Вы тут

Як прадставіць 20-я гады ў кветках?


Гістарычныя вобразы, аказваецца, можна ствараць і з кветак! Разнастайныя кветкавыя кампазіцыі, у тым ліку букеты, каптурыкі, парасоны з бутонамі і зялёнымі галінкамі можна было ўбачыць у Лошыцкай сядзібе. Былі тут і вянкі на комін, дэкаратыўныя «жывыя» дэталі на дзвярныя ручкі, лавандавыя столікі для гарбаты і шмат іншага.


Справа ў тым, што менавіта ў сядзібе вырашылі праводзіць свой фінальны ўрок выпускнікі Фларыстычнай школы творчай майстэрні “NestArt”. Яны абралі гэта месца, каб увасобіць цікавую галерэю вобразаў розных эпох.

— Дзяўчаты паказваюць, як навучыліся ўвасабляць у кветках пэўную ідэю. З дапамогай розных кветак, зеляніны і іншых прыстасаванняў яны канструююць гістарычныя вобразы з кветак. Бо менавіта ў гістарычным аспекце можна надзвычай цікава раскрыць самыя розныя задумы, – адзначае дырэктар творчай майстэрні Наталля Архангельская.

Кажуць, што заняцце фларыстыкай робіць людзей шчаслівымі. Таму, сцвярджаюць арганізатары, і іх героі, фларысткі, якія ствараюць інтэр’ерныя работы, фарміруюць букеты для сваіх мадэляў, – безумоўна, таксама шчаслівыя людзі. Усе, хто наведаў выставу, таксама дакрануліся да створанага тут хараства.

— У нас вельмі разнастайная група дзяўчат-фларыстак, – распавядае выкладчыца фларыстыкі Вольга Бялова. – Ёсць цяжарныя, тыя, каму ўжо вось-вось нараджаць. Таму мы хацелі, каб спектр выбару вобразаў быў як мага больш шырокім. Дзяўчаты прадстаўляюць у кветках 1920-я, 1950-я гады і шмат іншага. Нам было важна не зрабіць дакладна такія ж букеты, якія былі ў тыя часы, бо гэта ў прынцыпе немагчыма. Мы імкнуліся з дапамогай фларыстыкі аднавіць мінулы час і ўвасобіць яго ў вобразах так, як яны гэта адчуваюць. Прадставіць у яркіх фарбах і эмоцыях, якія асацыююцца з даўняй эпохай... У Лошыцкай сядзібе надзвычай шмат цудоўных фонаў для фотаздымкаў розных эпох, было што выбраць, залы зроблены ў рознай стылістыцы і колеравай гаме. Шмат паветра і святла – для нас гэта надзвычай важна.

Варта дадаць, што ў Лошыцы ёсць уласная даўняя кветкавая гісторыя. Кожную вясну з канца XIX стагоддзя з залаў адкрываўся цудоўны від на магнолію кобус у квецені. Па легендзе колішні ўладальнік Яўстафій Любанскі высадзіў яе ў падарунак для сваёй нявесты Ядвігі Кеневіч.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.