Хоць зiма сёлета была доўгай, але вясна, а з ёю i адкрыццё новага веласiпеднага сезона, усё роўна на падыходзе. На гарадскiх вулiцах хутка з'явяцца тысячы ровараў. Сёння ўвогуле модна быць спартыўным, мець якасную «машыну» i рэгулярна карыстацца ёй. Нездарма ў сталiцы шырока разгортвае сваю дзейнасць Мiнскае роварнае таварыства, а яго эксперт Максiм Пучынскi з аптымiзмам расказвае пра велаактывiстаў.
— Мiнскае роварнае таварыства (МРТ) было створана ў 2011 годзе групай актывiстаў, неабыякавых да будучынi веласiпеднага руху ў сваiм горадзе i Беларусi ў цэлым. Мэта таварыства — зрабiць Мiнск горадам, зручным для веласiпедыстаў, пешаходаў i iншых удзельнiкаў дарожнага руху. Для гэтага арганiзацыя працуе над развiццём веласiпеднай iнфраструктуры, займаецца папулярызацыяй веласiпеднага руху i «велакультуры», развiвае веласiпедны турызм.
За сем гадоў дзейнасцi Мiнскае роварнае таварыства стала экспертнай арганiзацыяй, да якой прыслухоўваюцца мясцовыя, рэспублiканскiя ўлады, ДАI ды грамадскiя арганiзацыi. Наша каманда ўдзельнiчала ў распрацоўцы Нацыянальнай канцэпцыi развiцця веласiпеднага руху. Таксама мы арганiзуем веласiпедныя мерапрыемствы, займаемся развiццём гарадской велакультуры, абараняем iнтарэсы веласiпедыстаў.
— Чаму так важна развiваць веласiпедны рух у Беларусi?
— Прычын некалькi. Самае галоўнае, што ровар — гэта добры спосаб падтрымлiваць здароўе. Цяпер у многiх людзей сядзячы лад жыцця i недахоп фiзiчнай актыўнасцi. Пры гэтым большасць гараджан працуюць прыкладна за чатыры-сем кіламетраў ад дому i ездзяць на працу на грамадскiм транспарце або машыне. На ровары ў спакойным тэмпе гэтую адлегласць можна пераадолець за 30 хвiлiн. Такiя штодзённыя велапрагулкi на працу паляпшаюць работу сэрца i дыхальнай сiстэмы, павышаюць прадукцыйнасць мозга, паляпшаюць памяць i ўмацоўваюць мышцы.
Яшчэ адна прычына ў тым, што ровар — аптымальнае рашэнне транспартных праблем. Гэта iдэальны сродак перамяшчэння на кароткiя адлегласцi. Чым больш людзей перасаджваецца на веласiпеды, тым менш затораў і аварый, тым менш загружаны горад аўтамабiльнымi паркоўкамi. Ад гэтага выйграюць усе — аўтааматары, пешаходы, веласiпедысты i людзi, якiя карыстаюцца грамадскiм транспартам.
Таксама ровар вырашае экалагiчныя праблемы ў горадзе. Колькасць шкодных выкiдаў можна знiжаць дзякуючы якраз гэтаму вiду транспарту.
Акрамя таго, ровар спрыяе эканамiчнаму развiццю дзяржаў. Сродкi, укладзеныя ў веласiпедную iнфраструктуру, кампенсуюцца за кошт эканомii на развiццi аўтамабiльнай iнфраструктуры, знiжэння колькасцi аварый i смерцяў на дарогах.
— Растлумачце, як павiнны выглядаць сучасныя велапаркоўкi?
— Адна з пераваг ровара — магчымасць паездак «ад дзвярэй да дзвярэй». Таму велапаркоўкi каля крам, вакзалаў, банкаў, пошты, культурных цэнтраў ствараюць камфорт для выкарыстання ровараў. Пры гэтым веласiпедысты павiнны быць упэўненыя, што знойдуць свой транспарт непашкоджаным там, дзе яго пакiнулi. А ў iдэальным выпадку — пры выкарыстаннi крытай велапаркоўкi — ровар будзе яшчэ i сухiм.
