Вы тут

Анатоль Шушко. «Ляці, мой верш...»


Сярод многіх кніг з аўтографамі ў мяне захоўваецца і гэтая. На ёй надпіс: «Алесю Марціновічу — літаратураведу і “крытыкалюбу” Анатоль Шушко ўзычае ад шчырага сэрца Шаны! Зборнік вершаў. Здароўя, дарагі Алесь! Жыві ў Слове, там ты ўвесь. 22.12.2012 г.».


Цяпер не памятаю — падарыў яе мне сам Шушко асабіста ці я атрымаў яе праз Віктара Гардзея, з якім яны сябравалі. Мы з Анатолем таксама ўжо былі знаёмы. А з вершамі пазнаёміўся яшчэ раней. У 1994 годзе ў серыі «Бібліятэка часопіса “Маладосць”», у яе студзеньскім нумары, выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Выток і прычасце». Прозвішча аўтара мне падалося знаёмым. Пачаў прыгадваць... А ці не той гэта Шушко, пра вершы якога некалі так хораша адгукнуўся цудоўны знаўца паэзіі крытык Варлен Бечык у «ЛіМе»?

Тады я працаваў у рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». У ім была багатая бібліятэка, разлічаная і на карыстанне супрацоўнікамі «Беларусі» і «Полымя», якія размяшчаліся ў адным з «ЛіМам» будынку. Захоўваліся тут не толькі кнігі, а і гадавыя камплекты часопісаў, падшыўкі «ЛіМа». Аформленыя ў друкарні, яны таксама выглядалі, як кнігі. Вялізныя па памеры, аб’ёмныя. Часам пераглядаў іх. Паспяшаўся зрабіць гэта і пасля знаёмства з дэбютнай кнігай Шушко.

У адным з нумароў за 1981 год і напаткаў тое, што шукаў. В. Бечык у артыкуле «Набыццё вышыні» пісаў: «У жніўні 1971 года газета “Літаратура і мастацтва” надрукавала вершы Анатоля Шушко, семнаццацігадовага выпускніка-школьніка з палескай вёскі Сташаны. Якой важкай і цікавай творчай заяўкай здаліся вершы гэтага юнака! Былі ў іх і маладая ўсхваляванасць жыццём, і раздумная дапытлівасць, і назіральнасць, і псіхалагічная чуйнасць. Праглядвалі даволі выразныя рысы асабістасці, уласнага светаадчування. Малады паэт, зусім пачатковец дамагаўся не абы-якой шматмернасці і ўнутранай паўнаты ў паказе і асэнсаванні жыцця. […] Заставалася толькі памнажаць набыткі, ісці па гэтак удала распачатым шляху…»

Такая высокая ацэнка творцы, які толькі ўваходзіць у літаратуру, сустракаецца рэдка. На маёй памяці так шчыра радаваўся таленту Яўгеніі Янішчыц Генадзь Бураўкін, прадстаўляючы яе ў 1965 годзе, таксама ў «ЛіМе». Шушко і Янішчыц, можна сказаць, землякі, але ён значна маладзейшы. Нарадзіўся 19 ліпеня 1954 года ў пасёлку Чырвоная Слабада, колішняй Вызне. Тады гэта быў раённы цэнтр, цяпер гарадскі пасёлак уваходзіць у склад Салігорскага раёна. Жыў у вёсцы Сташаны. Яна, як і родная Рудка Янішчыц, знаходзіцца ў Пінскім раёне.

Віктар Гардзей, прадстаўляючы «Выток і прычасце» чытачу, адштурхоўваўся і ад згаданай публікацыі Варлена Леанідавіча: «Першыя, яшчэ са школьнай лаўкі, вершы Анатоля Шушко заўважыў і шчыра падтрымаў незабыўнай памяці Варлен Бечык. З таго часу прайшло нямала летаў і зім, але малады паэт не дужа часта паказваўся “на людзі” — падборка ў “Маладосці”, падборка ў “ЛіМе”, ды зрэдзь яшчэ сям-там, хаця вершы пісаць ён ніколі не кідаў. Памяркоўны і сціплы па натуры, уражлівы і назіральны хлапчына з палескай вёскі Сташаны настойліва шукаў (шукае і цяпер) выток беларускіх крыніц, роднай мовы, чалавечай дабрыні і злыбеды, а таксама “воблік неразгаданага шчасця ў неспатольнай шчодрасці прычасця”. [...]».

Першы зборнік Шушко не толькі не губляўся сярод кніжак тагачасных «маладосцеўскіх» дэбютантаў, але і прыкметна вылучаўся сярод іх. Былі ў ім і творы, якім маглі б пазайздросціць і асобныя сталыя паэты. Напрыклад, верш «Стагі, як лысыя дзядзы…»:

Стагі, як лысыя дзяды,

у кажухах сумётаў

пасталі строга у рады

на чысціні балота.

