Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Беларускія весляры напярэдадні чэмпіянату свету ў Венгрыі заваявалі дзевяць узнагарод на міжнародным турніры. Гэтыя і іншыя актуальныя навіны спорту — у штотыднёвым аглядзе «Звязды».


1. Дзевяць узнагарод заваявалі беларускія атлеты на маладзёжным і юніёрскім чэмпіянатах свету па веславанні на байдарках і каноэ ў Піцешці (Румынія). Залатымі медалісткамі сталі Алена Наздрова ў каноэ на 500 метраў сярод атлетаў да 23 гадоў і Вераніка Леанюк у веславанні на байдарках сярод юніёраў (U-19) на 200 метраў. Чэмпіёнкі свету таксама сталі ўладальніцамі яшчэ дзвюх узнагарод. Вераніка Леанюк заваявала «серабро» ў байдарцы на 500 метраў, а Алена Наздрова заняла трэцяе месца ў алімпійскім відзе праграмы для жанчын на 200 метраў у каноэ. Другое месца ў каноэ на 1000 метраў сярод юніёраў на сусветным форуме ў Румыніі занялі Уладзіслаў Палешка і Мацвей Шалак. Бронзавымі прызёрамі сталі Дарына Саланенка і Каміла Бобр у каноэ на 200 м (U-23), а таксама юніёры ў каноэ-чацвёрцы на 500 метраў — Уладзіслаў Палешка, Мікіта Агародны, Станіслаў Савельеў, Мацвей Шалак. У веславанні на байдарцы-двойцы на 500 метраў Ганна Пашчанка і Марыя Калугіна ўзышлі на трэцюю прыступку п'едэстала, Лізавета Вількова і Уладзіслава Скрыганава былі трэція ў катэгорыі да 23 гадоў. Галоўным стартам сезона ў веславанні на байдарках і каноэ стане дарослы чэмпіянат свету, які пройдзе з 21 да 25 жніўня ў венгерскім Сегедзе.


2. Арына Сабаленка не здолела перамагчы на турніры ў амерыканскім Сан-Хасэ з прызавым фондам 876 тысяч долараў. У вырашальным паядынку беларуска саступіла ў двух сэтах кітайскай тэнісістцы Чжэн Сайсай — 3:6, 6:7. Матч працягваўся 1 гадзіну 47 хвілін.

Да гэтага на спаборніцтвах у Сан-Хасэ Сабаленка абыграла амерыканку Кока Вандэвеге (6:3, 6:3), іспанку Карлу Суарэс Навара (3:6, 6:2, 6:4) і харватку Дону Векіч (6:4, 6:3). Для Арыны гэта быў сёмы фінал турніраў пад эгідай Жаночай тэніснай асацыяцыі — у трох з іх яна перамагала. Пасля турніру ў Сан-Хасэ Арына Сабаленка паднялася на 9-е месца ў сусветным рэйтынгу.

Раней у Сан-Хасэ ў паядынку 1/8 фіналу Вікторыя Азаранка саступіла харвацкай тэнісістцы Доне Векіч у двух сэтах — 4:6, 3:6. На старце турніру беларуска перайграла прадстаўніцу Францыі Армоні Тан — 6:2, 6:4.


3. Беларускія баскетбалісты паспяхова пачалі выступленне ў другім кваліфікацыйным раўндзе чэмпіянату Еўропы 2021 года. На старце турніру ў групе Е яны ўпэўнена выйгралі ў зборнай Албаніі з лікам 73:51. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Максім Салаш, які набраў 16 ачкоў. Свой наступны паядынак беларускія баскетбалісты правядуць 7 жніўня ў Мінску супраць датчан. 14 жніўня на сваёй пляцоўцы прымуць зборную Албаніі, а 17 жніўня беларусы завершаць турнір сустрэчай у Даніі. У асноўны адборачны раўнд выйдуць толькі пераможцы груп. Калі беларусы зоймуць першае месца, то трапяць у квартэт С, дзе іх сапернікамі будуць зборныя Літвы, Бельгіі і Чэхіі. Фінальны этап кантынентальнага першынства з удзелам 24 камандаў пройдзе ў жніўні 2021 года на арэнах Грузіі, Чэхіі, Германіі і Італіі.


4. Сталі вядомыя ўсе ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі Кубка Беларусі па футболе. У заключных матчах «Шахцёр» абыграў у Гомелі мясцовы «Лакаматыў» — 2:1, а мазырская «Славія» на сваім полі перайграла «Віцебск» — 3:1. Да гэтага ў чвэрцьфінал прабіліся жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», магілёўскі «Дняпро», барысаўскі БАТЭ, мінскае і брэсцкае «Дынама», а таксама «Іслач» з Мінскага раёна.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Да сустрэчы ў Сегедзе

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.