Вы тут

Як Беларусь супрацоўнічае з Кастрамой


Поспех рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй натхніў на пашырэнне такога вопыту на іншыя краіны. Ідэі сяброўства рэгіёнамі гучаць апошнім часам на самых розных двухбаковых сустрэчах з удзелам Беларусі. Днямі ў Мінск прыязджаюць прадстаўнікі інфармацыйнай сферы Кастрамской вобласці Расійскай Федэрацыі, і гэта нагода азірнуцца і паглядзець, чым напоўнены фармат адносін «краіна — расійскі рэгіён».


Кампазіцыя «Кастрама» пецярбургскага гурта «Иван Купала» гучала падчас цырымоніі адкрыцця Алімпіяды 2014 года. Песня пачынаецца са слоў «Здорово, Кострома!». На фота: святочнае шэсце ў Кастраме ў Дзень горада, жнівень 2017 года. Фота: lіfekostroma.ru

Найноўшая гісторыя супрацоўніцтва кастрамічоў і беларусаў налічвае больш за 15 гадоў. Яшчэ ў 2003-м паміж адміністрацыяй расійскай вобласці і Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам было падпісана пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. Праз два гады аналагічны дакумент падпісаў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, яшчэ праз год — Магілёўскі.

Нарэшце ў лютым 2017 года ў рамках візіту дэлегацыі Кастрамской вобласці на чале з губернатарам Сяргеем Сітнікавым (падчас візіту адбыліся сустрэчы з Прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам Беларусі) было падпісана пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і сацыяльна-культурным супрацоўніцтве паміж урадам Рэспублікі Беларусь і адміністрацыяй Кастрамской вобласці.

У жніўні для рэалізацыі пагаднення быў прыняты план сумесных мерапрыемстваў на найбліжэйшыя два з невялікім гады. Бакі паставілі канкрэтныя задачы ў сферы прамысловасці, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аграпрамысловага і лесапрамысловага комплексаў. Запланавалі таксама ўмацоўваць сувязі ў сферах інфармацыі, адукацыі, аховы здароўя, навукі, культуры і ў выставачна-маркетынгавай дзейнасці.

Яшчэ раней, падчас ІV Форуму рэгіёнаў у Маскве, быў заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне друку і інфарматызацыі паміж інфармацыйна-аналітычным упраўленнем Кастрамской вобласці Расійскай Федэрацыі і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Цяпер, праз год пасля падпісання пагаднення, і праз восем месяцаў пасля падпісання адпаведнага плана можна падводзіць некаторыя вынікі.

«На працягу апошніх гадоў Беларусь з'яўляецца вядучым гандлёвым партнёрам Кастрамской вобласці, — паведамляе прэс-служба адміністрацыі расійскага рэгіёна. — Па даных мытнай статыстыкі, знешнегандлёвы абарот Кастрамской вобласці з Рэспублікай Беларусь за 2017 год склаў $51,7 млн, гэта 11,8 % ад усяго аб'ёму знешнегандлёвага абароту Кастрамской вобласці (у 2016 годзе — 11,1 %)».

У 2017 годзе кастрамічы нарасцілі экспарт у нашу краіну на $2,7 млн. Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў Цэнтральнай федэральнай акругі Расіі пастаўляе ў Беларусь драўніну і вырабы з яе (больш за 74 % тэрыторыі рэгіёна пакрыта лясамі), машыны і абсталяванне, запас
ныя часткі да іх, хімічную прадукцыю.

Беларусь, у сваю чаргу, прадае харчовыя тавары і сельскагаспадарчую сыравіну, машыны і пагрузчыкі, будаўнічыя матэрыялы, тэкстыль, абутак. Летась нашай краінай было пастаўлена ў гэты рэгіён Расіі тавараў прамысловага прызначэння на $8,4 мільёна (тэмп росту склаў 140 %), мяса-малочнай прадукцыі, агародніны, ільну-сырцу — на $4,74 мільёна.

«Беларускія тавары шырока прадстаўлены ў гандлёвых сетках Кастрамской вобласці і карыстаюцца нязменным попытам у кастрамічоў дзякуючы іх высокай якасці і даступнай цане», — паведамляе інвестыцыйны партал расійскага рэгіёна.

У 2017 годзе беларускія вытворцы харчовай прадукцыі, а таксама народныя майстры прынялі ўдзел у двух кастрамскіх кірмашах. Акрамя таго, мінскі Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр прапаноўваў сваю прадукцыю на кірмашы, прысвечаным Дню славянскага пісьменства. Два з гэтых кірмашоў праходзілі яшчэ да падпісання плана па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве.

Можна казаць пра наладжванне вытворчай кааперацыі паміж беларускімі і кастрамскімі прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці. У 2017 годзе Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка выканала заказаў прадпрыемстваў расійскага рэгіёна па перапрацоўцы воўны на суму $2,5 млн, а Жлобінская швейная фабрыка — па сваім профілі на суму $327 тысяч.

Развіваецца кааперацыя паміж Мінскім маторным заводам і Кастрамскім заводам аўтакампанентаў. На працягу мінулага года былі сумесна праведзены работы па арганізацыі на кастрамскім прадпрыемстве вытворчасці поршневых кольцаў. Гэтыя дэталі беларускі завод закупляе ў кастрамічоў практычна для ўсіх мадэляў рухавікоў. Летась расійскі імпарт склаў суму каля $425 тысяч.

Перспектыўнымі кірункамі супрацоўніцтва бакі таксама называюць сельскую гаспадарку, у прыватнасці, мадэрнізацыю жывёлагадоўчай галіны, развіццё бульбаводства, пастаўкі дарожнай і сельскагаспадарчай тэхнікі.

Што датычыцца паставак беларускіх электробусаў арганізацыям кастрамской вобласці, то, нягледзячы на наведванне расійскім губернатарам «Белкамунмаша», накіраваную па выніках гэтага візіту камерцыйную прапанову з боку беларускай кампаніі, тралейбуснае ўпраўленне горада Кастрамы не запланавала куплю тралейбусаў ні на 2017-ы, ні на 2018 год.

Адным з пунктаў плана прадугледжана прапрацоўка пытання аб стварэнні на тэрыторыі расійскага рэгіёна адзінага цэнтра продажу і сэрвіснага абслугоўвання беларускай тэхнікі. Аднак і МАЗ, і «Гомсельмаш», і МТЗ палічылі стварэнне такога цэнтра пакуль немэтазгодным.

Але трэба сказаць, што работа над тымі пунктамі плана, рэалізацыя якіх у 2017—2018 гадах аказалася немагчымай, працягваецца. І канчатковыя вынікі будуць падведзеныя пасля завяршэння 2019 года.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Прывітанне, Кастрама!

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.