Вы тут

Змяняць падыходы да адходаў. Як вырашыць «смеццевую» праблему?


Дзесяць гадоў таму кожны жыхар Мінска штогод выкідаў каля 300 кілаграмаў адходаў. Сёння ж гэты паказчык дасягае 500 кілаграмаў у год. За кошт чаго колькасць адходаў няўмольна павышаецца, як спыніць гэты рост і чаму адказнасць за вырашэнне «смеццевай» праблемы ляжыць на кожным з нас?


Шкодныя заўсёды

Кожны з відаў бытавых, ці камунальных адходаў пры пэўных умовах можа нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю. І самымі ненадзейнымі ў гэтым плане з'яўляюцца батарэйкі і акумулятары, старыя гаджэты, тэлевізары і іншае электроннае і электрычнае абсталяванне, у складзе якіх ёсць небяспечныя для прыроды кампаненты, у тым ліку і цяжкія металы.

— Шмат непрыемнасцяў могуць прынесці і адходы вадкасцяў, якія выкарыстоўваюцца аўтамабілістамі, — адпрацаваных маслаў, фарбаў, ахаладжальных вадкасцяў, — упэўнена супрацоўніца праграмы па хімічных рэчывах і адходах Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля БЛЫШЧЫК. — Калі сістэма збору маслаў у нашай краіне развіваецца, то для іншых рэчываў пакуль такой няма. Таму, трапіўшы не на палігон, яны таксама могуць забрудзіць наваколле.

Няпростая сітуацыя ў краіне і з пластыкам, які займае каля 20 % з усёй колькасці адходаў.

— Калі ПЭТ-бутэлькі сёння актыўна перапрацоўваюцца, то іншую пластыкавую ўпакоўку ці аднаразовы посуд пакуль не ўсе перапрацоўшчыкі могуць прыняць, — тлумачыць эксперт. — Трапляючы ў навакольнае асяроддзе, пластык перашкаджае жывёлам, а пад уздзеяннем сонца і ветру распадаецца на маленькія часціцы, трапляе ў глебу, ваду, жывыя арганізмы.

Палігон не панацэя

Сёння ў нашай краіне праблема цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) вырашаецца некалькімі шляхамі: праз сістэму паасобнага кантэйнернага збору змяшаных адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў, а таксама праз прыёмна-нарыхтоўчыя пункты. Адходы, якія не перапрацоўваюцца, трапляюць на палігоны ЦКА для захавання. Яшчэ некалькі гадоў гэты спосаб, як самы танны, быў і самы запатрабаваны. Але ў дзяржаве зразумелі — захоўваць адходы нявыгадна не толькі з экалагічнага пункту гледжання, але і з эканамічнага. Таму многія палігоны паступова закрываюцца. Толькі сёлета ў рамках выканання рэспубліканскага плана навядзення парадку на зямлі рэкультывавана больш за 200 аб'ектаў захавання ЦКА (на пачатку года ў краіне налічвалася
160 палігонаў і 1224 міні-палігоны).

За некалькі гадоў сістэмнай работы ў краіне атрымалася значна павысіць узровень збору другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Так, паводле даных Мінпрыроды, калі ў 2007 годзе гэты паказчык складаў 192 тысяч тон, то ў 2017-м — ужо 650 тысяч тон, узровень вымання ДМР са складу камунальных адходаў — каля 17 % ад іх агульнага аб'ёму. Пры гэтым астатнія 83 % захоўваюцца на палігонах.

Згодна з законам «Аб абыходжанні з адходамі» захаванне ДМР забаронена. За тым, каб гэтага не адбывалася, павінны сачыць арганізацыі, якія эксплуатуюць палігоны (часцей за ўсё гэта арганізацыі ЖКГ). Але толькі за дзевяць месяцаў 2018 года падчас кантрольных мерапрыемстваў Мінпрыроды было выяўлена больш за 1000 выпадкаў захавання ДМР, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш за 360 вінаватых асоб, спагнана каля 235 тысяч рублёў.

— Пакуль мы не можам поўнасцю адмовіцца ад выкарыстання палігонаў, але пры гэтым павінны ўкараняць новыя тэхналогіі абыходжання з адходамі, што і закладзена ў змест Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года, — тлумачыць начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Вольга САЗОНАВА.

Трапляючы на палігоны, адходы з кантэйнераў для змяшаных адходаў праходзяць дасартаванне. Але эфектыўнасць апошняга значна меншая, чым сартаванне непасрэдна ў кантэйнерах. Правезеныя ў смеццявозе ДМР перамешваюцца з арганічнымі адходамі і страчваюць сваю якасць. Каб яе аднавіць, перапрацоўшчыкі павінны выдаткаваць шмат сродкаў і часу. Практыка паказвае, што ўзровень вымання ДМР са змяшаных адходаў складае каля 10 %, тады як падчас дасартавання пасля паасобнага збору атрымліваецца выняць больш за 90 % ДМР.

— На маю думку, галоўная задача камунальных службаў і кожнага жыхара Беларусі падчас сартавання адходаў — аддзяліць мокрыя адходы (арганіку) ад сухіх, — кажа Наталля Блышчык. — Няхай нават у кантэйнер для пластыку трапяць адходы, якія не перапрацоўваюцца, але пры гэтым яны не забрудзяць карысныя ДМР.

Інфармацыя + ініцыятыва

За апошнія гады наша краіна дасягнула значных вынікаў у выкарыстанні і перапрацоўцы пластыку і іншых відаў ДМР. Але па-ранейшаму ёсць праблемы са свядомасцю насельніцтва.

Сёння ідзе вялікая інфармацыйная кампанія пра паасобны збор адходаў, але яна, упэўнена Наталля Блышчык, павінна была пачацца да таго, як у нашых дварах з'явіліся кантэйнеры для пластыку, паперы і шкла. Так, Германіі і Швецыі для дасягнення значных поспехаў у галіне абыходжання з адходамі спатрэбілася 40—50 гадоў.

Увогуле, эксперт лічыць, што адзін з самых дзейсных спосабаў вырашэння «смеццевай» праблемы — прыватная ініцыятыва. Бо менавіта ад дзеянняў канкрэтных людзей залежыць стан кантэйнернай пляцоўкі ў двары іх дома і, адпаведна, эфектыўнасць збору смецця. Ці ініцыятыва гандлёвай сеткі прадаваць, а не бясплатна раздаваць пакеты, паказвае прыклад для іншых — можна змяняць падыходы да пластыкавай упакоўкі самім, не чакаючы змен у заканадаўстве.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.