Вы тут

Беларускія прадпрыемствы прадставяць экспартны патэнцыял краіны ў Шанхаі


Беларускія прадпрыемствы рыхтуюцца прадставіць экспартны патэнцыял краіны на VІ Кітайскай міжнароднай выставе імпарту (Chіna Іnternatіonal Іmport Expo), якая пройдзе з 5 да 10 лістапада ў Шанхаі Беларусь пакажа свае найлепшыя дасягненні ў маштабным краінавым павільёне, а таксама ў камерцыйных павільёнах, дзе госці выставы з усяго свету знаёмяцца непасрэдна з прадстаўнікамі прадпрыемстваў.


Фота з архіва ААТ «Мілкавіта»

Беларускі краінавы павільён будзе аформлены ў стылі Вялікага тэатра Беларусі. Тут пройдуць выступленні салістаў оперы і музыкантаў аркестра Вялікага. Затым сцэна ператворыцца ў заліты святлом подыум, на якім адбудзецца паказ модных калекцый беларускіх дызайнераў: прадукцыю з лёну, вырабы з натуральнага футра пакажуць арганізацыі канцэрна «Беллегпрам» і Белкаапсаюза.

Акрамя таго, у краінавым павільёне пройдуць тэматычныя дні рэгіёнаў Беларусі.

Лінейку запатрабаваных беларускіх прадуктаў харчавання ў павільёне «Харчовая і сельскагаспадарчая прадукцыя» прадставяць больш як 30 кампаній, уключаючы вядомыя прадпрыемствы, якія ўваходзяць у канцэрны «Белдзяржхарчпрам» і «Брэстмясамалпрам». Навінкамі для кітайскага рынку стануць спецыяльна распрацаваныя цукеркі з сухога малака, а таксама пяць відаў горкага шакаладу ад кандытарскай фабрыкі «Камунарка». У павільёне наведвальнікаў чакаюць прэзентацыі, дэгустацыі прадукцыі, алкагольных і безалкагольных напіткаў, а таксама яркія шоу з майстар-класамі па прыгатаванні страў нацыянальнай беларускай кухні ад вядомага кухара Антона Каленіка.

Наведвальнікі выставы змогуць азнаёміцца з навукова-тэхнічнымі дасягненнямі і інавацыйнымі распрацоўкамі з нафтахімічнай і прамысловай сфер у павільёне «Высокатэхналагічнае абсталяванне і інфармацыйныя тэхналогіі».

У павільёне «Спажывецкія тавары» ўпершыню на кітайскім рынку будзе прадстаўлены брэнд «Мерч Першага». Калекцыя ўключае джэмперы, байкі і світшоты з эксклюзіўнымі цытатамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Біржавыя, мытныя, адукацыйныя і лагістычныя паслугі, распрацоўкі айчынных адукацыйных і навуковых устаноў, а таксама патэнцыял свабодных эканамічных зон краіны беларускія ўдзельнікі прадэманструюць у павільёне «Гандаль паслугамі». Арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падбіраюць шырокі спектр навуковых распрацовак, якія могуць быць цікавыя кітайскім партнёрам.

На выставе імпарту ў Шанхаі запланавана правядзенне шырокай інфармацыйнай і культурнай праграмы.

У бягучым годзе чакаецца ўдзел у кітайскай выставе больш як 150 краін, якія прадстаўляюць рэгіёны Азіі, Афрыкі і Еўропы.

Арганізатарамі нацыянальнай экспазіцыі на выставе выступаюць Беларуская гандлёва-прамысловая палата і выставачнае ўнітарнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП.

Магчымасці для інвестыцый

Сёння Магілёўская вобласць актыўна падтрымлівае сяброўскія сувязі з кітайскімі правінцыямі Хэнань, Цзянсу, Хунань, Шэньсі, горадам Цяньцзінь. Паміж гарадамі, раёнамі вобласці і рэгіёнамі КНР заключана звыш дзясятка розных дакументаў аб супрацоўніцтве. За шэсць гадоў, пачынаючы з 2014 года, экспарт у Кітай вырас з 3,4 мільёна долараў да 61,4 мільёна.

