У сучаснага чалавека вочы — бадай, самы актыўна працуючы орган. Вялікая колькасць папер, манітор камп'ютара, а ўвечары яшчэ і блакітны агеньчык тэлевізара — з такой нагрузкай мала ў каго зрок не пагаршаецца. Але многае, як сцвярджаюць спецыялісты, залежыць ад нас саміх. Як часта трэба звяртацца да афтальмолага і навошта дакладна ведаць пра ўсе спадчынныя хваробы, а таксама хто другі пасля камп'ютара вораг нашых вачэй, расказала ўрач-афтальмолаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Галіна Міхневіч.
— Галіна Яўгенаўна, як часта мы павінны прыходзіць да афтальмолага? Калі не адчуваеш ніякіх праблем са зрокам, ці трэба звяртацца да ўрача?
— Нават калі няма ніякіх праблем, з прафілактычнай мэтай трэба прыходзіць да ўрача раз на год — для вымярэння вастрыні зроку, вызначэння вочнага ціску, агляду вочнага дна. Калі ёсць нейкія спадчынныя хваробы, то звяртацца да афтальмолага пацыент павінен два разы на год.
— Якія самыя распаўсюджаныя спадчынныя хваробы?
— Глаўкома і ўзроставая макулярная дэгенерацыя. Калі ў блізкіх сваякоў была глаўкома, то пасля 35 два разы на год трэба вымяраць вочны ціск. Да 35 гадоў дастаткова гэта рабіць раз у тры гады. І чым раней мы пачынаем лячыць глаўкому, тым больш спрыяльны прагноз, тым пазней пачнецца зніжэнне вастрыні зроку. Калі ў блізкіх ёсць узроставая макулярная дэгенерацыя, трэба таксама праяўляць насцярожанасць. Тут такая ж сітуацыя: чым раней звярнуць увагу і прыйсці да ўрача, тым больш спрыяльны вынік. Апошнім часам у нас вельмі шмат пацыентаў з такім захворваннем. Звязана гэта найперш з тым, што ў Беларусі палепшылася выяўляльнасць, бо з'явіліся АКТ — аптычныя кагерэнтныя тамографы, якія дазваляюць паглядзець сятчатку вока ў некалькіх праекцыях і ўбачыць усё яе слаі, вызначыць, ці ёсць там змяненні.
На ўзроставую макулярную дэгенерацыю найчасцей пакутуюць жанчыны пасля 50 гадоў. Суадносіны жанчын і мужчын з такой паталогіяй — 3:1. Фактары рызыкі — узрост пасля 50-ці, атэрасклератычныя хваробы галаўнога мозга, захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, курэнне, ужыванне алкаголю, павышаны ўзровень халестэрыну. Усё гэта садзейнічае парушэнню кровазвароту хорыакапілярнага слоя. Ён адзіны жывіць макулу, якая адказвае за цэнтральны зрок. Таму пры ўзроставай макулярнай дэгенерацыі губляецца каляровы і цэнтральны зрок, застаецца толькі перыферычны.
Да неспрыяльных фактараў трэба аднесці і ўплыў ультрафіялету. Таму ўсім, асабліва ў сталым узросце, рэкамендуецца карыстацца сонцаахоўнымі акулярамі. З-за недахопу вітамінаў адбываецца станчэнне пігментнага эпітэлію сятчаткі. Таму нам неабходныя лютэіны і зеаксантыны, якія ўтрымліваюцца ў вітамінных комплексах і біялагічна-актыўных дабаўках, яны абараняюць нашу сятчатку.
— Ці ёсць меры прафілактыкі глаўкомы?
— Спецыфічнай прафілактыкі гэтага захворвання няма. Тут важнае ранняе выяўленне. Пацыенту назначаюцца кроплі, з якімі ён мусіць жыць увесь час — гэтак жа, як і пры гіпертаніі хворыя выкарыстоўваюць лекі на працягу жыцця. Катаракта больш спрыяльнае захворванне — яе можна прааперыраваць. Спачатку яна лечыцца кансерватыўна — кроплямі, а на пэўнай стадыі выконваецца хірургічнае ўмяшальніцтва — устанаўліваецца штучны хрусталік і пацыент атрымлівае добры зрок. Такія аперацыі праводзяцца ва ўсіх клініках, і іх вынікі вельмі добрыя. А вось глаўкома і ўзроставая макулярная дэгенерацыя часта вядуць да інваліднасці. Калі апошняя з названых хвароб — у сухой форме, можна падтрымліваць стан кансерватыўна: з дапамогай ін'екцый сасудзістых прэпаратаў. Калі ж форма вільготная, то неабходныя прэпараты, якія выдаляюць вадкасць з сятчаткі. Такім лячэннем у Мінску займаюцца ў кабінеце макулярнай паталогіі на базе 3-й гарадской клінічнай бальніцы. Таму важна звяртацца да ўрача своечасова, бо перспектыва ёсць і пры глаўкоме, і пры ўзроставай макулярнай дэгенерацыі — яна таксама аперыруецца разнастайнымі спосабамі.
— Яшчэ адно распаўсюджанае захворванне — блізарукасць...
