Вы тут

Творчасць супраць старасці


...Гэта цудоўны адрэзак жыцця, сцвярджала выстаўка «Старасць» у хельсінскім арт-музеі. Мастацкае асэнсаванне тэмы ўзрадавала двух спецыялістаў-герыятраў: сапраўды, у чалавека з’яўляецца свабода, ён не абмежаваны грамадскімі абавязкамі, дзецьмі, мае час на ўласнае жыццё. Але па выніках сацыялагічных даследаванняў спецыялісты зразумелі, што ў нашых людзей старасць асацыюецца хутчэй з праблемамі. Рэдка хто думае пра тое, што чалавек стаў жыць больш на 20—30 гадоў, і патрэбна філасофія гэтага перыяду жыцця. Чаму — тлумачыцца ў кнізе, падрыхтаванай да друку старшынёй Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб’яднання прафесарам Андрэем Ільніцкім і прафесарам Кірылам Прашчаевым, які ўзначальвае Навукова-даследчы медыцынскі цэнтр «Геранталогія» ў Маскве. Навукоўцы, якія сёння працуюць у Расіі, пачыналі сваю кар’еру ў Беларусі, зацікаўлена прыглядаюцца да працэсаў, што ідуць у айчынным грамадстве.


Андрэй Ільніцкі.

Кірыл: Можна сказаць, што беларуская геранталогія пачала развівацца не як медыцынская галіна, а менавіта як філасофская. Калісьці Кандрат Крапіва напісаў «Браму неўміручасці» — пад уплывам прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Васіля Купрэвіча, які захапляўся рускім касмізмам.

Андрэй: Упершыню ў сярэдзіне 60-х Купрэвіч загадаў стварыць сектар геранталогіі ў Акадэміі навук, які існаваў да сярэдзіны 80-х гадоў. У акадэміка Яўгена Канаплі была ідэя стварыць інстытут геранталогіі, але пасля Чарнобыля больш патрэбны быў Інстытут радыялогіі. Разам з Беларускай геранталагічнай асацыяцыяй мы арганізавалі канферэнцыю, прысвечаную акадэміку Канаплі. Хочам падтрымліваць гэтую традыцыю: трэба больш размаўляць нават не пра старасць, а менавіта пра ўзрост.

К.: Бо што такое жыццё? У еўрапейскай філасофіі гэта развіццё чалавека на кожным этапе, нягледзячы на тое, колькі яму гадоў: 11 ці 90. Таму што ў кожны момант свайго жыцця чалавек можа зрабіць нешта новае для заўтрашняга дня. А ў нашай філасофіі жыццё падзелена на некалькі кавалкаў і ў кожнага кавалка сваё прызначэнне. Калі ў ХІХ стагоддзі жылі дамастроем і ў гэтай канцэпцыі добра ўладкоўваліся ўсе адрэзкі чалавечага шляху, то ў ХХІ стагоддзі мяняецца само адчуванне жыцця: гэта дынамічны працэс, раўназначны ў любым узросце. І галоўнае ў гэтым працэсе — каб чалавек кожны дзень адчуваў, што нехта яго трымае за руку, не толькі фізічна, але псіхалагічна.

А.: У ідэале чалавек не павінен адчуваць свой узрост. Якая-небудзь хвароба можа напаткаць і ў 30, і ў 50, і ў 80 гадоў. І не значыць, што хваробы абавязкова з’явяцца з цягам часу. Калі такое разуменне будзе на ўзроўні грамадства, то людзі не будуць баяцца самога працэсу старэння. Даказана, што тыя, хто баіцца дрэннай старасці, сапраўды яе маюць. Трэба выхоўваць разуменне, што старасць — гэта кавалак шляху, дзе чалавек таксама можа развівацца, творча ставіцца да жыцця.

К.: Цяпер з’явіўся новы падыход да старэння, калі «здаровае» старэнне атаясамляецца з функцыянальным. Калі чалавек функцыянуе — мае нейкую справу ў жыцці, патрэбен грамадству, мабільны ментальна і фізічна, нягледзячы на хваробы, — то гэта варыянт здаровага старэння. Іншая праблема — мы не рыхтуемся да старасці. Нас бацькі рыхтуюць да школы, потым да інстытута, самастойнага жыцця. А хто думае, якія варыянты будуць у наступным перыядзе? Хацеў бы працаваць на пенсіі ці не? А калі стану непрацаздольны — пайду ў інтэрнат ці дзеці павінны са мной сядзець?.. Няма культуры стварэння канцэпцыі жыцця на гэты перыяд. Захаванне здароўя — таксама частка гэтай канцэпцыі, і чалавек павінен рабіць для гэтага нейкія намаганні. Рэцэпты простыя, іх усе ведаюць, але чамусьці не выконваюць: фізічная актыўнасць, правільнае харчаванне. Але не менш важная ментальная актыўнасць. Сучасныя тэхналогіі могуць зрабіць чалавека вонкава маладым, можна нават замяніць сустаў і выправіць паходку. Але мы не можам замяніць мозг, яго трэба захоўваць. Гэта цэлая сістэма мер, а найпершая з усіх — трэба працаваць як мага даўжэй, захоўваць творчасць, якая дае новыя нейронныя сувязі.