— Штогод мы нарошчваем аб’ёмы паставак мясной і малочнай прадукцыі, лёну, кандытарскіх вырабаў, мінеральнай і газаванай вады, — удакладнілі ў Камітэце эканомікі Магілёўскага аблвыканкама. — Дарэчы, першым рэгіёнам, куды была адпраўлена магілёўская прадукцыя, стала правінцыя Хэнань. Сёлета гэтаму супрацоўніцтву споўніцца 20 гадоў. Амаль 16 гадоў працягваецца сяброўства з правінцыяй Цзянсу. За гэты час рэалізавана шмат сумесных праектаў. Самым «маладым» рэгіёнам, з якім Магілёўская вобласць вядзе супрацоўніцтва з 2019 года, стаў горад Цяньцзінь. Сёлета, падчас візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў КНР, быў падпісаны План дзеянняў па развіццю супрацоўніцтва паміж Магілёўскай вобласцю і горадам Цяньцзінь на 2023–2025 гады. У маі ў Цяньцзінь прайшоў Тыдзень Магілёўскай вобласці. 

Шостая міжнародная кітайская выстава імпартных тавараў і паслуг CІІE 2023 — яшчэ адзін шанц пашырыць супрацоўніцтва.

— Ёсць зацікаўленасць у рэалізацыі інвестпраекта ў гарадскім парку Падміколле ў Магілёве, яшчэ аднаго — у Бялыніцкім раёне, рэалізацыі сумесных праектаў у сферы прамысловасці, — адзначылі ў камітэце эканомікі Магілёўскага аблвыканкама. — На выставе прадставім таксама СЭЗ «Магілёў», раскажам аб яе перавагах. У выставе прымуць удзел Магілёўскі мясакамбінат, бабруйскае прадпрыемства «Чырвоны харчавік».

А з лісічкамі каштавалі?

На VІ Кітайскай міжнароднай выставе імпарту, якая пройдзе 5–10 лістапада ў Шанхаі, Мінскую вобласць прадставяць два вытворцы малочнай прадукцыі.

Мінскі малочны завод № 1 прывязе ў Шанхай не толькі сухое малако, але і новыя сыры з лісічкамі і труфелем, сыр для гатавання бургераў. Сярод асартыменту прадукцыі, з якой вытворца будзе знаёміць патэнцыяльных кітайскіх спажыўцоў, таксама будзе малако для дзіцячага харчавання, вяршкі і замарожаныя сыркі. З асобнымі прадуктамі гэтага вытворцы ў Кітаі ўжо знаёмыя: завод пастаўляе ў Паднябесную сухое абястлушчанае малако і сыроватку, казеін і стэрылізаванае малако.

Другім удзельнікам выставы ў Шанхаі з Мінскай вобласці стане Слуцкі сыраробны камбінат. Ён рыхтуе да выставы лінейку безлактознай малочнай прадукцыі, сухія і натуральнамалочныя прадукты.

І тавары, і паслугі

Ад Брэсцкай вобласці, акрамя прадстаўнікоў прадпрыемстваў, у Шанхай адправіцца афіцыйная дэлегацыя рэгіёна. У яе ўвайшлі прадстаўнікі аблвыканкама, кіраўніцтва горада Брэста, Бярозаўскага раёна, Свабоднай эканамічнай зоны «Брэст», сфер адукацыі і аховы здароўя.

У прэстыжнай выставе сусветнага ўзроўню бяруць удзел таксама прадпрыемствы харчовай прамысловасці вобласці.

У рамках VІ Кітайскай міжнароднай выставы імпарту 6 лістапада адбудзецца дзень Брэсцкай вобласці, на якім будзе прэзентаваны эканамічны, інвестыцыйны, турыстычны, адукацыйны і медыцынскі патэнцыял рэгіёна. Апроч таго, выступіць вакальная група заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і танца «Палескія зоры» імя У. В. Цурканава.