— Яна апошнім часам моцна «памаладзела» ў сувязі са з'яўленнем у нашым жыцці камп'ютараў, тэлефонаў, планшэтаў і іншых гаджэтаў. Важна памятаць, што норма карыстання імі для дзяцей — 20 хвілін у дзень. У іх яшчэ слабыя мышцы вока, і вялікая нагрузка вядзе да блізарукасці. Адзіная прафілактыка — чымсьці дзяцей адцягваць ад інтэрнэту і камп'ютарных гульняў, а таксама сачыць, каб яны ўжывалі вітаміны і рабілі спецыяльныя практыкаванні для зроку.
— Блізарукасць з узростам абавязкова прагрэсіруе?
— Гэта індывідуальна. У кагосьці вастрыня зроку стаіць на месцы на працягу некалькіх гадоў, у некага блізарукасць прагрэсіруе ў сувязі са спадарожнымі хваробамі, асабліва калі дадаецца моцная зрокавая нагрузка. Неабходна памятаць, што калі ў бацькоў ёсць зрокавае захворванне, то і іх дзеці маюць да яго схільнасць. Зусім не абавязкова, што яно з'явіцца, але бацькам не лішнім будзе інфармаваць дзяцей пра наяўнасць у сям'і той жа глаўкомы ці ўзроставай макулярнай дэгенерацыі, блізарукасці ці катаракты. Дзеці павінны памятаць, што пры парушэнні рэжымаў працы і адпачынку ў іх таксама можа з'явіцца такая хвароба, і яе лепш выявіць на ранніх этапах.
— Сёння ў многіх з нас праца звязана з камп'ютарам. Наколькі ён уплывае на нашы вочы і як захаваць вастрыню зроку?
— Канешне, камп'ютары шкодзяць зроку, таму трэба прытрымлівацца некаторых простых правілаў. Па магчымасці стары манітор лепш замяніць на больш сучасны. Пасля гадзіны працы за камп'ютарам на некалькі хвілін абстрагавацца, выходзіць з-за стала ці займацца нечым іншым. Таксама абавязкова міргаць: нярэдка падчас працы за камп'ютарам парушаюцца мігальныя рухі: мы пра іх забываем, увесь час глядзім у манітор, з-за чаго перасыхае рагавіца і з'яўляюцца непрыемныя адчуванні ў вачах: пякота, рэзі. Калі мы міргаем, адбываецца раўнамернае размеркаванне слязы, за кошт якой рагавіца ўвільгатняецца і жывіцца. Пры блізарукасці карысныя масажы шыйна-варатніковай зоны, якія паляпшаюць кровазварот, а таксама аздараўленчая фізкультура, прагулкі на свежым паветры, вітаміны.
— Зараз многія карыстаюцца кантактнымі лінзамі. Наколькі небяспечна насіць іх з раніцы да вечара?
— Я рэкамендавала бы знімаць кантактныя лінзы, як толькі прыйшлі дадому, якімі б якаснымі і сучаснымі яны ні былі. Сёння тэхналогіі пайшлі далёка, з'явіліся лінзы вода- і кіслародапранікальныя, але гэта ўсё роўна іншароднае цела, якое надзяваецца непасрэдна на вока, тым самым парушаючы кровазварот. Згодна з даследаваннямі, праз пяць гадоў пастаяннага нашэння кантактных лінзаў развіваецца сіндром «сухога вока». Сляза хоць і выпрацоўваецца, але яе структура парушана, яна не затрымліваецца ў воку. Лепш за ўсё чаргаваць кантактныя лінзы і акуляры.
Як у акуляраў, так і ў лінзаў ёсць свае плюсы і недахопы. Лінзы добрыя тым, што не абмяжоўваюць перыферычны зрок, яны заўсёды крыху слабейшыя за акуляры, але вастрыня зроку ў іх вышэйшая. Некаторыя, асабліва дзеці, саромеюцца насіць акуляры, лінзы ж не надаюць касметычных дэфектаў. Ёсць плюсы і ў акулярнай карэкцыі: акуляры не надзяваюцца непасрэдна на вока і, адпаведна, не парушаюць кровазварот, ніяк не ўплываюць на слязу. Іх мінус — абмежаванне перыферычнага зроку і крыху горшая яго вастрыня.
— Ультрафіялет другі пасля камп'ютара вораг нашых вачэй?
— Так. З глаўкомай, катарактай і ўзроставай макулярнай дэгенерацыяй неабходна абавязкова абараняць сятчатку вачэй ад ультрафіялету.
— Для прафілактыкі кожны з нас таксама павінен выкарыстоўваць сонцаахоўныя акуляры?
— Безумоўна. Прычым з любым светафільтрам — блакітным, жоўтым, карычневым, шэрым, зялёным. Але набываць іх трэба ў магазінах оптыкі. Акуляры, якія прадаюцца ў неспецыялізаваных крамах ці на рынках, хоць і маюць назву сонцаахоўных, ніяк не абараняюць ад ультрафіялету. І не трэба набываць чорныя ці вельмі цёмныя акуляры. У цемнаце зрэнкі пашыраюцца і, адпаведна, паглынаюць яшчэ больш ультрафіялету.
Алена КРАВЕЦ
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.