Вы тут

Дзе ў свеце летам чакаюць добраахвотнікаў?


«Прывітанне з сонечнай Іспаніі! Чаго мы толькі тут не рабілі: узводзілі сцены, касілі траву... Але кожную хвіліну такое адчуванне, быццам мы трапілі на свята жыцця». «Гэта вестачка з палёў Чэшскай Рэспублікі. Шчыруем у поце твару (без жартаў!). Але і адпачываем выдатна. Гэты водпуск я запомню надоўга». «У нас усё цудоўна. Пішам проста з Ватыкана». Такія паштоўкі прыходзяць у Лігу добраахвотнай працы моладзі ад хлопцаў і дзяўчат, якія паехалі валанцёрамі за мяжу. Расказваем, як з карысцю правесці лета ў іншай краіне і што для гэтага трэба.


Ва­лан­цёр­ства — гэ­та ка­рыс­ны до­свед, но­выя эмо­цыі і зна­ём­ствы.

Міжнародныя валанцёрскія лагеры працуюць у 35 краінах. Звычайна такія праекты доўжацца два-тры тыдні. Большасць праходзіць улетку. Кірункі работы могуць быць звязаны з экалогіяй, археалогіяй, творчасцю, сацыяльнай дзейнасцю. Моладзь таксама запрашаюць валанцёрамі для падрыхтоўкі фестываляў. На сайце Лігі можна знайсці Агульную базу праектаў (цяпер там 600 прапаноў) і выбраць той, які больш падабаецца. Летась, напрыклад, моладзь магла з'ездзіць папрацаваць у музей на тэрыторыі былога канцлагера ў Германіі. Група выкладвала з сена «дарогу смерці», па якой у вайну вывозілі зняволеных (гэта дарога стала часткай экспазіцыі), разбірала архіўныя матэрыялы (лісты, малюнкі, дакументы, відэа), рабіла гравіроўку на камянях у памяць аб ахвярах.

— Набор на летнія валанцёрскія праграмы пачынаецца з сярэдзіны сакавіка. Спланаваць свае прыгоды лепш на працягу месяца. Паколькі ў адным праекце звычайна прымае ўдзел 12—14 валанцёраў, а прэтэндэнтаў з розных краін шмат, то месцы хутка разбіраюцца, — тлумачыць старшыня праўлення Лігі добраахвотнай працы моладзі Вольга ШМІГЕЛЬСКАЯ.

Валанцёру бясплатна забяспечваецца месца пражывання, харчаванне і суправаджэнне. Але самастойна давядзецца пакрыць транспартныя і візавыя расходы. Многія краіны адносяць свае праграмы да маладзёжных, культурных і адукацыйных — тады візы выдаюць бясплатна. Трэба таксама зрабіць узнос у Альянс еўрапейскіх валанцёрскіх арганізацый — 100 еўра.

— Адно з самых важных патрабаванняў да валанцёраў — асабістая матывацыя: ты сапраўды павінен хацець паўдзельнічаць у нейкай справе. Важна ведаць замежную мову (часцей англійскую) на базавым узроўні. Падаць заяўку можна з 18 гадоў. Верхніх узроставых планак у многіх праектах не ставяць. У нас ездзілі і бацькі валанцёраў, якія натхніліся расказамі дзяцей, і жанчыны на пенсіі, — дзеліцца Вольга Шмігельская.

Моладзь можа таксама паўдзельнічаць у розных трэнінгах і семінарах. Гэта нефармальная адукацыя, якая дае магчымасць даведацца пра глабальныя працэсы, што адбываюцца сёння ў свеце, ролю маладых у гэтым. У такіх праектах, акрамя харчавання і пражывання, звычайна кампенсуецца і дарога — да 70 працэнтаў выдаткаў. Але, каб трапіць на семінар, трэба валодаць замежнай мовай на добрым узроўні.

Сту­дэнц­кі атрад «RESпубліка» ў Ана­пе.

Часцей для валанцёрства наша моладзь выбірае краіны, якія знаходзяцца не вельмі далёка. Самая папулярная — Германія. Але некаторыя рашаюцца на паездкі і ў больш экзатычныя куткі свету — Індыю, Ісландыю.

Часам у Лігу тэлефануюць бацькі студэнтаў. Калі саміх хлопцаў і дзяўчат у замежных праграмах цікавяць прыгоды, то ў татаў і мам больш зямныя пытанні: бяспека, фінансавыя ўкладанні.

— Ёсць стэрэатып, што валанцёрства — гэта цяжкая праца. Але мэта праектаў зусім іншая, — адзначае Вольга Шмігельская. — Прывяду прыклад: моладзь з розных краін сабралі на пару тыдняў, каб пафарбаваць пакой для дзіцячага цэнтра. Гэта работа магла б быць зроблена прафесіяналам за дзень, і муніцыпалітэт патраціў бы на яе 80 еўра. Для 12 чалавек сабекошт знаходжання на праекце складае мінімум 250 еўра ў суткі. Розніца адчувальная. Праекты ладзяцца для міжкультурнай камунікацыі, гэта цудоўны інструмент для аб'яднання маладых людзей.

Дарэчы, каб паўдзельнічаць у валанцёрскіх праектах, неабавязкова некуды з'язджаць. Ужо ўвесну Ліга правядзе акцыю «Красавік — месяц добрых спраў». Добраахвотнікі будуць дапамагаць Беларускаму дзіцячаму хоспісу, Беларускаму дзяржаўнаму музею народнай архітэктуры і побыту і іншым арганізацыям.

Можна запісацца таксама ў студэнцкі валанцёрскі атрад «RESпубліка». На працягу года маладых людзей запрашаюць на трэнінгі па важацкім майстэрстве, а летам яны едуць у дзіцячыя лагеры адпрацоўваць свае навыкі на практыцы.

Вольга Шмігельская заўважае, што валанцёрства — гэта не толькі новыя знаёмствы і эмоцыі. «Такія праекты дазваляюць развіваць асабістыя кампетэнцыі: кааперацыю, крытычнае мысленне, камунікабельнасць, крэатыўнасць. Гэтыя навыкі вельмі важныя, каб быць паспяховым і ў прафесіі, і ў сяброўскіх адносінах».

Летась з дапамогай Лігі каля 100 чалавек прынялі ўдзел у міжнародных валанцёрскіх лагерах, 60 — у адукацыйных семінарах па абмене, 400 — у атрадзе «RESпубліка». Больш сацыяльна актыўнымі аказаліся дзяўчаты: у 70 працэнтах выпадкаў заяўкі падаюць яны.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота з архіва Лігі добраахвотнай працы моладзі

Загаловак у газеце: Валанцёрам у... Ісландыю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.