Вы тут

Чым небяспечная гіпертанія


Мы прызвычаіліся лічыць, што гіпертанія — праблема людзей пажылога ўзросту. Але гэта не так: хвароба імкліва маладзее. Мы мала рухаемся, ужываем тлустую ежу, наша жыццё напоўнена стрэсамі і хваляваннямі. Пабочны эфект сучаснага ладу жыцця — праблемы з сэрцам і сасудамі. Яны проста не спраўляюцца з тым грузам, які мы штодзень на іх ускладаем. Чым небяспечны высокі ціск і чаму ён павышаецца, калі варта пачынаць яго кантраляваць і як з ім «ужыцца», расказала загадчык аддзялення Фрунзенскага раённага кардыялагічнага цэнтра (на базе 31-й гарадской паліклінікі Мінска) Арына БАСАВА.


Фота Андрэя Сазонава

— Арына Аляксандраўна, з якога ўзросту варта пачынаць кантраляваць свой артэрыяльны ціск?

— Адзінкавыя вымярэнні павінны быць з дзяцінства. А вось ужо з 16 гадоў варта ўдзяліць гэтаму больш сур'ёзную ўвагу, бо лічыцца што сардэчна-сасудзістая сістэма ў гэтым узросце практычна не адрозніваецца па функцыянаванні ад дарослай. Калі лічбы артэрыяльнага ціску ў норме, то дастаткова раз на тры-пяць гадоў іх кантраляваць. Калі лічбы павышаныя, то згодна з апошнімі еўрапейскімі рэкамендацыямі, абавязкова варта сачыць за імі, у тым ліку ў хатніх умовах. Зразумела, пры штогадовым праходжанні дыспансерызацыі ў паліклініцы кожны доктар — і ўчастковы тэрапеўт, і доктар вузкай спецыялізацыі — павінен змерыць пацыенту ціск. І калі раней лічбы былі ў норме, а спецыяліст раптам выявіў іх павышэнне, такі пацыент адразу накіроўваецца на кансультацыю да ўчастковага тэрапеўта для верыфікацыі (пацвярджэння ці абвяржэння. — Аўт.) дыягназу і далейшай дыягностыкі.

— З 40 гадоў узровень ціску трэба вымяраць кожны дзень?

— Усё залежыць ад таго, якія лічбы мы маем, і тут не важна, 17 вам гадоў ці 60. Лічбы нормы артэрыяльнага ціску для ўсіх аднолькавыя. У канцы 2018 года былі распаўсюджаны новыя еўрапейскія рэкамендацыі, згодна з якімі сісталічны ціск павінен быць менш за 140, дыясталічны — менш за 90, і набліжацца да 120/80, калі пацыент гэта добра пераносіць.

Што датычыцца ўзросту, то не зусім правільна казаць, што пасля 40 гадоў варта кантраляваць ціск штодзень. Сёння артэрыяльная гіпертэнзія маладзее, таму насцярожанасць трэба праяўляць у любым узросце. Больш лаяльныя адносіны да лічбаў у сталых людзей, якім за 80 гадоў. Калі такія пацыенты здавальняюча адчуваюць сябе з ціскам 150—155/90, мы стараемся істотна яго не паніжаць. Бо карэкцыя ў такім узросце павышае рызыку захворванняў галаўнога мозга, да таго ж зніжаецца функцыя нырак. Пацыенты, як правіла, пачынаюць дрэнна сябе адчуваць, бо ў іх хутчэй за ўсё ўжо маецца атэрасклероз сасудаў галаўнога мозга, а гіпатэнзіўныя лекавыя прэпараты прывядуць да пагаршэння кровазабеспячэння галаўнога мозга і нырак. Але ціск не павінен зашкальваць — быць вышэй за 150—155/90.

— Чаму павышаецца артэрыяльны ціск?

— Прычын гэтаму шмат. Часцей за ўсё — спадчынны фактар. Ёсць і другасныя артэрыяльныя гіпертэнзіі, якія развіваюцца ў выніку захворванняў іншых органаў — эндакрыннай паталогіі, хвароб галаўнога мозга, нырак. Артэрыяльная гіпертэнзія можа развівацца на фоне прыёму гарманальных прэпаратаў, вялікіх доз нестэроідных супрацьзапаленчых сродкаў. Уплывае і наш лад жыцця. І тое, што мы ўпускаем момант пачатку лячэння. Даследаванне Steps выявіла, што лад жыцця ў вялікай часткі беларусаў далёкі ад ідэальнага. Шырока распаўсюджана курэнне, ужыванне алкаголю. Мы вельмі мала ядзім гародніны і фруктаў. Шмат людзей — каля 25 % — пакутуе на атлусценне, у 60 % нашага насельніцтва лішняя маса цела. Павышаны артэрыяльны ціск мае 44—45 % беларусаў. Людзі жывуць з гэтымі фактарамі рызыкі шмат гадоў. І прыходзяць да ўрача з багажом шкодных звычак і шматгадовым стажам павышанага артэрыяльнага ціску — нават 10-гадовым. У такім выпадку вярнуць ранейшы стан сардэчна-сасудзістай сістэмы ўжо немагчыма. І задача кардыёлага ці тэрапеўта — не даць прагрэсіраваць хваробе, замарудзіць развіццё ўскладненняў і дзесьці нават павярнуць час назад — правесці прафілактыку паражэнняў органаў-мішэняў. Задача няпростая, паколькі пацыент мае шматгадовы стаж павышанага ціску.

