Вы тут

Ці атрымаюць беларусы дывідэнды з чэкаў «Маёмасць»?


Ледзьве не ў кожнай сям'і дагэтуль ляжаць дзяржаўныя сертыфікаты з выявай Мірскага замка і Пагоні з надпісам «Маёмасць». Для большасці гэта ўжо, хутчэй, сувенір з мінулага, аднак многія яшчэ памятаюць, што каштоўныя паперы можна абмяняць на акцыі прадпрыемстваў. Некаторыя ж імкнуцца ўвогуле выменяць іх на грошы. Ці можна гэта зрабіць, куды ўкласці сертыфікаты і ці варта чакаць да 2021-га, калі тэрмін абарачэння чэкаў скончыцца і можна будзе атрымаць за іх ад дзяржавы кампенсацыю? Усе гэтыя пытанні хвалююць нашага чытача Антона Жука з Нясвіжскага раёна, які мае 121 чэк, і, думаю, будзе не лішнім нагадаць пра гэта іншым беларусам, на руках якіх засталося 40 % з выпушчаных 427 мільёнаў сертыфікатаў.


Сертыфікаты — на акцыі... «па прапісцы» і сваяцтве

Чэкі «Маёмасць» з'явіліся ў Беларусі ў 1993 годзе падчас прыватызацыі. Да 1997-га іх маглі атрымаць ледзьве не ўсе паўналетнія беларусы і ўкласці паперы ў акцыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Сертыфікаты атрымалі 4,9 мільёна чалавек, а 37 % беларусаў (2,9 млн), якія мелі права на набыццё, не патурбаваліся зрабіць гэта.

Сёння вызначаны тэрмін заканчэння абмену чэкаў на акцыі — да 31 снежня 2020-га. Пасля — толькі кампенсацыя ад дзяржавы. Аднак «час Х» ужо неаднаразова пераносіўся, а сума грошай на кампенсацыю за чэкі, калі пералічваць яе па намінале сертыфікатаў, што быў устаноўлены ў 90-я, вызначалася б мільярдамі. На такі подзвіг бюджэт не здольны... Хіба што ў пераліку на дэнамінаваныя грошы. Што рабіць і чаго чакаць, «Звязда» пацікавілася ў Андрэя НАГОРНАГА, кансультанта ўпраўлення ўладальніцкага нагляду і абарачэння акцый Дзяржкаммаёмасці.

Першае, што можна зрабіць, — абмяняць чэкі на акцыі дзяржпрадпрыемстваў.

Тым больш што пасля чарговага прадаўжэння тэрміну абмену чэкаў на акцыі (меркавалася, што гэтая магчымасць знікне сёлета 30 чэрвеня) камітэт змясціў на сваім сайце спіс акцыянерных арганізацый, у якія можна ўкласці свае імянныя паперы. Праблема толькі ў тым, што трэба ўлічваць месца вашага жыхарства. У аддзяленні Беларусбанка па месцы рэгістрацыі чалавека можна атрымаць спіс прадпрыемстваў, куды ўкласці чэкі, аднак гэта не значыць, што гэтыя арганізацыі атрымліваюць вялікі прыбытак або ўвогуле будуць здольныя выплачваць наваспечанаму акцыянеру нейкія грошы. Так што разлічваць на абавязковыя дывідэнды і тым больш разглядаць іх як дадатковы капітал не прыходзіцца.

Яшчэ адзін шлях рэалізаваць чэкі — прадаць іх, аднак у гэтым выпадку скарыстацца паперамі новы ўладальнік зможа толькі на чэкавым аўкцыёне (калі ён будзе праводзіцца), як сродкам плацяжу. Набыць за іх акцыі ў Беларусбанку ці атрымаць кампенсацыю будзе немагчыма.

