Вы тут

Як невялікая вясковая школа рыхтуецца да новага навучальнага года


Ужо праз некалькі дзён у школах пачнуцца ўрокі. Дзеці вяртаюцца з марскіх падарожжаў, нясуць з бібліятэк падручнікі, прымяраюць новую форму. А як у навучальных установах рыхтуюцца прыняць хлопчыкаў і дзяўчатак? Мы заехалі ў вясковую школу ў Пяршаях — самую старую ў Валожынскім раёне (сёлета ёй спаўняцца 150 гадоў) — і паглядзелі, як там праходзяць апошнія летнія дні.


Абноўленая спартзала і яблычнае варэнне

— У гэтым годзе ў нас няма 11 класа, — расказвае дырэктар Пяршайскага дзіцячага садка-сярэдняй школы Святлана ЛАМАКА. — Усе папаступалі: хто ў Навапольскі аграрна-эканамічны каледж на праграміста, хто ў Мінск — на аўтаслесара ці энергетыка.

У верасні ў навучальную ўстанову пойдзе 85 школьнікаў і 25 выхаванцаў дзіцячага садка. 17 з іх на падвозе — «газель» забірае малых з вёсак Чэхаўшчына, Гуньбаўшчына, Канюшаўшчына, Папкі і Люцінка. Апошняя — самая дальняя, ад яе да Пяршаяў сем кіламетраў.

Дырэктар праводзіць па школе экскурсію:

— Два гады таму была магчымасць зрабіць у кабінетах рамонт за бюджэтныя грошы. Раней тут былі паклеены шпалеры — нават не верыцца. Цяпер зрабілі па-сучаснаму, пафарбавалі сцены. Замест старых шафаў паставілі стэлажы, куды настаўнікі кладуць свае метадычныя матэрыялы. Тут усё на віду — гэта дысцыплінуе трымаць парадак.

У многіх кабінетах ёсць камп'ютары і прынтары для работы. У камп'ютарным класе стаяць ноўтбукі і інтэрактыўная дошка.

Гэтым летам у будынку правялі касметычны рамонт. Пафарбавалі лесвіцы, падлогу ў спартыўнай зале.

— З шасці да васьмі вечара школа «грыміць», бо амаль усе дзеці ў спартзале. Гуляюць у валейбол, баскетбол, футбол. Зараз падлога прыгожая, а да канца навучальнага года ўся выцертая становіцца, — усміхаецца Святлана Леанідаўна.

Калі рамонт ляжыць на плячах тэхперсаналу, то даглядаць за прышкольнай тэрыторыяй дапамагаюць і настаўнікі. Уздоўж тратуараў высаджаны аксаміткі, далей у двары — яблыні. Садавіна не прападае — яблыкі сушаць, каб потым рабіць кампоты, ставяць варэнне (за гэта лета нарыхтавалі 40 літраў), каб дадаваць у булачкі.

Куток прыроды і рэчы Дуніна-Марцінкевіча

На першым уроку дзеці традыцыйна завітаюць у школьны музей. Ён быў адкрыты ў 1961 годзе тагачасным намеснікам дырэктара і мясцовым краязнаўцам Мікалаем Ганчарыкам. Тут сабрана больш за тры тысячы экспанатаў, якія паказваюць беларускую гісторыю ад першабытнага ладу да сучаснасці.

— Мікалай Ганчарык разам са сваімі вучнямі хадзіў па вёсцы ад хаты да хаты і збіраў па старажылах цікавыя рэчы: хто дыван тканы даваў, хто калаўрот. Ёсць нават унікальныя пасведчанні аб заканчэнні школы. Адно выдадзена ў 1912 годзе — у 100-годдзе з заканчэння вайны з французамі, другое ў 1913-м — да 300-годдзя дома Раманавых, — паказвае дакументы, упрыгожаныя памятнымі выявамі, цяперашні кіраўнік музея, настаўнік гісторыі і геаграфіі Алена ШАПАВАЛ.

Ёсць тут і экспазіцыя, прысвечаная Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Пісьменнік хоць і нарадзіўся ў Бабруйскім раёне, але самыя вядомыя творы — «Пінская шляхта», «Гапон», «Вечарніца» — напісаў на Пяршайскай зямлі (яго фальварак знаходзіўся ў Люцінцы). У школе захоўваюцца рэчы, знойдзеныя пры раскопках на сядзібе класіка, — кафейнік, шкатулка ў выглядзе барана, фарфоравы кубак, рамка ад тэрмометра, кішэнны гадзіннік. Некалі сюды прыязджала нават праўнучка Дуніна-Марцінкевіча з Чыкага.