Творчасць можа быць разнастайная. Нават нашы любімыя вышыванкі. Што такое вышыванка? Гэта не проста нейкі ўзор, а яшчэ і дробная маторыка рук, што таксама ўплывае на развіццё нейронных сувязаў. Вось чаму нашы бабулі доўга жылі: яны маглі карыстацца нават трыма мовамі ў некаторых мясцовасцях (некалькі моў у арсенале чалавека спрыяюць таму, каб розум заставаўся ў тонусе), яны вышывалі кашулі, каб імі карысталіся іншыя. Важна не проста працаваць, а рабіць гэта дзеля іншых. Ці чалавек піша кнігу — ён хоча падзяліцца з кімсьці думкамі.

А.: Калі ўзніклі пытанні наконт павышэння пенсійнага ўзросту, на жаль, усё звялося да ўзроўню каментароў. А грунтоўнага абмеркавання, што такое ўзрост і як да яго падысці, не атрымалася.

 Насамрэч чалавек павінен працаваць, колькі зможа. Гэта пытанне нават не пенсіі, таму што працаваць можна хоць валанцёрам, — гаворка пра любы занятак. Калі я імкнуўся трапіць у Ватыкане ў палац, дзе жывуць кардыналы, стаяў у вялізнай чарзе, якую рэгулявалі валанцёры — сталыя людзі. Яны патрэбны, і гэта дае іх жыццю адчуванне напоўненасці.

К.: Не павінна быць такога: я стары, мне нічога не трэба… У беларускай традыцыі стары чалавек заўсёды быў патрэбны, хаця дзеля парады. Была ў нас этнаграфічная вандроўка па Палессі і ў вёсцы Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе мы пазнаёміліся з народным майстрам Іванам Супрунчуком. Ён паказаў скульптуру, якая азначае абрад «лапаціна». Яшчэ жывуць старыя людзі, якія памятаюць, што калі чалавек вырашаў, што сваё аджыў, то збіраў сям’ю на своеасаблівы кансіліум, дзе высвятлялі: а чаму ён так выказаўся, мо не так даглядаюць? Стараліся нешта змяніць, каб пазбегнуць крайняга варыянта. Але ініцыятарамі «лапаціны» былі менавіта старыя людзі — дарадцы.

А.: Філосафы кажуць, што каштоўнасць узросту ў тым, што гэта ядро кансерватызму. І гэта патрэбна, каб паставіць чалавека на трывалую глебу, што асабліва важна ў гэтым такім вірлівым і зменлівым свеце.

Кірыл Прашчаеў.

К.: Дзіўна, але старыя людзі ў вёсцы назапашваюць пенсію, каб купіць насенне. Раней працавалі на зямлі, каб нешта з яе атрымаць, а зараз гатовыя траціць, абы працаваць на зямлі. Жыццё змянілася, і іншых варыянтаў занятасці грамадства не прапаноўвае. Людзі імкнуцца абаперціся на тое, што ведаюць. А.: А што ў нас што рабіць, калі выйшаў на пенсію? Застаецца традыцыйны сялянскі клопат — зямля. Атрымліваецца, што лецішча і ёсць тое адзінае, што прапануе наша культура жыцця. У Мінску, можа, крыху інакш, тут, напрыклад, ладзіцца шмат фестываляў з бясплатным уваходам. А выехаць за межы Мінска — там нічога няма акрамя зямлі.

К.: У сацсетках аднаго доктара я неяк прачытаў: «Добра, што пачынаюцца лецішчы, гэтыя старыя перастануць нас даймаць у паліклініках...» Але ніхто не задае пытанне: а чаму яны ідуць у паліклініку? Яны хочуць быць сярод людзей, а паліклініка — тое месца, адкуль не прагоняць.

А.: Праблема ў тым, што чалавек выходзіць на пенсію і можа апынуцца ў беспаветранай прасторы. Гэтая прастора павінна быць напоўненая. Усё добра, калі ў цябе ёсць сям’я, якая побач, а калі далёка?.. Прычым людзям патрэбна запатрабаванасць не казённая, а шчырая. Што такое чалавек? Гэта ж не толькі фізіялагічная абалонка, гэта сацыяльная істота. У нас чалавек жыве не дзеля сябе, а дзеля чагосьці іншага. Дзеля дзяцей. А ці яны прасілі?.. На Захадзе чалавек больш дбае пра сябе, асабліва ў сталасці. А ў нас старыя бацькі збіраюць пенсію для дзяцей ці ўнукаў, а самі дажываюць… Нам трэба найперш супакоіць чалавека: не трэба ставіць на сабе крыж, а трэба думаць, як ты правядзеш гады сваёй заслужанай пенсіі. І гэта трэба даводзіць на грамадскім узроўні.

