Вы тут

Першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці праходзіць у Мінску


На ім сабраліся прадстаўнікі парламента і мясцовай улады, урада і міжнародных арганізацый і іншыя. На чатырох сесіях удзельнікі разгледзелі, як на практыцы адбываецца дасягненне 17 Мэт устойлівага развіцця.


Нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мар'яна ШЧОТКІНА падкрэсліла: «Разумеючы, што патэнцыялу толькі дзяржаўнага апарату будзе недастаткова для паспяховага прасоўвання краіны, у работу (па дасягненні МУР. — Аўт.) уцягнуты важныя гульцы — гэта парламенцкая група Нацыянальнага сходу і партнёрская група, у склад якой уваходзяць грамадскія аб'яднанні, бізнес, навуковыя колы. І нам вельмі прыемна, што перад пачаткам форуму да нас звярнуліся прадстаўнікі рэлігійных арганізацый у нашай краіне для таго, каб таксама паўдзельнічаць у форуме. Бо гэта справа агульная. Тут важнае месца адводзіцца рэгіянальным групам, бо ўстойлівае развіццё краіны проста немагчымае, калі не будзе ўстойлівага развіцця тэрыторый».

Пры гэтым Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што «нельга вярстаць праграмныя стратэгічныя дакументы толькі зверху, трэба ісці насустрач адно аднаму. Прапановы павінны быць знізу, з улікам спецыфікі тэрыторый. І ў наступны перыяд нам неабходна пераадолець рознапаскоранасць руху па арганізацыі дзейнасці ў абласцях».

Нацыянальны каардынатар па МУР звярнула ўвагу на станоўчы вопыт Брэсцкай і Магілёўскай абласцей. Яна парэкамендавала разглядаць пытанне па дасягненні МУР на пасяджэннях аблвыканкамаў.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ адзначыў, што Беларусь разглядае Парадак-2030 як унікальную аснову для новай глабальнай палітыкі ў галіне ўстойлівага развіцця. Падчас форуму ўдзельнікі маглі ўнесці новыя ідэі ў гэтым напрамку — дарэчы, прапановы прымаюцца і разглядаюцца на працягу яшчэ пяці дзён пасля форуму і будуць улічаны ў выніковым дакуменце. Да таго ж Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што адна з умоў паспяховай рэалізацыі МУР — інтэграцыя іх ідэй у нацыянальнае заканадаўства.

«Асаблівая роля тут належыць Нацыянальнаму сходу Беларусі як прадстаўнічаму і заканадаўчаму органу нашай дзяржавы, — звярнуў увагу старшыня Савета Рэспублікі. — Мы гэтым займаемся прадметна. Толькі ў 2018 годзе быў прыняты шэраг законаў, накіраваных на дасягненне МУР. Сярод іх можна вылучыць новыя законы аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі, а таксама новую рэдакцыю закона аб пітным водазабеспячэнні. Гэта праца будзе працягнута і ў 2019 годзе. Парламент плануе разгледзець законапраекты аб ахове здароўя, правах інвалідаў, аб ахове тарфянікаў, нетраў і многія іншыя, якія непасрэдна адносяцца да МУР».

Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаанна КАЗАНА-ВІШНЯВЕЦКІ таксама прывітала ўдзельнікаў форуму: «Падыход на аснове ўдзелу ўсяго грамадства і міжведамаснае партнёрства з'яўляюцца вельмі важнымі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Асабліва важнай з'яўляецца работа мясцовых органаў улады і іншых суб'ектаў на мясцовым узроўні, бо менавіта там адбываецца развіццё. Я рада вітаць у гэтай зале такую колькасць прадстаўнікоў рэгіёнаў. Ваш удзел у нацыянальных дыскусіях па ўстойлівым развіцці мае прынцыповае значэнне. На мясцовым узроўні вы сутыкаецеся з глабальнымі праблемамі, якія немагчыма вырашыць без лакальнага падыходу». Спадарыня Казана-Вішнявецкі заверыла, што ААН працягне падтрымліваць урад і іншых беларускіх партнёраў у дасягненні МУР.

(Больш падрабязна пра работу секцый, а таксама пра вынікі форуму чытайце ў наступным нумары «МС».)

Надзея АНІСОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.