У музеі расказваецца таксама пра 14-гадовую піянерку Ядзю Трацэўскую, якая некалі тут вучылася. У 1943-м, калі мястэчка было акупавана немцамі і траіх партызан узялі ў палон, дзяўчынка разам са сваёй сяброўкай пракралася ўночы да турмы, збіла сякерай замок і выпусціла разведчыкаў. Нехта гэта бачыў, бо раніцай фашысты ўжо стукаліся ў дзверы да дзяўчат. Бацькам сказалі, што Ядзя і Міхаліна пойдуць мыць падлогу ў камендатуры, але назад іх не адпусцілі — расстралялі...

Яшчэ адна цікавінка гэтага музея — куток прыроды. У 1970-х Мінскі абласны краязнаўчы музей абнаўляў экспазіцыю, і школы маглі забраць сабе чучалы жывёл і птушак. Некалькі з іх і «прапісалася» ў Пяршаях.

Камп'ютарны клас з інтэрактыўнай дошкай.

Чаму мужчыну прасцей быць дырэктарам?

Дырэктар Святлана Ламака — сама выпускніца гэтай школы. З дзяцінства марыла стаць настаўнікам, як і яе тата. Выкладала спачатку ў малодшых класах, а шэсць гадоў таму ўзначаліла школу.

— Мае дзеці бачылі, што работа адымае ў мяне шмат часу, таму казалі — ні за што не пойдуць у настаўнікі, — успамінае жанчына. — Дачка працуе педыятрам у Валожынскай бальніцы, а сын вучыцца ў БНТУ.

Прызнаецца: мужчыну, напэўна, быць дырэктарам прасцей — ён да ўсяго ставіцца спакайней, не ўспрымае блізка да сэрца. Але не прываблівае іх гэта сфера — з усіх школ у раёне толькі дзве ўзначальваюць прадстаўнікі дужага полу.

Акрамя адміністрацыйнай работы, Святлана Леанідаўна вядзе ў 9 класе факультатыў «Мая прафесійная будучыня». «Расказваю дзецям, якія каледжы і ўніверсітэты ёсць — колькі там вучацца, як туды паступіць. Глядзім з імі фільмы пра розныя спецыяльнасці, бываем на прадпрыемствах з экскурсіямі. У гэтым узросце многія школьнікі яшчэ не ведаюць, кім хочуць быць. Некаторых да выбару пэўнай прафесіі схіляюць бацькі, але гэта няправільна, бо дзеці робяць памылкі і потым ім даводзіцца перапаступаць».

Часта выпускнікі школы ідуць у сельскую гаспадарку — па прыкладзе бацькоў. Дырэктару прыемна чытаць у газеце, як хлопцы, якія яшчэ нядаўна сядзелі за партамі, цяпер працуюць камбайнерамі і становяцца аднымі з найлепшых у раёне.

Ці складана вясковай школе канкурыраваць з гарадскімі? Святлана Леанідаўна задумваецца, пасля адказвае: гледзячы па чым меркаваць. Знайсці падыход да кожнага, дапамагчы раскрыць талент сельскім настаўнікам прасцей, бо дзяцей мала і ўсе на віду. А вось на алімпіядах перавагу маюць гарадскія школьнікі — магчыма, у іх больш падрыхтоўкі.

1 верасня для Святланы Леанідаўны заўсёды свята, і яна спадзяецца, што і дзяцей пасля канікулаў цягне ў школу. «Хацелася б, каб яны не страцілі інтарэсу да ведаў».

Каментарый у тэму

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Віталь ЛІСОЎСКІ:

— З 1 верасня ў вобласці працягнуць работу 1204 установы адукацыі. Каля 12 тысяч дзяцей будуць на падвозе — для гэтага на балансе раённых упраўленняў адукацыі ёсць 252 аўтобусы. Яшчэ 16 цяпер закупляем.

Усяго бюджэтам Мінскай вобласці на падрыхтоўку да новага навучальнага года быў выдаткаваны 31 мільён рублёў. Гэтыя сродкі пайшлі на бягучы і капітальны рамонт, новае абсталяванне. Для школ набываем 25 камп'ютарных класаў і 25 лінгафонных (для вывучэння замежных моў) кабінетаў.

Па праграме развіцця сістэмы адукацыі за кошт сродкаў Сусветнага банка зрабілі бягучы рамонт у Крывіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе (Мядзельскі раён) і Уздзенскай сярэдняй школе № 1.

У верасні адкрываецца таксама новы дзіцячы садок на 230 месцаў у Фаніпалі (Дзяржынскі раён) і сярэдняя школа на 720 месцаў у вёсцы Ляскоўка (Мінскі раён).

У гэтым годзе выдаткавалі сур'ёзнае фінансаванне на аснашчэнне прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Для іх набылі 25 адзінак вучэбнага абсталявання на суму 102,3 тысячы рублёў. Завяршаецца закупка 132 адзінак сучасных машын і абсталявання на суму 856,3 тысячы рублёў, 68 камп'ютарных класаў, лінгафонных кабінетаў і іншай тэхнікі на суму 132,4 тысячы рублёў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Валожынскі раён

Загаловак у газеце: «Зрабілі па-сучаснаму»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.