Першымі яе лаўрэатамі сталі кіраўнік хору Алена Маслава, маладая пісьменніца Сафія Ворса і стваральнік літаратурнай серыі твораў невідушчых аўтараў Зоя Падліпская.
Алена Маслава — стваральнік і кіраўнік адзінага інклюзіўнага хору ў Беларусі «Радасць душы» пры Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кантакт». У ім спяваюць каля 70 удзельнікаў ад 5 да 25 гадоў, з якіх палова — дзеці і маладыя людзі з парушэннем зроку.
— Наш хор — гэта свайго роду клуб, куды прыходзяць, каб мець стасункі, тварыць, — кажа Алена Маслава. — Мы нясём у свет разуменне таго, што дзеці-інваліды — не ўтрыманцы ў грамадстве. Яны многае могуць. Нават самі займаюцца дабрачыннасцю, выступаюць перад сіротамі... Дзецям неабходны вопыт міласэрнасці. Хлопцы і дзяўчаты, якія займаюцца бок у бок з невідушчымі аднагодкамі, рады, што ёсць магчымасць камусьці дапамагчы, накіраваць на кагосьці сваю дабрыню. А для іншых дзетак, асабліва татальна невідушчых, зносіны з іншымі — гэта адкрыццё цэлага свету. Дзякуючы існаванню такога калектыву ў дзяцей з інваліднасцю больш магчымасцяў ездзіць па свеце, праяўляць сябе ў творчасці.
Прэмію атрымала і 15-гадовая беларуская пісьменніца Сафія Ворса. У аповесці «Горад аслеплых скрыжаляў» дзяўчына расказала гісторыю кахання невідушчай дзяўчыны. «Некаторы час таму я пазнаёмілася з невідушчай паэткай, яе гісторыя мяне вельмі ўразіла і натхніла на напісанне гэтай кнігі, — падзялілася Сафія Ворса. — Яе гісторыя дапамагае зразумець, што мы ўсе аднолькава думаем, марым, у нас усіх бываюць страхі, памылкі. І зрок тут зусім ні пры чым.
Аповесць ужо намінавана на шэраг міжнародных літаратурных прэмій.
Сярод лаўрэатаў — і галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова», член Саюза пісьменнікаў Беларусі Зоя Падліпская. Прэмія ўручана ёй за стварэнне літаратурнай серыі «Творы сучасных невідушчых аўтараў».
Як паведаміў кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Іван Галабурда, далей прэмія будзе пашыраць спектр кірункаў, у якіх працуюць намінанты. Так, ужо цяпер заснавальнікі разглядаюць прэтэндэнтаў на прэмію 2020 года — дзевяць праектаў у сферы тэатра і кіно, музыкі і літаратуры, жывапісу і фатаграфіі.
Пачынаючы з гэтага года прэмія «Чалавек безбар'ернага асяроддзя» будзе штогод прысуджацца дзеячам мастацтва, якія ўнеслі ўклад у прасоўванне прынцыпаў гуманізму і ідэй безбар'ернага асяроддзя для невідушчых і слабавідушчых людзей, а таксама развіваюць інклюзіўнае мастацтва. Яе заснавальнікамі сталі Мінская абласная арганізацыя «БелТІЗ», Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры падтрымцы Міністэрства культуры.
Святлана Бусько
Фота БелТА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?