Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч прыняў удзел у пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім быў разгледжаны комплексны план развіцця адстаючых рэгіёнаў Беларусі.
Дакумент падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі сумесна з аблвыканкамамі, ён датычыцца 31 рэгіёна нашай краіны, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця.
«Асноўная задача — падцягнуць адстаючыя рэгіёны да сярэднерэспубліканскага ўзроўню. Гэта задача няпростая. Трэба стварыць умовы не толькі для рэальнага сектара, але і для прыцягнення працоўных рэсурсаў, зніжэння адтоку насельніцтва за кошт стварэння камфортных умоў для жыцця», — заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас.
Рабочая назва дакумента — план індустрыялізацыі адстаючых у развіцці рэгіёнаў, паведамляе прэс-служба Савета Міністраў. Аднак кіраўнік урада лічыць, што больш правільна казаць аб плане не індустрыялізацыі, а развіцця. «Бо развіццё тэрыторый можа быць звязана не толькі з прамысловасцю, але і са сферай паслуг, у прыватнасці з турызмам, што вельмі актуальна для адсталых рэгіёнаў», — растлумачыў ён.
У выніку выканання плана з групы адстаючых павінны выйсці 11 рэгіёнаў, яшчэ пяць — ушчыльную наблізіцца да выхаду з яе.
Міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой паведаміў, што ў плане развіцця мяркуецца ўключыць дастаткова шмат праектаў.
«На сённяшні дзень сфарміраваны пакет з 280 праектаў. Прыкладна 54 праекты будуць створаны з нуля, каля 80 — гэта інвестыцыі ў дзеючыя вытворчасці і 140 праектаў адносяцца да сферы інфраструктуры (каля 30 працэнтаў — прамысловая інфраструктура, астатняе — сацыяльныя аб'екты)», — расказаў ён.
Мінэканомікі мяркуе, што аб'ём інвестыцый, а, адпаведна, і ўсе астатнія паказчыкі (выручка на аднаго занятага, узровень заработнай платы) будуць расці вышэй, чым у сярэднім па абласцях, дзе гэтыя раёны размешчаны.
Па словах міністра, умовы для інвестараў у гэтых адстаючых рэгіёнах — адно з самых дыскусійных пытанняў. «Калі паглядзець цвяроза, то можна сказаць, што ўвесь пакет прэферэнцый там ужо дзейнічае. Усе раёны падпадаюць пад дзеянне Дэкрэта № 6 па малых гарадах і сельскай мясцовасці, там свой аб'ём падатковых ільгот. Частка раёнаў мае ўчасткі свабодных эканамічных зон, і там будуць рэалізоўвацца праекты, гэта якраз патрабаванне Прэзідэнта, мы ўвесь раён не зможам абвясціць СЭЗ, імі будуць аб'яўляцца канкрэтныя вытворчыя пляцоўкі, куды прыйдуць у першую чаргу прамысловыя прадпрыемствы», — растлумачыў Дзмітрый Крутой.
Паводле яго слоў, больш за 90 працэнтаў праектаў прафінансуюць беларускія інвестары. Астатняе возьмуць на сябе замежныя інвестары, а таксама міжнародныя фінансавыя арганізацыі, якія накіроўваюць сродкі ў першую чаргу на развіццё інфраструктуры, напрыклад, будаўніцтва станцый абезжалезвання вады ці перавод кацельняў на мясцовыя віды паліва, развіццё альтэрнатыўных відаў энергетыкі. Сродкі Сусветнага банка будуць выкарыстоўвацца для рамонту школ і бальніц.
План развіцця адсталых рэгіёнаў плануецца зацвердзіць пастановай Саўміна. Яго выкананне будуць маніторыць аблвыканкамы сумесна з урадам.
Акрамя 280 праектаў ёсць яшчэ 224 інвестыцыйныя прапановы. Гэта, па сутнасці, бізнес-ідэі, якія неабходна адпрацоўваць з зацікаўленымі, вызначаць крыніцы фінансавання і тэрміны. Гэта патэнцыйны пул інвестыцый, якія павялічаць эканоміку гэтых раёнаў, сказаў міністр.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.