Федэрацыі хакея Беларусі і Латвіі абвяшчаюць старт конкурсу на распрацоўку талісмана чэмпіянату свету 2021 года, які прымуць гэтыя краіны. З 18 верасня да 18 кастрычніка 2019 года ўсім ахвотным неабходна даслаць свае работы на адрас mаsсоt@2021ііhfwm.соm, а ўжо з 19 кастрычніка да 8 снежня 2019 года спецыяльнае журы вызначыць пераможцу і лаўрэатаў конкурсу.
У журы, акрамя прадстаўнікоў нацыянальных хакейных федэрацый Беларусі і Латвіі, увойдуць зоркі спорту і шоу-бізнесу з сусветнымі імёнамі. Пра тое, каму ж трэба будзе выбіраць галоўны сімвал чэмпіянату свету ў кампаніі з Генадзем Савілавым, кіраўніком Аргкамітэта чэмпіянату свету — 2021 з беларускага боку, і Эдгарсам Бунцісам, які адказвае за падрыхтоўку форуму ў Латвіі, арганізатары конкурсу паведамяць дадаткова.
— Выбар талісмана — адзін з ключавых этапаў падрыхтоўкі маючага адбыцца чэмпіянату свету. Гэта вобраз, з якім сотні тысяч хакейных балельшчыкаў будуць асацыяваць і сам спартыўны форум, і нашу краіну, — адзначыў Генадзь Савілаў. — У 2006-м у Рызе такім сімвалам стаў бабёр Рыкс, у 2014-м Беларусь паўстала ў вобразе зубра Волата. Але сёння ў нашых краін ужо новы твар, таму мы шчыра спадзяёмся, што талісманам чэмпіянату свету 2021 года будзе зборны вобраз, які спалучае ў сабе традыцыі нашых краін, але разам з тым, будзе сучасны, дынамічны, яркі, як і ўвесь сусветны хакей.
Эдгарс Бунціс таксама пракаментаваў старт конкурсу:
— Падрыхтоўка да правядзення чэмпіянату свету па хакеі, які Беларусь і Латвія прымуць у 2021 годзе, вядзецца ўжо даўно, аднак конкурс на стварэнне талісмана з'яўляецца, бадай, адным з першых бачных крокаў для грамадскасці. Маскот — вельмі важны кампанент любога турніру, таму мы рады даць магчымасць балельшчыкам самім прыняць удзел у яго стварэнні. Няхай пераможа наймацнейшы!
Пераможца конкурсу атрымае камплект білетаў на дзве персоны на любыя пяць гульняў чэмпіянату па выбары пераможцы, а таксама атрымае экскурсію на дзве персоны па падтрыбунных памяшканнях афіцыйнай арэны чэмпіянату перад адной з гульняў.
Дар'я Лабажэвіч
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.