К.: Грамадства — тонкі арганізм. Задача дзяржавы — стварыць умовы для дамоў-інтэрнатаў, ці то яны будуць дзяржаўныя, ці то прыватныя. Але дзяржава не можа прымусіць чалавека ў 40 гадоў пачаць клапаціцца пра тое, як ён пражыве сваё жыццё ў старасці: ці выбера дом-інтэрнат, ці будзе думаць пра другую форму. А вось грамадства павінна стварыць дыскусію, каб чалавек у 40 гадоў зразумеў, што трэба планаваць сваё жыццё ў сталым узросце.

А.: Паспрабуйце ўявіць вобраз старой жанчыны: хустачка, кіёчак. А якая-небудзь Джэйн Фонда паказвае, як можна выглядаць у 80 гадоў. У нас няма вобразаў старасці. Самому чалавеку гэта цяжка сканструяваць. А ў грамадстве павінны прапаноўваць варыянты: ці з кіёчкам, ці як Джэйн Фонда, ці ў літаратурны клуб, ці ў клуб аматараў фінскай хадзьбы… На Захадзе ўжо шмат прыкладаў, калі ў старасці людзі абменьваюцца сваімі тэкстамі, чытаюць іх, рэцэнзуюць. Гэта вобразы старасці, скіраваныя на актыўнасць. Для сталых людзей неверагодна важныя актыўнасць і творчасць. Напрыклад, можна заняцца танцамі, паехаць у іншы горад, можна напісаць успаміны для ўнукаў. Чым больш спалучэнняў розных відаў творчай дзейнасці, тым прасцей на фізіялагічным узроўні фарміруюцца розныя нейронныя сувязі. А развіццё творчага чалавека — працэс бясконцы. Успомніце Стэфанію Станюту — як актрыса яна развівалася ўсё жыццё, а найбольш яскрава запомніліся вобразы сталых жанчын.

К.: А можа, прачнецца прага іншай сацыяльнай ролі — нечаканай. Зараз наогул усё гібрыдна. Прыклад: Пугачова — Галкін. Яна — пажылая жанчына, Галкін — чалавек сярэдняга ўзросту. Але абодва яны выконваюць адну і тую ж сацыяльную ролю — маладых бацькоў. Не наша задача казаць, правільна ці няправільна гэта. Трэба разумець, што мы існуем ужо не ў бінарнай сістэме каардынат, што свет разнастайны. Ёсць варыянты больш сустракаемыя, ёсць менш сустракаемыя. Але чалавек 60—70 гадоў не павінен азірацца: а што скажа грамадства? Палітра вялікая, і дасягненне ХХІ стагоддзя ў тым, што мы можам выбраць тое, што нам даспадобы.

Пакуль мы будуем нашу размову, зыходзячы з канцэпцыі «бацькі — дзеці». Але ўжо гадоў праз 15—20 мы апынемся ў цікавай сітуацыі, калі ў нас будзе не проста канфлікт бацькоў і дзяцей, а канфлікт чатырох пакаленняў. Таму што павялічылася працягласць функцыянальнага жыцця. Сучасныя людзі — не тыя, якія былі 20 гадоў таму. Першае пакаленне — 80-гадовых, далей 60-гадовыя, якія будуць працаваць і хацець гэтага, актыўнае пакаленне 40-гадовых, яле яго будуць падпіраць 20-гадовыя, якія вельмі хочуць развівацца. На рынку працы ў нас будзе канкурэнцыя як мінімум трох пакаленняў.

Разумныя людзі ў любы перыяд жыцця ставілі перад сабою мэту — развівацца, у тым ліку ў сваёй прафесіі. Чалавек можа дасягнуць новага на любым этапе жыцця. Калі ён развіваеца, то можа стварыць новы цікавы прадукт.

А.: Марыус Пеціпа ў 80 гадоў паставіў «Раймонду». Янка Брыль да апошняга часу пісаў, мне асабліва падабаюцца яго назіранні. Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін плённа працавалі ў сталым узросце. Пласіда Дамінга спявае дагэтуль, але перайшоў на барытон. Галіна Вішнеўская, калі скончыла спяваць, стварыла оперную школу. Алена Абразцова стала драматычнай актрысай. Наталля Гайда таксама стала іграць у драматычных спектаклях. Людзі працягваюць рэалізоўвацца ў творчасці, але мяняецца яе форма. Талент трэба трэніраваць, займацца кожны дзень, ставіць яму новыя задачы.

К.: Наогул, жыццё павінна быць у радасць. І калі яно ў радасць, то стварае добрыя ўмовы для галаўнога мозгу. Тады ёсць пачуццё ўнутранай свабоды. А свабодныя людзі жывуць больш...

А.: Чалавеку трэба навучыцца найперш прымаць свой узрост. Каб ён жыў у задавальненні бягучым часам...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».