Світае. Сонца мандарын

навіс на небасхіле.

І студзень шчодры на дары,

І не абы-якія!

Колькі ў іх знаходак! Гэтая вобразная насычанасць не прыдуманая, калі паэт, каб падацца арыгінальным, быццам выціскае з сябе. Яна натуральная. Як паветра, вада. Яна — заканамерны вынік паэтавага светабачання і светаўспрымання. Да месца нават параўнанне сонца з мандарынам. Здавалася б, пры чым «мандарын» на Палессі, ды яшчэ зімой. Але гэты вобраз не толькі хораша ўпісаўся ва ўсю метафарычную прастору твора, а і надаў яму яшчэ больш свежае гучанне. Засведчыў, наколькі бязмежныя магчымасці ў сапраўднай паэзіі.

Пасля такога ўдалага дэбюту друкавацца б ды друкавацца. Аднак, каб часта друкавацца, трэба і нямала пісаць. Але як у каго атрымліваецца. А яшчэ, відаць, ёсць нейкая наканаванасць лёсу. Не толькі жыццёвага, а і творчага.

Анатоль Шушко, скончыўшы філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у Мінску не застаўся, а для творцы сталічнае прыцяжэнне ўсё ж значыць шмат. Настаўнік, рабочы, будаўнік, вартаўнік, выхавальнік, карэспандэнт раённых газет... Не сказаць, што для паэзіі гэта спрыяльныя ўмовы. Першы ж верш быў апублікаваны яшчэ ў 1969 годзе ў газеце «Піянер Беларусі». Школьнікам друкаваўся і ў «Чырвонай змене», у часопісе «Бярозка». З-за пастаяннай неўладкаванасці пісалася не так і шмат.

А. Шушко разумелі далёка не ўсе. Таму яго другая кніга пабачыла свет толькі праз васямнаццаць гадоў пасля першай. Адкуль з’явілася такая нечаканая назва — «Шаны», зразумела пасля знаёмства з трыпціхам «Сто шан для Сташан». Дарэчы, ён быў і ў «Вытоку і прычасці». З гэтага зборніка перайшлі ў другі і іншыя творы. Шаны — гэта наватвор Шушко, па сутнасці, новы паэтычны жанр, які ўзнік ад пераасэнсавання назвы вёскі. Аднак, бадай, правільным будзе шукаць выток гэтай назвы і ў словах «шанаваць», «шанаванне», «ушанаванне».

У кожным раздзеле трыпціха гучаць удзячнасць, шанаванне роднай вёскі. Падзяка гэтая, гэтае шанаванне ідуць як бы па ўзрастаючай. Пачынаючы з ухвалення мясціны, што дала крылы для ўзлёту і палёту і куды пастаянна хочацца вяртацца, каб душэўна і духоўна адпачыць, набрацца новых сіл для далейшых жыццёвых дарог: «Сто шан табе, мой лан, мой кут // З папінамі ля хаты!», «Сто шан табе, сташанскі хлеб!»

Услаўляючы свае Сташаны, Анатоль пісаў і з думкай пра ўсю Беларусь. Яго першая кніга пачыналася чатырохрадкоўем-прысвячэннем:

Голас песні маёй — рэха сэрца твайго,

покліч песняй душы, што не знае патолі.

Беларусь, не знаходжу я праўды другой,

бо інакш мне цябе не знайсці аніколі.

Пільна ўзіраўся і ў дзень учарашні, у тое мінулае, якое засталося ў смузе часу. Але цікавіўся не толькі канкрэтнымі рэаліямі, гістарычнымі асобамі. Вымалёўваецца цэласны малюнак часу. Як у вершы «Камяні»:

Вы — нібы здані прада мною

далёкіх прадзедаў маіх,

з іх невыказнаю тугою.

З глухой жальбой і болем іх.

 О, камяні! — нямыя жорны

Імхом парослай цішыні,

няўжо і дух іх непакорны

у вас, у чэрствых, не пранік?

Сказана шмат, але верш на другой страфе не заканчваецца. Ёсць і працяг — проста неабходны, інакш твор многае страціць. Ва ўсякім разе ўздзеянне яго на чытача зменшыцца. Галоўнае ж — не будзе той думкі-ідэі, якую, як высвятляецца, паэт прыхаваў на заканчэнне сваіх разваг:

Няўжо гарачаю падковай

конь Каліноўскага парой

з вас больш не высеча барвовы

агонь?.. Няўжо ваш лёс — спакой?

