Вы тут

Сцэнарый экалагічнага развіцця


Грунтуючыся на серыі дакладаў Грынпіс па выніках мадэлявання сцэнарыяў энергетычнай рэвалюцыі для розных краін, фонд Генрыха Бёля сумесна з беларускімі грамадскімі арганізацыямі ініцыяваў правядзенне аналагічнага даследавання для Беларусі. Работа праводзілася ў цесным супрацоўніцтве з навукоўцамі, экспертамі і грамадскімі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у сферы энергетычнай і транспартнай палітыкі.


Гэта даследаванне ўнікальнае, яно праводзілася ўпершыню і, мабыць, выкліча вялікую палеміку ў грамадстве. У даследаванні разгледжаны два альтэрнатыўныя сцэнарыі развіцця энергетычнай сістэмы Беларусі: базавы сцэнарый як працяг бягучай сітуацыі і сцэнарый энергетычнай [р]эвалюцыі, распрацаваны для дасягнення шэрагу мэт экалагічнай палітыкі. Гэты сцэнарый прадугледжвае аптымістычны, але ўсё ж рэалістычны пераход на дэкарбанізаваную (без выкарыстання вугляроду) энергетычную сістэму да 2050 года. Пры гэтым прымяняюцца асноўныя дапушчэнні базавага сцэнарыя. Сцэнарый энергетычнай [р]эвалюцыі апісвае і параўноўвае магчымыя шляхі развіцця энергетычнай сістэмы, якая ідзе па экалагічным шляху. Сцэнарыі могуць служыць надзейнай падставай для далейшага аналізу магчымых падыходаў і канцэпцый для рэалізацыі варыянтаў ажыццяўлення энергетычнага пераходу.

Як сцвярджаюць стваральнікі сцэнарыя Соня Сімон з Дэпартамента сістэмнага аналізу і ацэнкі тэхналогій Інстытута тэхнічнай тэрмадынамікі аэракасмічнага цэнтра Германіі, Іван Філюціч, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута энергетыкі НАН Беларусі, Анастасія Бекіш, прадстаўніца экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» і Павел Гарбуноў з ГА «Мінскае роварнае таварыства», траекторыя канчатковага спажывання энергіі ў Беларусі вызначаецца на аснове дэмаграфічных прагнозаў, росту ВУП і ўдзельнага энергаспажывання. Згодна з базавым сцэнарыем, агульнае канчатковае спажыванне энергіі, якое складае ў цяперашні час 710 ПДж у год, павялічыцца на 42 % да 1010 ПДж у год да 2050 года. Паводле сцэнарыя энергетычнай [р]эвалюцыі, канчатковае спажыванне энергіі скароціцца на 24 % ад бягучага ўзроўню да 540 ПДж у год да 2050 года ў выніку ўкаранення мер па павышэнні энергаэфектыўнасці.

Уладзімір СІДАРОВІЧ, інфармацыйна-аналітычны цэнтр, г. Масква:

— Сёння структура энергетыкі ў свеце склалася так, што на аднаўляльныя крыніцы энергіі (сонца, вецер, біяэнергетыка, геатэрмальная энергія і г. д.) прыпадае каля 25 % ад агульнай колькасці выпрацаванай энергіі. Днямі выйшаў даклад Міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату пры ААН пра перспектывы дасягнення мэт Парыжскага пагаднення па абмежаванні павышэння глабальнай тэмпературы на 1,5 °С. Каб дасягнуць гэтай мэты, сусветная энергетыка павінна выглядаць зусім па-іншаму.

Павышэнне энергаэфектыўнасці ў цеплаэнергетычным сектары будзе яшчэ большым, чым у электраэнергетычным. Сцэнарый энергетычнай [р]эвалюцыі кажа пра тое, што магчыма скараціць спажыванне прыкладна да 300 ПДж у год за кошт павышэння ўзроўню энергаэфектыўнасці да 2050 года ў параўнанні з базавым сцэнарыем.

Развіццё сектара электразабеспячэння характарызуецца дынамічным развіццём рынку ветраной і сонечнай энергіі. Да 2050 года 92 % электраэнергіі, што вырабляецца ў Беларусі, будзе прыпадаць на аднаўляльныя крыніцы энергіі (АКЭ) паводле сцэнарыя энергетычнай [р]эвалюцыі. Устаноўленыя магутнасці АКЭ складуць каля 9 ГВт да 2030 года і 50 ГВт да 2050 года. Сцэнарый энергетычнай [р]эвалюцыі прывядзе да павелічэння долі зменных крыніц вытворчасці электраэнергіі (сонечная і ветраная) да 29 % ужо ў 2030 годзе і 77 % ад агульнага аб'ёму вытворчасці да 2050 года. Такім чынам, неабходна развіваць «разумныя сеткі» электразабеспячэння, кіраванне попытам, энергаакумулюючыя магутнасці і іншыя рашэнні для таго, каб павялічыць гнуткасць энергетычнай сістэмы для інтэграцыі электрасетак, забеспячэння збалансаванай нагрузкі і надзейнага энергазабеспячэння.

Соня СІМОН расказвае пра магчымасць пераўтварэння энергетычнай сістэмы Беларусі ў больш устойлівую:

— Правядзенне экалагічнага сцэнарыя ў жыццё дасць да 2050 года 90-працэнтнае скарачэнне выкідаў CO2, дасць штуршок да развіцця тэхналогій з нізкай рызыкай (паэтапная адмова ад каменнага і бурага вугалю, нафты), грамадства прыйдзе да ўстойлівага выкарыстання біямасы (пераважна бытавых адходаў). Усё гэта павысіць энергетычную бяспеку краіны, дазволіць пашырыць выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі і павысіць іх эфектыўнасць.

Распрацоўшчыкі сцэнарыя энергетычнай [р]эвалюцыі прызнаюць той факт, што ўкараненне тэхналогій АКЭ першапачаткова прывядзе да павелічэння сабекошту вытворчасці электраэнергіі, але нязначнага. Яны сцвярджаюць, што вытворчасць электраэнергіі стане эканамічна больш выгаднай адразу пасля 2020 года ў выніку павышэння коштаў на традыцыйныя віды паліва і зніжэнне кошту аднаўляльных крыніц энергіі.

Павел ГАРБУНОЎ, кансультант праекта, пазначыў ключавыя спецыфічныя праблемы транспартнага сектара Беларусі:

— Нафтапрадукты сёння дарагія (напрыклад, у параўнанні з прыродным газам або электраэнергіяй). Акрамя таго, у Беларусі іх мала. Адходы нафтапрадуктаў — моцны забруджвальнік паветра, а ступень уздзеяння загазаванасці на чалавека і прыроду ў Беларусі дагэтуль не ацэненая. Маюць месца праблемы транспартнай інфраструктуры ў гарадах: заторы, адсутнасць парковачных месцаў, дарожная бяспека. Кошт гэтых праблем таксама не ацэнены або ацэнены часткова

Вольга ПРАЛЮК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.