Тыдзень моды ў Нью-Ёрку запомніўся паказам бялізны ад спявачкі Рыяны і куцюрнымі сукенкамі з пер'ем. На подыуме ў Лондане не было ніводнай рэчы з натуральнага футра. У Мілане натхняліся 1980-мі і Майклам Джэксанам, а ў Парыжы прэзентавалі сумачкі ў форме яйка і лятаючай талеркі. Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.
Увосень традыцыйна прадстаўляюць калекцыі на сезон вясна-лета. Дызайнер Таццяна Яфрэмава, напрыклад, зрабіла стаўку на чырвонае: бліскучыя спадніцы-мідзі, сукенкі са спартыўнымі манжэтамі на рызінках. А таксама прапанавалі ўспомніць пра стыль мілітары — адчуць сябе «ў поўным узбраенні» можна ў камбінезоне колеру хакі і камуфляжнай сукенцы. Ствараючы калекцыю, Таццяна Яфрэмава думала аб супрацьстаянні чалавечага і штучнага інтэлекту і аб тым, як у гэтым свеце заставацца сабой.
Просты крой, свабодныя сілуэты — такім бачыць адзенне сучаснай гараджанкі дызайнер Віталіна Гардзіеўская. Яна настойвае: сексуальнасць не ў кароткіх спадніцах, а ва ўпэўненасці. На подыуме мільгалі шырокія кашулі ўнісекс амаль да калена, прамыя сукенкі да самай падлогі, спартыўныя «касухі». Дагэтуль Віталіна Гардзіеўская стварала толькі скураныя аксесуары, таму сумкі ў яе калекцыі заслугоўваюць асаблівай увагі. Напрыклад, паясныя сумкі, якія наступнай вясной па-ранейшаму застануцца актуальныя.
Брэнд Nеlvа натхняўся прыродай. Фішкай стаў раслінны прынт. У калекцыі некалькі стылявых кірункаў: адзенне для офіса, паўсядзённага жыцця і свят. Элегантныя вобразы дапаўняюць сумачкі, упрыгожаныя макрамэ, мюлі (від абутку без заднікаў) і хусткі-павязкі. Брэнд запусціў таксама новую лінію адзення, якая адлюстроўвае рытм часу — Frіdау («пятніца») bу Nеlvа. Галоўны пасыл гэтай калекцыі — радавацца кожнаму імгненню. Тут ёсць рэчы як для летняга шпацыру па горадзе, так і для курортнага адпачынку, рамантычныя і іранічныя. Яркія сукенкі ў рыбкі і кубачкі з-пад кавы, аранжавы камбінезон, падобны да формы рабочага, адназначна прыцягнуць увагу навакольных. У якасці галаўнога ўбору падыдуць пластыкавы казырок ці панама.
Дызайнер Ларыса Балунова зрабіла стаўку на мінімалізм, архітэктурны крой і графіку і прэзентавала мікс офіснага стылю і прыбярэжнай рамантыкі. Сустракаць вясну яна прапануе ў сукенках на запах, кюлотах, свабодных камбінезонах, шортах-бермудах у спалучэнні з доўгім жакетам. Асноўныя тканіны — бавоўна і лён. Колеры — чырвоны, цёмна-сіні, белы і нюд.
Зусім іншую гаму выбрала мадэльер Наталля Корж: цёмна-зялёныя, шэрыя, цёмна-фіялетавыя, лавандавыя адценні. Яе вясенняя калекцыя ўключае паліто з фігурным швом, даўгія элегантныя сукенкі, паўпразрыстыя тунікі — варыянт для тых, хто ідзе ў оперу ці рэстаран і хоча выглядаць дорага. Сярод матэрыялаў — арганза і шоўк.
У рамках тыдня моды быў прэзентаваны праект Еthісаl Fаshіоn Shоw. Дызайнеры працавалі з этнічнай тэматыкай, а галоўным матэрыялам для пашыву калекцый стаў лён. Нацыянальны каларыт перадавалі праз выявы птушак на адзенні, традыцыйныя галаўныя ўборы мінулых гадоў, саламяныя завушніцы.
Але галоўнае на гэтым тыдні моды не адзенне. Першая важная падзея — праект «Новыя магчымасці». «Звязда» ўжо пісала пра яго: упершыню калекцыю разам з дызайнерамі стваралі людзі з інваліднасцю — аздаблялі рэчы вышыўкай і вязанымі карункамі. Арганізатары праекта спадзяюцца, што большасць гэтага адзення будзе прададзена, а майстрыхі з асаблівасцямі развіцця змогуць часцей атрымліваць заказы. Другая падзея датычылася мадэляў. Падчас асобных паказаў на подыум разам з маладымі дзяўчатамі выходзілі жанчыны старэйшага ўзросту. Прыгажосць без межаў ужо стала сусветным трэндам. Так, у верасні ў Мілане калекцыю Dоlсе&Gаbbаnа дэманстравалі актрыса Моніка Бялучы і мама вынаходцы Ілана Маска Мая. І хоць у модзе па-ранейшаму захоўваюць вернасць стандартам, на першы план даўно выйшла не тыповасць, а ўнікальнасць.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота аргкамітэта BFW
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.