Каб усё ж выкарыстаць сертыфікаты і стаць акцыянерам, неабходныя імянныя чэкі або атрыманыя ў дар ці спадчыну, прычым толькі ад сваякоў: сваёй другой паловы, цешчы, бацькі, дзяцей, брата і іншых родных. Аднак злоўжываць атрыманнем сертыфікатаў не варта, паколькі кожны беларус зможа абмяняць на акцыі не больш як 250 чэкаў, перааформленых на яго роднымі. Падораныя чэкі, дарэчы, неабходна перааформіць на імя новага ўладальніка ў Беларусбанку, заплаціўшы за працэдуру 0,03 базавай велічыні (75 капеек).

44 капейкі і 167 мільёнаў

Цяперашні намінал сертыфіката — 44 капейкі, хоць на момант яго ўстанаўлення ў 2005-м лічба складала 4400 рублёў. Гэтая велічыня ў свой час выкарыстоўвалася Дзяржкаммаёмасцю, каб падлічыць, колькі чэкаў браць за адну акцыю прадпрыемства. Напрыклад, за адну акцыю арганізацыі МАПІД трэба аддаць адзін чэк, а за акцыю, скажам, кампаніі «Гомельтранс» — дзесяць. Так што гэта зусім не кошт чэка і не азначае, што за яго можна будзе атрымаць толькі 44 капейкі, як лічаць некаторыя ўладальнікі сертыфікатаў, але і не 4400 рублёў, гаворыць спецыяліст:

— Калісьці даўно існавала рэдакцыя закона аб чэках, дзе вызначалася, што чэк будзе індэксавацца па кошце, які меўся на дату завяршэння выдачы, — на той момант гэта было 100 рублёў (да апошняй дэнамінацыі). Сёння гэта была б адна капейка. Пасля гэты пункт адтуль прыбралі. Цяпер кошту чэка, па якім можа быць зроблена індэксацыя, проста не існуе. У сярэднім у людзей цяпер на руках па 85 імянных чэкаў.

А наогул, на руках у грамадзян цяпер 167 мільёнаў нявыкарыстаных чэкаў, за якія заканадаўча прадугледжана налічэнне кампенсацыі.

— Думаю, зыходзячы з магчымасцяў бюджэту і кіруючыся інфармацыяй ад Міністэрства фінансаў, мы прыдумаем нейкі механізм паэтапнасці выплат, расцягнуўшы іх на два-тры гады. Скажам, спачатку кампенсуюць сумы грамадзянам, старэйшым за 50 гадоў, пасля — 40-гадовым і гэтак далей. Што будзе з вынікамі чэкаў, як іх спісаць, па якім кошце (90-х гадоў ці сучасных) выдаваць кампенсацыю — усё гэта будзе прадугледжана ў адпаведнай пастанове, якая, магчыма, і з'явіцца налета, — кажа Андрэй Нагорны.

Калі рашэнне аб выплатах кампенсацый будзе ўсё ж афіцыйна зацверджана, тэрмін валодання чэкамі не будзе мець значэння пры налічэнні сумы, мяркуе спецыяліст. Тым больш што розныя варыянты выплаты па чэках неаднаразова прадумваліся. Імі прапаноўвалася, напрыклад, дазволіць разлічвацца за камунальныя паслугі ці аплачваць пэўныя тавары. Аднак найбольш верагодным сцэнарыем застаецца, як і раней, кампенсацыя.

Аднак чакаць яе, трымаючы чэкі пры сабе, і бегчы 1 студзеня 2021 года займаць чаргу на атрыманне грошай таксама не варта. Ніякай кампенсацыі ўвогуле можа не адбыцца, і сертыфікаты стануць проста звычайнай паперай — такі варыянт не проста не выключаны, а падаецца найбольш верагодным. Праект закона, якім прадугледжана адмена кампенсацыі, змешчаны на прававым партале, аднак пакуль не мае юрыдычнай сілы.

— Ёсць у вас чэкі — ідзіце і абмяняйце іх на акцыі, выбраўшы з пераліку прадпрыемстваў тое, што падыходзіць пад месца вашай рэгістрацыі, — раіць спецыяліст Дзяржкаммаёмасці. — Акцыя заўжды застаецца акцыяй, калі толькі арганізацыя не абанкруціцца. А чэк проста прападзе.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Чакаць нельга ўкласці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.