Апроч удзелу ў выставе, дэлегацыя вобласці наведае рэгіён-пабрацім — правінцыю Аньхой на ўсходзе Кітая. Асноўныя галіны эканомікі гэтай правінцыі — аўтамабілебудаванне, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, лекаў, прадуктаў харчавання, лагістыка, энергетыка і фінансавыя паслугі. Дарэчы, у гэтай правінцыі працуе Анхойская пілотная зона свабоднага гандлю, якая дэманструе імклівы рост аб’ёмаў экспарту і імпарту.

Па выніках візіту ў КНР Брэсцкая вобласць плануе падпісанне шэрагу міжрэгіянальных пагадненняў і камерцыйных кантрактаў.

Сыры з труфелямі і гранола з міндалем

Дэлегацыя Гродзенскай вобласці для паездкі на VІ Кітайскую міжнародную выставу імпарту ў Шанхаі сфарміравана. У яе склад увайшлі шэраг буйных прадпрыемстваў рэгіёна, якія маюць адноўленую лінейку прадукцыі і стабільны экспартны патэнцыял.

У рамках выставы запланавана правядзенне Дзён Гродзенскай вобласці. Мерапрыемства, якое пройдзе 7 лістапада ў самым буйным у свеце марскім порце, прадугледжвае прэзентацыю гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага, культурна-турыстычнага патэнцыялу Гродзенскай вобласці. Мяркуецца падпісанне двухбаковых дагавораў. Адным з самых яскравых момантаў стане дэгустацыя беларускай прадукцыі. У гэтай якасці свае вырабы прадставяць ААТ «Малочны свет», «Лідахарчканцэнтраты», «Лідахлебапрадукт», «Слонімскі мясакамбінат».

Наведвальнікі VІ Кітайскай міжнароднай выставы імпарту змогуць ацаніць смак гродзенскіх сыроў «Кронес» з белымі і чорнымі труфелямі, прадэгуставаць ёгурты, пудынгі і іншую прадукцыю «Малочнага свету». Дарэчы, прадпрыемства — лідар малочнай галіны Беларусі. Яго геаграфія паставак з кожным годам расце, а доля экспарту складае 50 працэнтаў агульнага аб’ему вытворчасці. «Малочка» гродзенскіх вытворцаў добра вядома і кітайскім спажыўцам.

Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з прадукцыяй мучных і мясных вытворцаў. Так, лідскія прадпрыемствы прадставяць мюслі з разнастайным асартыментам, прыправы, кукурузныя палачкі, макароны і шэраг іншай прадукцыі. Новую лінейку вырабаў прапануе для дэгустацыі Слонімскі мясакамбінат, дзе нядаўна пачалі выпускаць каўбасу «Бусіда» і «Брэзаола» з ялавічыны.

Акрамя вырабаў харчовых прадпрыемстваў, на выстаўку ў Шанхай адправіцца прадукцыя ААТ «ГроднаАзот» і Смаргонскага ліцейна-механічнага завода.

Лагістычная аддаленасць — не перашкода

Розныя сферы эканомікі Гомельшчыны будуць прадстаўлены на Кітайскай міжнароднай выставе імпарту Chіna Іnternatіonal Іmport Expo. Прадукцыя прадпрыемстваў вобласці размесціцца ў тэматычных павільёнах: «Спажывецкія тавары», «Высокатэхналагічнае абсталяванне і інфармацыйныя тэхналогіі», «Харчовая і сельскагаспадарчая прадукцыя».

У Кітайскай міжнароднай выставе імпарту чарговы раз прадставіць Гомельшчыну адкрытае акцыянернае таварыства «Мілкавіта». Для гэтага — аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў перапрацоўчай галіны рэгіёна — рынак Кітайскай Народнай Рэспублікі прыярытэтны і на сёння займае другое месца па адгрузках пасля Расійскай Федэрацыі.

— Лагістычная аддаленасць рэгіёна фарміруе адпаведную таварную структуру экспарту. Яе аснова — сухія малочныя прадукты і прадукты з працяглымі тэрмінамі рэалізацыі, — звяртае ўвагу начальнік аддзела маркетынгу ААТ «Мілкавіта» Аляксандр Драздоў.

