Як вядома, у планах вермахта пад назвай «Бліцкрыг» на захоп кожнай з пагранічных застаў падраздзяленням германскай арміі адводзілася гадзіна. Нашы заставы трымаліся многія гадзіны, дні, а бывала і болей. Абараняліся да апошняга байца альбо апошняга патрона. Вартавым граніцы давялося стаць першымі на шляху захопнікаў.
У першыя хвіліны вайны ў бой з праціўнікам уступілі байцы пагранічных нарадаў, якія заступілі на службу ў апошні мірны дзень — 21 чэрвеня. Гэта была субота. У 19.00 на ўсіх заставах, якія ахоўвалі межы краіны, праводзіўся традыцыйны рытуал прызначэння пагранічнікаў на ахову дзяржаўнай граніцы — баявы разлік, які аказаўся апошнім. У іх гонар, а таксама ў гонар усіх вартавых граніцы, што загінулі ў гады вайны, курсанты Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь правялі баявы разлік каля Холмскіх варот Брэсцкай крэпасці. На плошчы перад помнікам героям граніцы выстраіліся курсанты першага курса з партрэтамі байцоў Беларускай пагранічнай акругі, якія загінулі ў баях Вялікай Айчыннай. Пачалася пераклічка:
— Начальнік 9-й заставы 105-га пагранатрада лейтэнант Іларыён Сямёнавіч Аляксееў!
— Кулямётчык 1-й заставы 17-га пагранатрада чырвонаармеец Міхаіл Васілевіч Андрыянаў!
— Начальнік 9-й заставы 17-га пагранатрада Герой Савецкага Саюза лейтэнант Андрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў!..
І адказ у кожным выпадку быў аднолькавы: «Паў смерцю храбрых у баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы».
— У тым і сэнс нашага баявога разліку, які мы праводзім каля сцен крэпасці чацвёрты раз, каб падкрэсліць, што мы памятаем. Значыць, яны зноў заступаюць з намі на ахову граніцы як сімвал мужнасці, як прыклад для цяперашніх байцоў і камандзіраў, — адзначыў начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Міхаіл АКСЯНЮК.
А калі акцыя з партрэтамі скончылася і 18—19-гадовыя курсанты па камандзе строем пракрочылі па брукаванцы крэпасці ў адкрытыя Холмскія вароты... Гэта быў самы эмацыянальны момант баявога разліку: вось такія ж ішлі некалі, у далёкім 41-м, каб стаць на шляху у ворага. Яны пайшлі ў бяссмерце і сталі памяццю, як і іншыя абаронцы крэпасці. Пра іх згадалі літаральна праз некалькі гадзін, калі а чацвёртай раніцы пачаліся памятныя акцыі на плошчы Цырыманіялаў. Гэтым разам жалобныя мерапрыемствы пачаліся ў 3.15 з тэатралізаванай дзеі пра апошні мірны вечар горада над Бугам. Ідуць кадры звычайнага жыцця, потым усё перарываецца стрэламі, залпамі снарадаў, аглушальнымі гукамі сірэны. На экранах, якія ўсталявалі ля Вечнага агню, гучалі ўспаміны пра першыя імгненні вайны, чаргаваліся партрэты абаронцаў.
— Сёлета мы адзначаем тысячагоддзе, — сказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. — Ацэньваючы мінулыя стагоддзі, мы бачым, як многа адняла гэтая вайна. Наша асаблівая пашана франтавікам і працаўнікам тылу за тое, што адстаялі незалежнасць Радзімы, адбудавалі яе наноў.
Пазней кіраўнік горада адзначыў, што найлепшай памяццю аб загінулых пры абароне будзе паспяховы квітнеючы Брэст, жыхары якога кожны год прыходзяць у крэпасць на світанні 22 чэрвеня. Да брастаўчан далучаюцца госці з розных краін і гарадоў.
А пасля таго, як усе разам пастаялі ў хвіліне маўчання і па даўняй традыцыі апусцілі вянкі са свечкамі на воды Буга, удзельнікі мерапрыемства накіраваліся на Кобрынскае ўмацаванне, дзе былі гатовыя да прадстаўлення ўдзельнікі ваенна-гістарычных клубаў. У рэканструкцыі сёлета прымала ўдзел каля 500 чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Польшчы, Японіі, Кітая, іншых краін.
Рэканструкцыя абароны крэпасці складалася з некалькіх эпізодаў. Гледачы маглі ўбачыць абарону пагранзаставы, атаку Самвела Мацевасяна, бой маёра Гаўрылава. Як заўсёды, асабліва кранальнымі ў рэканструктараў выходзяць сцэны захопу ў палон жанчын і дзяцей гарнізона крэпасці, а таксама раненых байцоў і камандзіраў. На рэканструкцыю збіраецца шмат маладых гледачоў. Цяперашняму камп'ютарнаму пакаленню цікава глядзець на падзеі той вайны не толькі ў 3D, 5D, але і ў жывым выкананні.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Валерыя КАРАЛЯ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.