Вы тут

У Смалявічах і Рудзенску будзе актыўна весціся будаўніцтва кватэр для мінчан


Ні для кога не сакрэт, што тэрыторыі, якія знаходзяцца блізка ад індустрыяльнага парка «Вялікі камень», лічацца найбольш ліквіднымі. Перспектыва атрымаць жыллё (а ў далейшым і работу) у такім індустрыяльным месцы здаецца досыць павабнай. І нядзіўна, што на першы эксперыментальны дом у Смалявічах, а дакладней на 192 кватэры ў гэтым доме, прэтэндуе паўтары тысячы чалавек.


У сталіцы будуем усё менш

«Паводле аператыўнай інфармацыі, за студзень — жнівень гэтага года ў Мінску ўведзена 280 тысяч квадратных метраў жылля, што складае 42 % ад гадавога задання ўрада. Яго па выніках года плануецца выканаць у поўным аб'ёме», — заявіў начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Дзяніс Нікіцін у прэс-цэнтры БелТА.

Асноўнымі пляцоўкамі для будаўніцтва жылля ў сталіцы ў апошнія гады з'яўляюцца тэрыторыі, якія рэканструююцца са зносам малакаштоўнай індывідуальнай сядзібнай забудовы. Цяпер актыўнае асваенне вядзецца ў межах вуліц Шаранговіча — Гарэцкага — Рафіева, мікрараёнаў Лошыца і Чыжоўка. Спецыяліст адзначыў, што пачынаючы з 2015 года назіраецца тэндэнцыя скарачэння аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва, бо застаецца ўсё менш вольных пляцовак. Прадугледжана памяншэнне штогадовых аб'ёмаў новага будаўніцтва жылля да 600 тысяч квадратных метраў.

Менавіта таму былі вызначаны шэсць гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Гэта Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Смалявічы і Фаніпаль. Пры паэтапным скарачэнні аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва ў сталіцы тут плануецца рассяліць да 120 тысяч мінчан.

Момант ісціны для эксперымента

А вось мінчане з ліку чаргавікоў да канца наступнага тыдня змогуць азнаёміцца з поўнай інфармацыяй пра эксперыментальны дом.

«Да канца гэтага тыдня на сайце Мінгарвыканкама будзе размешчаная інфармацыя пра дом: арыенціровачны кошт квадратнага метра, агульныя характарыстыкі, колькасць кватэр і іншая цікавая інфармацыя, што датычыцца гэтага жылля», — сказаў Дзяніс Нікіцін. Зрэшты, ужо цяпер цікавасць да гэтага дома вялікая. Нават не ведаючы кошту квадратнага метра, некалькі тысяч чалавек звярнулася ў адміністрацыі раёнаў Мінска.

Мець магчымасць атрымаць кватэру ў гэтым доме могуць усе тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, незалежна ад даты іх пастаноўкі на ўлік (пры ўмове, калі яны здымуцца з чаргі ў сталіцы). Але перш за ўсё, вядома, будуць разглядацца заяўкі шматдзетных. Заказчыкам будаўніцтва выступае УКБ Мінгарвыканкама, падрадная арганізацыя — акцыянернае таварыства «МАПІД», які ўжо рыхтуе пляцоўку для забудовы. Гэта будзе тыпавы пяціпавярховы дом на 192 кватэры. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва — дзесяць месяцаў, таму налета будынак павінен быць здадзены ў эксплуатацыю.

Вызначаны крыніцы фінансавання ўзвядзення жылля, аб'ектаў сацыяльнай, інжынернай, транспартнай інфраструктуры, добраўпарадкавання тэрыторый у гарадах-спадарожніках. Прадугледжаны міжбюджэтны трансферт Мінска ў кансалідаваны рэспубліканскі бюджэт для накіравання ў бюджэт Мінскай вобласці на гэтыя мэты. Памер трансферту будзе зацвярджацца Мінгарсаветам дэпутатаў па ўзгадненні з Мінаблвыканкамам.

«З мэтай далейшага асваення гарадоў-спадарожнікаў цяпер уносяцца змяненні ва Указ № 103 у частцы павелічэння аб'ёмаў будаўніцтва жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Праект указа знаходзіцца на ўзгадненні», — дадаў Дзяніс Нікіцін. Гэта значыць, пакуль невядома, якія менавіта гарады-спадарожнікі ў яго будуць уключаныя, акрамя Смалявіч. Між тым у гэтым горадзе, па словах прадстаўніка сталічнай мэрыі, да 2022 года плануецца пабудаваць каля 150 тысяч квадратных метраў жылля. Колькасць дамоў і аб'ектаў вызначыцца пазней, на этапе праектавання.

Намеснік старшыні Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама, галоўны архітэктар Мінскай вобласці Вадзім Нікалаенка заўважыў, што сталічны рэгіён са свайго боку запытвае карэкціроўку генплана Смалявіч, Рудзенска і Фаніпаля — з мэтай павышэння камфорту пражывання (напрыклад за кошт зніжэння паверхавасці).

«Гэтую работу мы пачынаем сёлета. Спадзяюся, скончым у другой палове наступнага года», — дадаў ён. Паводле планавых разлікаў, да 2030 года ў Смалявічах павінна пражываць 23 тысячы чалавек. Пасля карэкціроўкі гэтая лічба можа зменшыцца, але запланаванае раней будаўніцтва спыняцца не будзе, унясенне карэкціровак будзе адбывацца паралельна. Пакуль сумарна ў Смалявічах плануецца ўзвесці каля 20 дамоў, з іх прыблізна для адзінаццаці аб'ектаў заказчыкам выступае УКБ Мінгарвыканкама.

Таксама Вадзім Нікалаенка патлумачыў, чаму Смалявічы і Рудзенск — першыя ў чарзе па асваенні праграмы гарадоў-спадарожнікаў. Для Рудзенска прычынай з'яўляецца размяшчэнне тут вытворчасці беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. А на рост Смалявіч уплыў аказвае Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Першы жылы дом на тэрыторыі парка больш чым на 150 кватэр павышанай камфортнасці ўрачыста здадзены ў канцы жніўня гэтага года. Вось так. Трэба і ў Смалявічах будавацца.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Смалявічы і Рудзенск — у першую чаргу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.