Па яго словах, на выставе будуць фарміравацца прапановы патэнцыяльным кітайскім партнёрам па пастаўках натуральных малочных прадуктаў з Беларусі. Гэта пакетаванае вадкае малако і вяршкі, масла сметанковае, сухія малочныя прадукты з палепшанымі характарыстыкамі па растваральнасці і тэмпературнай апрацоўцы.

Між тым акрамя ААТ «Мілкавіта» ў Кітайскай міжнароднай выставе імпарту Chіna Іnternatіonal Іmport Expo Гомельшчыну прадставіць шэраг прадпрыемстваў — флагманаў рэгіёна. Сярод малочных вытворцаў у тым ліку — «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат» і «Тураўскі малочны камбінат». Удзел у выставе пацвердзілі прадпрыемствы «Гомсельмаш», «Гомельскі хімічны завод», «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», «СветлагорскХімвалакно», «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат», «Гомельскі тлушчавы камбінат», «Спартак» і іншыя.

У адпаведнасці з канцэпцыяй правядзення Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на Кітайскай міжнароднай выставе імпарту ў Шанхаі «Дні Гомельскай вобласці» адбудуцца 8 лістапада. Пройдуць прэзентацыі прадукцыі прадпрыемстваў — экспарцёраў рэгіёна і прэзентацыі інвестыцыйных прэферэнцый «СЭЗ «Гомель-Ратон». Падчас мерапрыемства кітайскім партнёрам будзе прадстаўлены не толькі гандлёва-эканамічны, але і турыстычны патэнцыял Гомельшчыны.

За апошнія пяць гадоў тавараабарот Гомельскай вобласці з Кітаем вырас амаль у тры разы, або на 200 мільёнаў долараў. Аснову экспарту складаюць цэлюлоза драўняная, лесаматэрыялы, угнаенні, а таксама харчовая мяса-малочная і кандытарская прадукцыя.

Магчымасці падзвінскага патэнцыялу

Віцебшчына ў межах Дзён рэгіёнаў Беларусі на VІ Кітайскай міжнароднай выставе імпарту ў Шанхаі прадставіць апошнія сучасныя распрацоўкі ААТ «Нафтан», шкловалакно і матэрыялы на яго аснове ад ААТ «Полацк-Шкловалакно», адзенне, кухонны тэкстыль, пасцельную бялізну і сувенірную прадукцыю Аршанскага льнокамбіната, кандытарскія вырабы фабрыкі «Віцьба», сыры, мясныя паўфабрыкаты, натуральнамалочную прадукцыю, малочныя і мясныя кансервы Дзяржаўнага аб’яднання «Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты». Свае праекты будзе прэзентаваць адміністрацыя Cвабоднай эканамічнай зоны «Віцебск», чакаецца ўдзел лагістычнай кампаніі «Рузэкспедыцыя».

Сярод запрошаных гасцей будуць прадстаўнікі правінцый Цзянсу, Хэйлунцзян, Гуйчжоў і Шаньдун, з якімі ў беларускага паўночнага рэгіёна падпісаны пагадненні і мемарандумы аб супрацоўніцтве. Бакі падтрымліваюць кантакты ў навуцы, тэхніцы, гандлі, сферах адукацыі, аховы здароўя, спорту і іншых.

Некаторыя кампаніі правядуць асобныя прэзентацыі. Гасцям прапануюць прадэгуставаць мясную і малочную прадукцыю, кандытарскія вырабы і сухія сняданкі.

Па выніках выставы ў Шанхаі кіраўніцтва паўночнага рэгіёна плануе падпісаць некалькі дагавораў аб супрацоўніцтве з кітайскімі калегамі, у якасці чарговага практычнага кроку будзе падпісаны дакумент аб прамым узаемадзеянні СЭЗ «Віцебск» з эканамічнымі зонамі правінцыі Цзянсі і іх рэзідэнтамі ў мэтах прапрацоўкі пытання стварэння ў Беларусі сумесных вытворчасцяў, выкарыстання беларускімі экспарцёрамі ў КНР механізмаў трансгранічнага гандлю.

Матэрыялы падрыхтавалі: Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Нэлі ЗІГУЛЯ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Маргарыта УШКЕВІЧ, Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: У стылі Вялікага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?