У артыкуле «Набыццё вышыні» В. Бечык звярнуў сваю ўвагу і на верш А. Шушко «Камяні». Аднак спачатку зазначыў: «Дзесьці воддаль адсвечваў, праўда, ужо вядомы верш іншага паэта (Л. Дайнекі): Камяні, камяні — ціхай вечнасці жорны… На гарачым кані праляцеў Каліноўскі…». І тут жа дадаў: «Але толькі адсвечваў, бо думка развівалася сваім шляхам, і пачуццё было не пазычаным, сваім».

А вось ужо даўняе больш блізкае нашаму дню. Са згадкамі пра Вялікую Айчынную вайну:

Пазарасталі ўжо сцяжыны

 да партызанскае зямлянкі.

І гэты шчыры гімн птушыны —

 светлавалосаму світанку.

Грыбное восеньскае рэха

гайдае сосен верхавіны…

Ды што ж так слых балюча рэжа?

Вуголлем дыхаюць каліны.

(«Пазарасталі ўжо сцяжыны…»)

Для паэта важна не толькі, пра што пісаць. Як пісаць — не менш важна. Прынамсі, у дачыненні да А. Шушко гэта адназначна правільна. Пацвярджэнне гэтага — і згаданыя творы, і многія іншыя, якія таксама сведчаць на карысць таго, што яму ўдаецца на пратаптанай, здавалася б, сцяжыне абавязкова знайсці сваё, іншымі не заўважанае. Як у вершы, сціпла названым «Прадвесне». Здаецца, наўрад ці можна тут знайсці свой паварот думкі. Каб не толькі не паўтарыцца, а прамовіць свежа. Сапраўднаму таленту гэта па сілах:

І мроіцца снягам

Аб тапаліным леце,

Дзе босая нага

Ступае на суквецце.

І цёпла маразам!

Успыхне рунню поле.

І вастрыём ляза

Капеж зіму праколе.

А колькі вершаў-прызнанняў у любові да роднай мовы напісана нашымі паэтамі! Ды, як ні прыкра, не ўсе такія творы радуюць, саграваюць сэрца. Бо нярэдка пішуцца не тады, калі з’яўляецца душэўная патрэба, а як бы па неабходнасці. Маўляў, іншыя закранаюць гэтую тэму, то хіба я горшы за іх?! Калі чытаеш А. Шушко, адразу адчуваеш: гэта якраз тое, што не магло не з’явіцца. Перш чым легчы на паперу, гэта неаднойчы было думана-перадумана, асэнсавана-пераасэнсавана. І толькі пасля з’явіліся радкі, якія так нязмушана кранаюць струны тваёй душы:

Святочнасць якая!

Як хораша тчэцца радок!

Шукаю цябе,

Першароднае мудрае слова.

Мацней пачуццё!

Зноў са мной, як зарок,

Мая беларуская

Кроўная, чыстая мова.

(«Няўжо яшчэ цеплішся…»)

З таго ж шэрага і верш «Добры дзень! Родны ранак душы»:

Добры дзень! Родны ранак душы.

Затушы мой боль, затушы.

Затапі маё гора глыбокае,

Засвятлі сваё шчасце далёкае.

Бо чакае сябрына, бо веруе,

Што аднойчы не ўласнай хімераю

Зазірну да іх я і падзякую

Мовай роднаю — неабыякавай.

У вершы «Прачулае і весняе» А. Шушко запэўніваў: «Мне гаманіць ВЯСНОВЕЙ / На БЕЛАРУСКАЙ мове / На матчынай, на КРЭЎНАЙ, / Расістай, зорнай, спеўнай. / Мне прасвятляе вочы / Душа яе прарочая: / Здаецца, што Айчыну / Нясу я за плячыма, / І гэты груз найважкі / З УСІМ» (усюды выдзелена вялікімі літарамі самім паэтам — А. М.). Таксама сказана шчыра. Прамоўленае ідзе ад самога сэрца.

Вось такая яго паэзія. Не ўсё ладзілася, але гэта не перашкаджала заставацца аптымістам. І ў жыцці, і ў творчасці. Выразна песімістычных твораў няма. Хіба што ёсць такія, у якіх прамільгне заклапочанасць, трывожны роздум. Ды больш характэрным для Шушко было тое, што выказана ў вершы «Іскрамётнае»:

Ляці, мой верш,

заўжды да небакраю!

Як ты мяне сабой узгадаваў!

Балесны, крэўнасны,

Табе я раю,

Каб жыў і быў,

Каб верыў, граў і дбаў!

І пачуццём крынічным наталяўся.

А слова — кветкавала і цвіло!

Каб у любові толькі свету кляўся.

А зло цішком у Лету адышло.

Так, гэта для яго ўжо было. Бо 8 лістапада 2018 года сышоў у вечнасць. Адолела цяжкая, невылечная хвароба. Аднак напісанае ім па-ранейшаму цвіце для тых, хто любіць сапраўдную паэзію.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.