— У чым небяспека высокага ціску?

— Небяспека не ў самім высокім ціску, а ва ўскладненнях. Найперш гэта павелічэнне рызыкі вострых сардэчна-сасудзістых катастроф — інфарктаў, інсультаў. Як ні сумна, але захваральнасць і смяротнасць ад хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы ў нашай краіне знаходзіцца на першым месцы. Трэба апасацца і паражэння органаў-мішэняў. Гэта тыя органы і сістэмы, якія маюць шырокую капілярную сетку — галаўны мозг, сятчатка вока, сэрца, каранарныя сасуды, перыферычнае кровазабеспячэнне канечнасцяў і ныркі. Яны першымі трымаюць удар, што праяўляецца ў выглядзе інсультаў, інфарктаў, кровазліцця ў сятчатку вока, прагрэсіравання хранічнай ныркавай недастатковасці, аблітэрыруючага атэрасклерозу сасудаў ніжніх канечнасцяў. Гэта самыя грозныя ўскладненні.

— Прэпараты ад артэрыяльнай гіпертэнзіі трэба прымаць усё жыццё?

— Існуе ўсяго пяць груп прэпаратаў ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, іншая справа, што назваў, варыяцый у іх прыёме, схем лячэння вельмі шмат. Але ёсць адзін вельмі важны прынцып у тэрапіі артэрыяльнай гіпертэнзіі — пастаянны прыём. Канешне, пацыент, асабліва калі яму ўсяго 40 гадоў, гэта адразу ўспрымае з насцярожанасцю. Але па-іншаму ніяк — прэпарат, доза, калі трэба — камбінацыя заўсёды падбіраюцца індывідуальна, прымаюцца доўга, пад пастаянным кантролем урача.

— А калі ціск нармалізаваўся, можна перастаць піць лекі?

— Не. Мы ўсё роўна прымаем свой прэпарат у той жа дазіроўцы. Трэба разумець, што менавіта на фоне прыёму лекаў мы дасягнулі мэтавых лічбаў ціску. І толькі пры ўмове рэгулярнага прыёму мы замаруджваем рызыку ўскладненняў і паражэнне органаў-мішэняў. Няправільна прымаць гіпатэнзіўныя прэпараты сітуацыйна, ад выпадку да выпадку, часта мяняць іх без прызначэння па парадзе знаёмых. Кожны лекавы сродак мае свае супрацьпаказанні, лячэбныя дазіроўкі і падбіраецца індывідуальна. Калі пацыент прымае прэпарат сітуацыйна, у яго нестабільныя лічбы артэрыяльнага ціску на працягу дня, могуць здарацца эпізоды гіпертанічных крызаў. У такіх хворых пачашчаецца колькасць шпіталізацый, выклікаў хуткай дапамогі. І зразумела, мэта, да якой мы ідзём, не будзе дасягнута: не адбываецца лячэння тых органаў, на якія ўплывае артэрыяльная гіпертэнзія. Сітуацыйны прыём не падыходзіць ні ў якім разе.

— Часта даводзіцца чуць, што прэпарат перастаў дзейнічаць. Такое сапраўды бывае?

— Так званае «выслізгванне доз» бывае не часта. У такога пацыента варта сабраць падрабязны анамнез: як ён прымае прэпарат, наколькі рэгулярна, ці ў той дозе, якой прызначана. Калі прэпарат сапраўды не дае патрэбнага эфекту, спрабуем павялічыць дозу да максімальна дазволенай, калі і гэта не дапамагае, тады замяняем на іншы. Зараз часта прызначаюцца камбінаваныя лекі — 2-3 прэпараты ў адной таблетцы. Гэта павялічвае эфектыўнасць лячэння, пацыенту больш зручна замест 2-3 таблетак прымаць адну адзін раз на дзень.

— Як хутка пасля пачатку лячэння ціск павінен нармалізавацца?

— Не трэба імкнуцца дасягнуць мэтавых лічбаў з першай таблеткі. Ціск зніжаецца паступова — на працягу дзесьці трох месяцаў. Некаторым патрабуецца крыху менш часу, некаторым — крыху больш, у цэлым за гэты перыяд звычайна ўдаецца падабраць эфектыўную індывідуальную тэрапію. Варта памятаць, што пры лячэнні артэрыяльнай гіпертэнзіі першыя сустрэчы з доктарам будуць частымі, сам урач вызначае, калі пацыент наступны раз павінен прыйсці для кантролю.

— Анамальная спякота для людзей з гіпертаніяй небяспечная ці, наадварот, гэта для іх спрыяльнае надвор'е?

— Спякоту гіпертонікі пераносяць цяжка. У часткі пацыентаў на фоне такога надвор'я паніжаецца ціск. Ім нават даводзіцца памяншаць дозу гіпатэнзіўных прэпаратаў, бо яны дрэнна сябе адчуваюць з паніжанымі лічбамі. У спякоту гіпертонікам абавязкова трэба насіць галаўны ўбор, заўсёды мець з сабой бутэлечку вады, бо ўзмацняецца потааддзяленне, а таксама прэпараты для купіравання гіпертанічных крызаў. І старацца не выходзіць на вуліцу ў самую спёку.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.