Сёння ў Беларусi ўстаноўлены самыя разнастайныя велапаркоўкi, але большасць з iх практычна непрыдатная для зручнага i бяспечнага захоўвання ровараў. Добрая велапаркоўка павiнна дазваляць прымацоўваць раму i адно або абодва колы, не дапускаць падзення ровара, нават калi яго зачэпяць, засцерагаць колы ад выварочвання i выгiнання, падыходзiць для розных тыпаў ровараў.
Самы аптымальны варыянт для велапаркоўкi — канструкцыя ў выглядзе лiтары П. Яна адпавядае ўсiм вышэйапiсаным патрабаванням, лёгка манцiруецца i ўпiсваецца ў iнтэр'ер вулiц. На адной стойцы можна зафiксаваць два ровары, а форма стойкi дазваляе заблакаваць iх замкамi ў двух месцах.
Велапаркоўкi з мацаваннем аднаго кола неэфектыўныя, нязручныя ў выкарыстаннi i небяспечныя, бо павялiчваюць магчымасць крадзяжу.
— Дзе плануецца ўстанавiць велапаркоўкi ў Мiнску?
— Сёлета паркоўкi павiнны з'явiцца каля станцый метро «Нямiга» i «Барысаўскi тракт». Згодна з мiнскiм стратэгiчным планам развiцця веласiпеднага руху да 2020 года ў кожным раёне з'явiцца не менш за сем новых велагаражоў. 100 % навучальных карпусоў i не менш чым 50 % iнтэрнатаў павiнны быць забяспечаны дастатковай колькасцю велапарковак.
У канцы 2017 года наша таварыства разаслала ў гандлёвыя сеткi, банкi i на пошту лiсты з рэкамендацыямi аб тым, якiя велапаркоўкi больш зручныя. Кампанii, якiя адказваюць на нашы лiсты, як правiла, абяцаюць усталяваць iх па меншай меры каля новых аддзяленняў i будынкаў гандлёвых сетак. Некаторыя атрымальнiкi лiстоў практычна адразу ператэлефанавалi, каб даведацца, колькi будзе каштаваць правiльная веласiпедная паркоўка i дзе яе можна набыць.
— Цi ёсць падобныя iнiцыятывы ў iншых гарадах Беларусi i як яны рэалiзуюцца?
— Папулярная сваiмi кампанiямi гродзенская абласная арганiзацыя «ВелаГродна». Яшчэ ў 2012 годзе мясцовыя актывiсты распачалi акцыю «Забяспеч сабе паркоўку!» У той час у горадзе было ўсяго 12 велапарковак. Аднак сваiмi лiстамi, акцыямi, зваротамi велаактывiсты дамаглiся таго, што ўласнiкi будынкаў памянялi стаўленне да веласiпеднай iнфраструктуры i зараз у горадзе каля 300 велапарковак.
У цэлым жа барацьба з няправiльнымi паркоўкамi i прасоўванне зручнай веласiпеднай iнфраструктуры сёння назіраюцца ў многiх гарадах Беларусi — Гомелi, Брэсце, Полацку, Оршы. Цiкавую iнiцыятыву зараз маем у Салiгорску. Там велапаркоўкi для горада вырабляюць навучэнцы мясцовага тэхналагiчнага каледжа на практычных занятках.
У цэлым жа аб iнфраструктуры ў кожным канкрэтным горадзе можна пачытаць на сайце rovar.info.
Увогуле, у рамках праекта «Гарадскi веларух у Беларусi» пры падтрымцы Еўрасаюза Мiнскае роварнае таварыства i «ВелаГродна» праводзiлi даследаванне гасцiнiц i хостэлаў на «веладружалюбнасць», гэта значыць высвятлялi, дзе зручней за ўсё спынiцца велатурыстам. Цяпер у нас ёсць спiсы веладружалюбных гасцiнiц, якiя мы рэкамендуем замежным турыстам, паколькi дакладна ведаем, што там веласiпедыстам будуць рады.
Вольга ПРАЛЮК
Фота з архiва МРТ
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.