Сёлетняе свята ўраджаю правялі ў колішняй рэзідэнцыі роду Сапег. Велічны палац, які нехта трапна назваў «беларускім Версалем», стаў каларытным фонам фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі. Менавіта каля сцен не так даўно адрэстаўраванага палаца разгарнуліся канцэртныя пляцоўкі, тэматычныя зоны, выязны гандаль і грамадскае харчаванне. Частавалі рознымі прысмакамі, трыумфатарамі выглядалі пірагі, смачныя булкі, разнастайная духмяная выпечка. Яно і вядома, хлебнае ж свята.
Брэстчына першая сярод рэгіёнаў краіны адзначала «Дажынкі», бо вобласць раней за іншых скончыла жніво. Сабраны неблагі ўраджай — 1 мільён 200 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 35,6 цэнтнера з гектара, што на 6,6 цэнтнера больш, чым летась. Афіцыйная частка святкавання пачалася з прывітання ад кіраўніка дзяржавы. Тэкст зачытаў старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый ІВАНОЎ. «Вы даказалі, што з'яўляецеся руплівымі гаспадарамі сваёй зямлі, умееце працаваць, вучыце цаніць і паважаць нялёгкую працу сялян», — гаворыцца ў прывітальным адрасе.
— І гэтыя словы прагучалі як найлепшая ацэнка вялікай працы на палях, — адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС.
У сваім выступленні кіраўнік вобласці ад імя ўсіх яе жыхароў падзякаваў хлебаробам. Асобныя словы пашаны прагучалі ў адрас лідараў па намалоце — аграрыяў Баранавіцкага і Пружанскага раёнаў. А самая высокая ўраджайнасць у гэтым годзе дасягнута ў Ляхавіцкім раёне — больш за 42 цэнтнеры з гектара. Зусім мала адсталі ад іх земляробы Баранавіцкага і Брэсцкага раёнаў.
Асаблівым момантам кожнага такога свята становіцца ўшанаванне перадавікоў, калі на сцэну ўздымаюцца героі жніва. Сёлета заслужаныя ўзнагароды атрымалі Іванаўскі, Пружанскі і Бярозаўскі раёны. Сярод гаспадарак найлепшымі прызнаны сельгаспрадпрыемствы «Міжлескі» Бярозаўскага раёна, «Агра-Моталь» Іванаўскага, «Ляхавіцкае Агра» Ляхавіцкага, а таксама «Чырвоны партызан» Маларыцкага, «Рубельскі» і «Церабяжоў Агра» Столінскага раёнаў. У якасці найлепшага камбайнера жніва-2019 на п'едэстал гонару запрасілі Аляксандра Мішчука з ААТ «Камароўка» Брэсцкага раёна. Пазней ён расказаў журналістам, што хлебаробскаму майстэрству яго вучылі бацька і дзед — апошні, дарэчы, сорак гадоў адпрацаваў трактарыстам. Вось і ўнук сельскага механізатара годна нясе хлебаробскую эстафету.
Цёпла павіншаваў брастаўчан са святам дажынак і падзякаваў за працу прэм'ер-міністр краіны Сяргей РУМАС. Ён адзначыў, што Брэстчына лідзіруе ў краіне па экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання, тым самым робіць важны ўнёсак у эканоміку краіны.
Да самага вечара гулялі-спявалі ў Ружанах. «Дажынкі» скончыліся, а гарадскому пасёлку застануцца на памяць пра свята добраўпарадкаваныя вуліцы, адрамантаваныя дарогі, палепшаныя аб'екты сацыяльна-культурнага прызначэння. «Галоўным упрыгожаннем населенага пункта з'яўляецца велічны палац Сапег, — падкрэсліў Анатоль Ліс, — для яго рэстаўрацыі яшчэ давядзецца шмат чаго зрабіць». А ў мінулую суботу каля палаца частаваліся самымі смачнымі ды прыгожымі караваямі.
Святлана ЯСКЕВІЧ, Пружанскі раён
Фота Аляксандра ШУЛЬГАНА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?