчыны, для маткі-Беларусі?» Гэтае пытанне праз эпохі М. Гарэцкі адрасуе ўсім беларусам.

Перавага нацыянальнага як часткі агульналюдскога над класава-сацыяльным, трагізм нацыянальнай гісторыі і мастацтва беларусаў знайшлі глыбокае філасофскае асэнсаванне і ў многіх іншых творах мастака слова. Але асабісты лёс пісьменніка-грамадзяніна і мысляра М. Гарэцкага, на жаль, супадаў з крыжовым пакутным шляхам усёй навуковай, патрыятычнай інтэлігенцыі, з цярнёвымі дарогамі беларусаў па гістарычных завулках у пошуку сваёй дарогі да чалавечай супольнасці і нацыянальнай самакаштоўнасці.

Зоя МЕЛЬНІКАВА, доктар філалагічных навук, прафесар

Загаловак у газеце: Сын беларускай нацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.